Кіраўніца культурна-асветніцкага аб’яднання “Масты” Вольга Штокман ініцыявала ўзвядзенне ў Мінску помніка, прысвечанага прадстаўнікам нямецкай дыяспары
У Лютэранскім скверы па вуліцы Карла Лібнехта ў Мінску 14 мая адкрыты памятны знак у выглядзе кнігі. На адной яе старонцы выгравіравана выява нямецкага пасялення з кірхай у цэнтры, на другой — роза Лютэра й надпіс: “На гэтым месцы ў XVІІ — XІX стагоддзях знаходзілася Нямецкая слабада й лютэранская царква”. Помнік быў зроблены ў мемарыяльнай майстэрні Аляксандра Бярэзки ў Мінску.
Ідэя стварэння помніка, яе вонкавага выгляду належаць Вользе Штокман, якая ўзначальвае Культурна-асветніцкае аб’яднанне нямецкай культуры “Масты” і адначасова лютэранскую абшчыну ў Мінску. Яе падтрымалі лютэранская царква Германіі ды Амбасада ФРГ у Беларусі. Амбасадар Петэр Дэтмар прысутнічаў на цырымоніі адкрыцця помніка. Вольга Ігараўна вельмі ўдзячная й Мінгарвыканкаму, які дазволіў увекавечыць памяць немцаў, што раней жылі ў Мінску ў тым раёне.
Цяпер яна стараецца, каб побач з Кнігай памяці былі ў хуткім часе ўстаноўлены банеры з кароткімі гістарычнымі звесткамі пра Нямецкую слабаду ў Мінску на беларускай, нямецкай і ангельскай мовах. На іх Вольга Штокман хоча растлумачыць і што такое роза Лютэра, якая ёсць на помніку.
Мы ж даведаліся: роза Лютэра — шырока вядомы сімвал лютэранства. Гэта была пячатка, распрацаваная спецыяльна для Марціна Лютэра па загадзе саксонскага князя Іаана-Фрыдрыха ў 1530 годзе, калі Лютэр знаходзіўся ў Кобургскай крэпасці ў час Аўгсбурскага рэйхстага. Лютэр успрымаў пячатку як кароткі пераказ сваёй тэалогіі ды веры.
Вольга Штокман лічыць, што людзі мала ведаюць пра асобу Марціна Лютэра ў Беларусі. У другой палове XІX стагоддзя ў Мінску стаялі дзве лютэранскія кірхі — адна з іх у Нямецкай слабадзе, дзе жыло каля 2 тысяч немцаў. Вуліцы ў тым раёне называліся: Нямецкая, Лютэранская і Малая Лютэранская. Пазней Нямецкая стала вуліцай Розы Люксембург, Лютэранская — Волаха, Малая Лютэранская цяпер носіць імя Клары Цэткін. Пра Нямецкую слабаду ў Мінску сёння нагадвае Лютэранскі сквер — на месцы былых лютэранскіх могілак. Вольга Штокман, якая добра ведае гісторыю гэтага месца, вырашыла пазначыць яго памятным знакам. Яна імкнецца, каб у Беларусі памяталі, што немцы й беларусы жылі ў згодзе на яе тэрыторыі на працягу многіх гадоў.
Праект “Дыялог”, які рэалізуе суполка “Масты” на чале з Вольгай Штокман, прадаўжае дыялог культур, рэлігій, традыцый і гісторыі абодвух народаў.
Ганна Лагун
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy