«Думаю, што ў найбліжэйшы час у Беларусі з’явіцца ці новая Канстытуцыя, ці мы пойдзем, як у вас прынята казаць, амерыканскім шляхам унясення паправак у Канстытуцыю», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Такую заяву лідар дзяржавы зрабіў падчас сустрэчы з удзельнікамі міжнароднай канферэнцыі «Сучаснае канстытуцыйнае развіццё: роля канстытуцыйнага кантролю ў канстытуцыяналізацыі права». Яна пачалася ўчора ў Мінску. Святочнае мерапрыемства прымеркавана да 25-годдзя галоўнага Закону краіны і ўтварэння Канстытуцыйнага суда Беларусі. Сярод замежных удзельнікаў — дэлегацыі з 11 краін. Сваіх прадстаўнікоў на мінскую канфэрэнцыю адправіў і незалежны кансультатыўны орган Савета Еўропы — Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія). Сёння гасцей мерапрыемства ў Палац Незалежнасці на акрытую, шчырую размову запрасіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
На сустрэчы прысутнічалі першы намеснік старшыні Венецыянскай камісіі Хёрдзіс Кьерульф-Торгейрсдоццір, старшыні Канстытуцыйных судоў Беларусі (Пётр Міклашэвіч), Латвіі (Інета Зіемеле), Балгарыі (Барыс Велчэў), Азербайджана (Фархад Абдулаеў), Босніі і Герцэгавіны (Златка Кнежэвіч). Расію прадстаўляў намеснік старшыні Канстытуцыйнага суда Сяргей Маўрын, Кыргызстан — Куанбек Кыргізбаеў, намеснік старшыні Канстытуцыйнай палаты Вярхоўнага суда, а Казахстан — старшыня Канстытуцыйнага савета Кайрат Мамі.
Сусветны вопыт для беларускай Канстытуцыі
Прэзідэнт адзначыў, што пытанні права ў кантэксце палітычнай сістэмы свету — тэма заўсёды актуальная і важная для стварэння справядлівага грамадства, дзе кожны грамадзянін знаходзіцца пад надзейнай абаронай дзяржавы, а непахіснасць палітычнага ладу гарантуе Асноўны Закон.
«Мы высока цэнім вашу гатоўнасць дзяліцца сваім вопытам у сферы канстытуцыйнага правасуддзя. Ён для нас, безумоўна, цікавы. Асабліва адзначу ўдзел у форуме Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права, з якой на сённяшні дзень мы выбудоўваем досыць канструктыўнае ўзаемадзеянне. Разлічваем на працяг міжнароднага супрацоўніцтва ў гэтай галіне», — сказаў лідар краіны і выказаў надзею, што добрыя адносіны з кіраўнікамі Канстытуцыйных судоў суседніх нам краін захаваюцца і далей.
Прыняты чвэрць стагоддзя таму Асноўны Закон надаў магутны імпульс станаўленню дэмакратычных інстытутаў у краіне, а яе равеснік — Канстытуцыйны Суд — спрыяе ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці.
Прэзідэнт расказаў, што асабіста прымаў удзел у распрацоўцы дзеючай беларускай Канстытуцыі: «Вы ведаеце, хоць нас часта пакрытыкоўваюць па розных кірунках, як і многіх з вас. Ці мала дэмакратыі, ці многа, ці мала правоў чалавека і так далей. Павінен заявіць вам, як былы парламентарый, які мае дачыненне да распрацоўкі Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай службы, што мы дасканалейшым чынам вывучылі канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста прымаў удзел».
Навацый у Асноўным Законе Беларусі няма, бо многія прынцыпы былі запазычаны ў канстытуцыях іншых краін — Францыі, Казахстана.
Асабліва Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на перайманне вопыту ў казахстанскіх калег. «Я Нурсултана Абішавіча [Назарбаева — Зв.] часам папракаю, калі ён пачынае мяне жартам крытыкаваць: «Ты паглядзі на сябе, на сваю Канстытуцыю. Я ў цябе яе палову перапісаў», — пажартаваў беларускі лідар.
