Удзельнікаў міжнароднага мерапрыемства віншавалі з борту міжнароднай касмічнай станцыі.
Прыемным сюрпрызам падчас правядзення ў пасёлку Бягомль Докшыцкага раёна стала віншаванне. Сюрпрыз арганізаваў расіянін Аляксандр Шыловіч, ветэран касманаўтыкі, палкоўнік у запасе, адзін з удзельнікаў мерапрыемства. Яно прайшло пад дэвізам “Радзіма — малая. Любоў — вялікая”. Семінар прысвячаўся юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У глыбінцы сабраліся вядомыя ўраджэнцы і выхадцы з гэтых мясцін. Яны жывуць у Беларусі, Расіі, Літве. Сярод іх нашчадкі тых, хто ваяваў з ворагам падчас ВАВ на бягомльскай зямлі…
Сабраць землякоў прапанаваў выпускнік бягомльскай сярэдняй школы Мікалай Печань, палкоўнік у адстаўцы, доктар гістарычных навук, прафесар, які жыве ў Маскве. За год актыўных пошукаў знайшоў тых, каму былы Бягомльскі і цяперашні Докшыцкі раёны — малая Радзіма. Па дапамогу звяртаўся ў камісарыят, мясцовы музей. І вось каля дваццаці чалавек прыехалі...
Сярод іх і масквічка, кандыдат філасофскіх навук Ніна Расцягаева. Яна — дачка камандзіра партызанскага атрада “Жалязняк” Івана Піліпавіча Ціткова, Героя Савецкага Саюза. Расіянка шчыра ўдзячная за запрашэнне прыехаць у Беларусь разам з братам. Сказала, што бацька шмат распавядаў пра вайну. Яна лічыць, што трэба больш пісаць пра тое, як нялёгка было перамагчы акупантаў
На тэрыторыі раёна дзейнічалі дзевяць партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. Больш за 3,5 тысячы мясцовых жыхароў змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах...
Валянціна Рандарэвіч, старшыня Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў канстатавала, што ў першыя дні Вялікай Айчыннай раён быў цалкам захоплены фашыстамі. Вайна нанесла вялікі ўрон раёну. Фашысты спалілі 107 вёсак, у тым ліку тры вёскі – Шунеўка, Азярцы, Залатухі – разам з насельніцтвам. Загінула звыш 20 тысяч чалавек, або кожны трэці жыхар раёна. Для параўнання, на сёння ў Докшыцкім раёне пражываюць каля 22,5 тысячы чалавек.
Узяў удзел у семінары і Герой Расійскай Федэрацыі, контр-адмірал Уладзімір Дронаў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Воўча Бягомльскага сельсавета Докшыцкага раёна. Распавёў пра свайго бацьку, сібірака, які ваяваў у фінскую, штурмаваў Берлін. Контр-адмірал у 1990-2001 гадах быў камандзірам злучэння атамных падлодак Паўночнага Флоту. Браў удзел ў каля дзесяці дальніх паходах, у тым ліку ў Арктыку. У Беларусь прыязджае разам з жонкай некалькі разоў штогод.
Удзельнікі семінара перадалі шмат падарункаў у Бягомльскі музей народнай славы. Адкрылі сквер ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі. На тэрыторыі мемарыяла, прысвечанага памяці спаленай вёскі Шунеўка, арганізавалі жалобны мітынг.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/byagoml
[5] https://zviazda.by/be/tags/partyzanski-ruh