На самай справе "Чарнобыль" ужо даступны на беларускім відэасэрвісе VOKA ў звыклай версіі - яго можна паглядзець у раздзеле AMEDIATEKA. Аднак VOKA сумесна з "Амедиа ТВ" працуе над беларускай агучкай і ўжо ў пачатку ліпеня абяцае прадставіць прафесійна агучаную стужку ў раздзеле "CINEVOKA - кіно па-беларуску", гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
"Чарнобыль" створаны паўночнаамерыканскай тэлекампаніяй HBO і ўжо стаў свайго роду бэстсэлерам. Серыял апавядае пра падзеі 1986 года. Але гэта не чыста дакументальнае кіно. "Чарнобыль" узнаўляе падзеі адразу пасля аварыі на АЭС, распавядаючы пра ахвяраў, прынесеных дзеля ліквідацыі яе наступстваў і прадухілення яшчэ большай бяды. Сцэнар да фільма напісаў Крэйг Мазін па матывах архіўных крыніц і сведчанняў відавочцаў. Здымкі серыяла праходзілі ў Літве і Кіеве, а таксама на Ігналінскай АЭС, пабудаванай па падобным праекце.
"Міні-серыял "Чарнобыль" — гэта паражальная сваёй рэалістычнасцю і драматызмам хроніка адной з самых страшных тэхнагенных катастроф у сусветнай гісторыі. Самыя цяжкія наступствы выбуху прыняла на сябе менавіта тэрыторыя Беларусі. Гэтая акалічнасць прымушае беларускіх гледачоў ставіцца да серыяла з асаблівай увагай: бо ўсё, што адбываецца ў кадры - частка іх агульнай гісторыі і агульнай трагедыі. Непасрэдная ўзаемасувязь падзей міні-серыяла і адной з самых драматычных старонак беларускай гісторыі і стала галоўнай прычынай для таго, каб даць гледачам VOKA магчымасць глядзець яго на беларускай мове", - адзначылі прадстаўнікі відэасэрвісу.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/charnobyl
[2] https://zviazda.by/be/tags/seryyal
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-aguchka