Шматлікія пастулаты беларускай Канстытуцыі — вопыт суседніх нам краін. А яшчэ больш прынцыпаў дакумент запазычыў у аплотаў дэмакратыі — Францыі і ЗША. «Таму крытыкуючы нас, вы паглядвайце часам у канстытуцыі тых дзяржаў, у якіх мы вучыліся», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Развіваючы галоўны Закон, безумоўна, Беларусь зыходзіла і з тагачаснай рэчаіснасці.
Пры размове з замежнымі гасцямі Прэзідэнт звярнуў увагу на тую фрагментарную інфармацыю, якая вядома пра Беларусь у свеце: «У гэтай сувязі адкажу на пытанне, якое ў кожнага з вас, мабыць, ёсць наконт нейкага аўтарытарызма ўлады ў нашай краіне. Я ніколі гэтага не адмаўляў. Сапраўды ў нас прававая сістэма была выбудавана менавіта такім чынам, мэтанакіраваная на стварэнне, захаванне, умацаванне вертыкалі ўлады. Чаму? Таму што пасля распаду Савецкага саюза мы засталіся адзін на адзін».
Нагадаў кіраўнік дзяржавы пра тыя часы, калі у магазінах рэспубліцы, заўсёды забяспечанай прадуктамі народнага спажывання, былі пустыя полкі. «Есці няма чаго было, а мяне сталі вучыць дэмакратыі і рознага чыну правам чалавека ў галоднай краіне. Асноўнае права было чалавека — накарміць і апрануць людзей, чым я і займаўся».
Такая розная дэмакратыя
Па словах Прэзідэнта, для змен патрэбен час і «штурмам нічога не возьмеш». Як прыклад ён прывёў сітуацыю ва Украіне: «Багацейшая краіна не толькі ў Еўропе, але і свеце. Яны штосьці няправільна робяць? Да, усё робяць правільна. Так ці іначай мы ўсе ідзём на гэтым шляху. І нас таксама хтосьці звонку падштурхоўвае і гэтак далей. Але палітыка і палітыкі існуюць, каб прыстасаваць гэта для сваёй краіны. Таму галоўны фактар — гэта час».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што да дэмакратыі кожная краіна праходзіць асабісты шлях: хтосьці хутчэй, хтосьці павольней. Некаторыя краіны ўжо паспелі апячыся на гэтым шляху, нават у Еўропе.
«Ці вазьміце Французскую Рэспубліку — аплот дэмакратыі. Вы ведаеце, я не хацеў бы, каб у Беларусі падобнае адбывался. Гэта ў Францыі заўсёды прасунутай, спакойнай краіне! Паглядзіце, што адбываецца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Я на Мюнхенскай канферэнцыі аднойчы сказаў: «Вы, нас крытыкуючы, не забывайце наш вопыт, бо вам прыйдзецца ў якойсьці частцы вярнуцца да нашага вопыту, каб захаваць мір і стабільнасць у сваіх дзяржавах. Для народа галоўнае мір і стабільнасць, і права павінна на гэта працаваць перадусім».
Адносіны ў дзяржаве павінны будавацца на аснове закона. У гэтым кірунку дзейнічае Беларусь. Прэзідэнт запэўніў гасцей: «Дэмакратыі і свабоды ў Беларусі ніколькі не менш, чым у нашай роднай братэрскай Расіі, на Захадзе і далей, краінах развіваючыхся. Ніколькі не менш. Можа быць, мы больш жорстка патрабуем парадку».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што памылкі нашай краіне могуць каштаваць дорага. Вось чаму і рэформы мы прасоўваем павольна. Кіраўнік краіны падкрэсліў: «Крок за крокам. Ідзём як па тонкім лёдзе, як па лязу нажа. Каб не аступіцца, не дапусціць памылкі. Няма грошай потым на выпраўленне, да і часу няма. Адстанем — не дагонім».
Ісці павольна, але ісці — такі прынцып дзяржаўнай палітыкі нашай краіны.
