Беларусы Крыма памятаюць: менавіта ў гэтай “краіне сьветлай”, “у белым доме ля сіняй бухты” адышоў у Вечнасць 25 мая 1917 года наш вялікі супляменнік Максім Багдановіч
І ў зімовую пару, калі нарадзіўся Максім, і напрыканцы мая, калі абарваўся зямны шлях маладога класіка беларускай літаратуры, мы ладзім вечарыны яго памяці. Летась адзначалі й 105‑годдзе з часу выхаду адзінай прыжыццёвай кнігі “Вянок” Максіма Багдановіча. І назва майго артыкула ўзята з верша “Летапісец”, з нізкі “Старая Беларусь”, што змешчана ў “Вянку”. Што ж, услед за паэтам і мы, асабліва з гадамі, задаемся пытаннямі: хто мы такія? хто былі нашы продкі? Адкуль вядзецца наш радавод? Разумеючы вялікую сілу, што лучыць пакаленні, мы імкнемся адшукаць свае карані.
Пра малую радзіму Максіма Багдановіча, ягоных папярэднікаў мы гаваралі й на традыцыйнай леташняй сустрэчы беларусаў Ялты й Алушты ў дзень нараджэння паэта. Імпрэза праходзіла ў аддзеле “Культура Ялты ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя” Ялцінскага гістарычна-літаратурнага музея. Адкрываючы сустрэчу, Людміла Іванова — яна кіраўніца музея, што месціцца ў гасцінным, прыгожым доме па вуліцы Екацярынінская, 8 — адзначыла: ужо 27 гадоў нязменна збіраюцца сябры-беларусы, каб ушанаваць памяць вялікага сына беларускай зямлі, зноў і зноў дакрануцца да духоўнай спадчыны паэта.
Праводзячы ў Крыме літаратурныя вечарыны, фестывалі з нагоды памятных датаў на жыццёвым і творчым шляху паэта, мы, як вядома, найчасцей згадваем Мінск, дзе нарадзіўся ён у 1891 годзе. Яшчэ — Гродна, дзе сям’я Багдановічаў жыла з 1892 па 1896 год. Потым, ведаем, былі Ніжні Ноўгарад і Яраслаўль, дзе таленавіты юнак станавіўся паэтам. Памятаем пра Вільню, дзе друкаваўся яго “Вянок”, узгадваем і фальварак Ракуцёўшчыну на Маладзечаншчыне, дзе Максім летам 1911‑га з галавой акунуўся ў жыццё беларускай глыбінкі, адчуў велізарную прыгажосць і сілу спрадвечнай беларускасці ды выдыхнуў думкі й пачуцці, што яго перапаўнялі, у несмяротных, дзіўнай красы вершах. І вось у плыні Года малой радзімы, які быў абвешчаны ў Беларусі ў 2018‑м, а доўжыцца й сёлета, мы вырашалі больш падрабязна пагаварыць пра малыя радзімы продкаў пісьменніка.
Радавод па бацькоўскай лініі
Наша віртуальная вандроўка пачыналася з вёскі Касарычы, што ў Глускім раёне на Магілёўшчыне — раней то быў Бабруйскі павет. Якраз там пачынаецца радавод Максіма Багдановіча па бацькоўскай лініі — ад прапрадзеда Сцяпана Багдановіча. Прозвішча ён атрымаў ад айчыма Нікіфара Багдановіча. А народжаны быў з прозвішчам Скокліч. Лёс роднага бацькі Сцяпана пакуль невядомы. Прадзед Максіма, Лук’ян Сцяпанавіч Багдановіч, таксама ў той вёсцы жыў і служыў пры памеснай сядзібе садоўнікам. Там жа нарадзіўся і дзед Максіма — Ягор Багдановіч. І цяпер у той маляўнічай мясцовасці ля рэчкі Пціч знойдзеш родзічаў паэта па прозвішчы Кормаз. А галіна радаводу Кормазаў лучыцца з Багдановічамі праз дачку Хрысцю роднага брата дзеда Ягора, якога звалі Фёдар (Фронка): гэта значыць, пра Хрысціну Фёдараўну, у дзявоцтве Багдановіч.
Далей пуцяводная нітка роду Багдановічаў павядзе нас у мястэчка Халопенічы Барысаўскага павета: цяпер Крупскі раён Міншчыны. Туды Ягора Багдановіча прывёз памешчык Лапа — як дваравога кухара ў прыдбаны маёнтак. У Халопенічах дзед паэта Ягор Лук’янавіч Багдановіч пабраўся шлюбам з Анэляй (Ганнай) Фаміной Асьмак: будучай бабуляй паэта. І 20 сакавіка 1862 года ў іх сям’і нарадзіўся бацька паэта: Адам Багдановіч. У 1874 годзе юнак закончыў народную вучэльню ды як лепшы вучань у зімовы перыяд 1874–1876 гадоў дапамагаў навучаць дзяцей Халопеніч свайму настаўніку Якімовічу. Вось так у свае 12 гадоў і прыдбаў першы настаўніцкі досвед. Не ўсе ведаюць: з 1879 па 1882 год Адам вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі — той самай, дзе пазней вучыўся й Кастусь Міцкевіч (будучы Якуб Колас). З часам Адам Ягоравіч стаў вядомым этнографам, фалькларыстам, мовазнаўцам, гісторыкам.
Іншым разам, паўтараючы вядомыя факты, мы не задумваемся: а што паспрыяла такім зацікаўленасцям местачковага хлопца? Сёння ж ведаем: з маленства ён чуў усюды беларускую мову, з вуснаў сваёй маці Анэлі слухаў народныя песні, казкі. Яна ж атрымала тыя паэтычна-песенныя скарбы ў спадчыну ад сваёй матулі: Рузалі Казіміраўны Асьмак. Прабабуля паэта была таленавітай носьбіткай, зберагальніцай народнай даўніны: абрадаў, звычаяў, варожбаў, паданняў, прыказак і прымавак, загадак ды іншага. Яна была вядома ў Халопеніцкай акрузе яшчэ як варажбітка-знахарка, да яе прыходзілі па параду, калі трэба было прыняць важнае рашэнне, і ва ўрачыстых выпадках запрашалі быць распарадчыцай.
Многае з тае духоўнае спадчыны, якую зберагалі ў сям’і, было запісана Адамам Ягоравічам, апрацавана і надрукавана. Менавіта багатая вусна-паэтычная творчасць маці й бабулі паўплывалі на прафесійную дзейнасць бацькі паэта. Потым, скажам сучаснаю моваю, моцнае энергетычнае поле тых багатых духоўных традыцый местачковых жанчын фармавала й чуллівую душу іх унука й праўнука Максіма. Да таго ж навуковыя працы бацькі, яго фальклорныя запісы ён потым знаходзіў на паліцах хатняй бібліятэкі. Так што каштоўныя скарбы зрабілі сваю справу: Максім улюбіўся ў беларускую мову, хоць жыў далёка ад Бацькаўшчыны. А якраз пад уплывам казак і паданняў прабабулі Рузалі ды бабулі Анэлі стварыў потым нізку вершаў “У зачарованым царстве”.
На вечарыне ў Ялце мы згадалі, што на малой радзіме бацькі паэта, у гарадскім пасёлку Халопенічы, на 135‑я ўгодкі Адама Багдановіча быў пастаўлены яму помнік (скульптар У. Лятун, архітэктары С. Малюк, Ю. Казакоў). У мясцовай сярэдняй школе імя Максіма Багдановіча створаны музей, экспанаты якога расказваюць пра сям’ю Багдановічаў.
Радавод па мацярынскай лініі
Ёсць на Уздзеншчыне — Мінская вобласць — вёска Мякоты. І якраз Мякота — дзявочае прозвішча маці паэта, Марыі Апанасаўны. Даследчыкам генеалагічнага дрэва паэта па лініі маці прыйдзецца яшчэ папрацаваць у архівах, каб заглянуць далей у мінулае й дакладна вызнаць сувязь названага тапоніма й прозвішча прашчураў Максіма. З біяграфічных даведнікаў нам вядома, што ў той вёсцы жыў прадзед паэта: Іван Мякота. Ён быў уніяцкім святаром і служыў у царкве вёскі Возера. Яго сын, Апанас Іванавіч, нарадзіўся ў той вёсцы, хрышчаны быў у царкве вёскі Даўгінава ў 1814 годзе. Удзельнічаў у Крымскай вайне (1853–56), за адвагу быў узнагароджаны медалём і пажыццёвым шляхецкім званнем.
З часам дзед паэта, Апанас, пераехаў на сталае жыццё ў горад Ігумен (цяпер гэта райцэнтр Чэрвень Мінскай вобласці), дзе пачаў выконваць абавязкі губернскага сакратара, працягваў і працаваць наглядчыкам ігуменскай павятовай бальніцы. Там ён уступіў у шлюб з Таццянай Восіпаўнай Малевіч — дачкой святара, якая грала на гітары, спявала, танцавала. І тую любоў да музыкі маці генетычна перадала сваёй дачушцы Марыльцы, якая нарадзілася ў 1869 годзе. А яшчэ ў Марыі былі й літаратурныя здольнасці: у 1893 годзе “Гродненские губернские ведомости” надрукавалі яе апавяданне “Напярэдадні Каляд”.
У сям’і Мякотаў было пяцёра дзяцей, і пасля смерці мужа ўдава была вымушаная аддаць траіх дзяцей у мінскі прытулак. Прыгожую, адароную Марыю заўважыла апякунка прытулку, жонка мінскага губернатара Ларыса Пятрова. Яна ўзяла яе да сябе ў дом і потым паслала вучыцца ў жаночае Аляксандраўскае вучылішча, далей — у жаночую Настаўніцкую школу ў Пецярбург. Так што, як бачым, маленькі Максім атрымаў выхаванне зусім не вясковае. Праўда, маці яго памерла маладою — 4 кастрычніка 1896 года ў Гродне: хлопчыку не было й пяці гадоў.
Цяпер у гонар Марыі Мякоты-Багдановіч на фасадзе старога будынку Чэрвеня, дзе месціцца стаматалагічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар — Генадзь Матусевіч). Якраз там у свой час працаваў наглядчыкам павятовай бальніцы Апанас Мякота. Мясцовы руплівец-краязнаўца Уладзімір Дарагуш у 2006 годзе адшукаў у Чэрвені на старых могілках магілу дзеда паэта. У адным з інтэрв’ю ўдакладняе: пабачыў камень на цэнтральнай алеі паміж двума агароджамі, надпіс на ім прачытаў: “Прах раба божиего Афанасія Ивановича Мякото. Умер 1878 года, 12 января”. І далей: “Магіла ўрослая ў зямлю, на ёй шыпшына расце. Літары я працёр мокрым пяском, яны вельмі выразныя. Пасыпаў жоўтым пяском магілу, вянок паклаў”. Адна з вуліц Чэрвеня носіць імя Максіма Багдановіча.
Вялікая сіла малых радзім
У Мінску пазнаёміліся будучыя бацькі паэта. Паводле даведкі святара Хмарына-Гарадзецкай царквы Мінскага павета Пашкевіча, Марыя Апанасаўна Мякота павянчалася 30 кастрычніка 1888 года з настаўнікам 1‑га прыходскага Мінскага вучылішча Адамам Ягоравічам Багдановічам. На вуліцы Аляксандраўскай (цяпер вуліца Максіма Багдановіча) у доме Карказовіча, у якім змяшчаліся вучылішча й настаўніцкія кватэры, і нарадзіўся 27 лістапада (9 снежня) 1891 года будучы паэт.