Законы — «жывая» матэрыя
Найважнейшае паўнамоцтва Канстытуцыйнага суда — прыняцце штогадовых пасланняў аб стане канстытуцыйнай законнасці. Агучаныя ў іх высновы і прапановы па развіцці прававой сістэмы дзяржавы — значны фактар удасканалення нарматворчай і правапрымяняльнай дзейнасці.
«Законы — гэта жывая матэрыя. Яны чыняць лёсы людзей, краін і свету. Ад вас усіх, хто стварае, удасканальвае i, галоўнае, кантралюе iх выкананне, залежыць, наколькі гарманічна будзе развівацца сучаснае грамадства, наколькі справядлівы будзе свет, у якім мы жывем, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У апошні час адбываецца не зусім так. І да чаго гэта прыводзіць? Да гандлёвых войнаў, хаоса і гэтак далей, калі мы палітыкі гнедзём закон, прававыя акты, якія прызнаны ў свеце, на міждзяржаўным узроўні, над тымі пагадненнямі, якія заключаны і маюць сілу закону ў тых ці іншых дзяржавах, адбываецца вельмі дрэнна. Гэта канфлікты, гэта войны, слава Богу, пакуль толькі лакальныя ў тым ці іншым рэгіёне. Але ўсе мы ўпэўнены, калі так пойдзе далей, мы прыйдзем да новай сусветнай вайны».
Аляксандр Лукашэнка заклікаў прытрымлівацца законаў, захоўваць стабільнасць у свеце.
Міжнародная канферэнцыя праходзіць у Беларусі невыпадкова. Краіна не толькі адзначае 25-годдзе Канстытуцыйнага суда і Асноўнага Закона, але і знаходзіцца на парозе значных змен у сферы права.
«Зараз у нас перыяд, калі мы думаем пра новы этап развіцця ў сувязі з тым, што жыццё ідзе бурна, вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае крыху адставаць. Я папрасіў менавіна спецыялістаў Канстытыуцыйнага суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па магчымым удасканальванні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем», — паведаміў беларускі лідар.
Каментарый у тэму
Пасля размовы ў Прэзідэнта да журнЯкорьалістаў звярнуўся старшыня Кантытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч: «Кіраўнік дзяржавы ўжо пазначыў пэўнае бачанне змяненняў. Неабходна ўдасканаліць дзяржаўны механізм ўлады, каб усе галіны ўлады актыўна выконвалі свае функцыі. Для гэтага неабходна на канстытуцыйным узроўні зрабіць пэўнае пераразмеркаванне паўнамоцтваў і для ўрада, і для парламента. Адпаведна, стаіць пытанне аб тым, што ў Канстытуцыі вызначана сістэма дзяржаўнага ладу і неабходна выпрацаваць павышэнне эфектыўнасці дзяржавы ў цэлым. Гэта першы кірунак. Другое: неабходна удасканальванне, мадэжрнізацыя грамадства, каб актыўна ўдзельнічаў народ у выбарнай сістэме».
Першы намеснік старшыні Венецыянскай камісіі Хёрдзіс Кьерульф-Торгейрсдоццір адзначыла: «У дыскусіях, якія адбыліся паміж мной і Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, неаднарозова рабіўся акцэнт на важнасці грамадскіх абмеркаванняў, важнасці актыўнага ўдзелу грамадзянскай супольнасці ў дэмакратычных працэсах. Самая галоўная пагроза дэмакратыі — пасіўнасць грамадства».
Кайрат Мамі, старшыня Канстытуцыйнага савета Казахстана, адказваючы на пытанні карэспандэнтаў, расказаў: " Кожны раз, калі прыязджаем у вашу краіну, бачым вялікія пазітыўныя змены ў развіцці грамадства, дзяржавы, павышэнні дабрабыту грамадзян. Гэтаму спрыяе Канстытуцыя."
Ён упэўнены: «Канстытуцыя павінна быць кансерватыўнай. Але тым не менш канстытуцыя — не застылы арганізм, і калі яна адстае ад жыцця, значыць, узнікае неабходнасць перагляду, зменаў. Як я разумею, такая камісія ўжо працуе ў Беларусі».
Марыя ДАДАЛКА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanstytucyyny-sud-0