А свой зямны шлях Максім Багдановіч закончыў у Ялце. Мы шануем імя слаўнага сына беларускай зямлі. У той снежаньскі дзень 2018‑га згадвалі яго жыццёвы й творчы шлях, чыталі вершы з “Вянка”, дзяліліся ўспамінамі пра свае малыя радзімы. Заслужаная работніца культуры Крыма Святлана Краўцова згадала славуты Мірскі замак, вакол якога бегала басанож і цікавілася мясцовымі паданнямі Карэліцкай зямлі, чытала на імпрэзе свае вершы. Старшыня Ялцінскай беларускай грамады “Белая Русь” — заслужаны мастак Аўтаномнай Рэспублікі Крым, уражэнец Камянецкага раёна Пётр Якубук расказваў пра гераічнае мінулае свайго краю ды ваеннае ліхалецце, праз якое з дзяцінства мае інваліднасць. Пётр Рыгоравіч закончыў Мастацкае вучылішча ў Мінску, прысвяціў сябе прыгожай справе: ювелірнаму мастацтву. І сёлета — 50‑годзе яго творчай дзейнасці.
Непаўторным, захапляльным было выступленне выкладчыц Ялцінскай гуманітарна-педагагічнай акадэміі Ірыны Чырыч і Алены Макаравай. З Ірынай мы “пабывалі” на Гомельшчыне: у Мазыры й Петрыкаве. Алена знаёміла са сваёй раднёй, у тым ліку й бацькам, народным артыстам Украіны Віктарам Аляксандравічам Паўлоўскім, які нарадзіўся ў Мінску. У іх выкананні гучалі аўтарскія песні Ірыны Чырыч.
Пра славутых землякоў, помнікі гісторыі Аршаншчыны пачулі мы ад старшыні Ялцінскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Крыма Людмілы Кулік-Кураковай, захапляліся яе вершамі. На сустрэчу яна запрасіла й сваіх калег. У выступленнях Наталлі Маркавай, Вольгі Сіманавай, Ніны Івановай, Наталлі Охці, Наталлі Цімафеевай, Вольгі Васільевай таксама гучалі беларускія матывы. Хтосьці быў у Беларусі па справах, гасцяваў у сяброў ці вандраваў. Усе казалі аб прыгажосці Беларусі, гасціннасці яе народа. На сустрэчы гучалі вершы на беларускай, украінскай, рускай мовах. Ажно чатыры гадзіны доўжылася сустрэча сяброў, шанавальнікаў высокай паэзіі, не адпускалі нас і згадкі пра любыя сэрцу мясціны Бацькаўшчыны. Усіх нас паяднаў Максім Багдановіч. Завяршалася імпрэза духмянай гарбатай і супольным выкананнем славянскіх песень. Як тут не згадаць словы паэта: “Нашто ж на зямлі/ Сваркі і звадкі, боль і горыч,/ Калі ўсе мы разам ляцім/ Да зор?”
А падрыхтаваў і правёў сяброўскую імпрэзу на роднай мове я — працаўнік санаторыя “Голдэн” (які, дарэчы, летась адзначыў 60‑годдзе), ураджэнец Буда-Кашалёўшчыны, заслужаны работнік культуры Крыма.
Віталь Бартохаў, старшыня беларускай суполкі “Сябрына” ў Алушце
Ад рэдакцыі. Пра дату Памяці Максіма Багдановіча, “пакутніка, да якога й бацька не завітаў у Ялту” — згадаў у нядаўнім пісьме ў рэдакцыю наш сябар, паэт і краязнаўца Сяргей Панізьнік. І яшчэ адну добрую дату знайшоў гэты руплівец у часопісе “Новы Шлях” (№ 1, 1944, Рыга): “Там Кастусь Езавітаў згадвае дату першай публікацыі ВЕРША паэта ў “Нашай Ніве”: 1909 год. То, значыць, 110 гадоў прамінула. Паколькі ж няпроста ішлі вершы юнага Максіма ў друк, то Сяргею Палуяну варта паслаць светлую думку, падзякаваць за ўвагу да замежніка”.
Сяргей Панізьнік даслаў нам і малюнак Максіма Багдановіча, які зрабіў у Львове ў 1966 годзе мастак Рыгор Фралоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy