Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк прадставіў членам Савета Рэспублікі Дэкрэт № 3 «Аб дадатковых мерах па барацьбе з карупцыяй».
Выступаючы перад сенатарамі, ён адзначыў, што барацьба з карупцыяй у нашай краіне — не разавая, а пастаянная і мэтанакіраваная праца. Сведчаннем гэтага з'яўляецца рост колькасці выяўленых фактаў такога кшталту злачынстваў.
— Штогод рэгіструецца каля дзвюх тысяч карупцыйных злачынстваў. Да адказнасці прыцягваецца каля тысячы службовых асоб. З аднаго боку, гэта дрэнна. Любое карупцыйнае злачынства выклікае абурэнне ў краіне ў цэлым і на месцах у прыватнасці. З другога боку, у масе злачынстваў агульнага характару на долю карупцыі прыпадае невялікі працэнт. Летась у параўнанні з 2017 годам колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў прырасла на траціну. Мы канстатуем, што распаўсюджаны факты хабарніцтва, злоўжывання і перавышэння ўлады і службовых паўнамоцтваў.
Аляксандр Канюк падкрэсліў, што барацьба з карупцыяй павінна быць рашучай і бескампраміснай на ўсіх узроўнях. Генеральны пракурор нагадаў, што Дэкрэт выдадзены для ўзмацнення мер адказнасці за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў. У адпаведнасці з ім асобы, асуджаныя за гэта, не падлягаюць прадстаўленню да ўмоўна-датэрміновага вызвалення або замене неадбытай часткі пакарання больш мяккім.
— Што да ўлічаных карупцыйных злачынстваў, то высветлены матэрыяльны ўрон на суму больш за 22 мільёны рублёў. Ён кампенсаваны на 11,9 мільёна. Арышт на маёмасць абвінавачаных і іншых датычных асоб быў накладзены на агульную суму звыш 30 мільёнаў рублёў. Гэта дазволіла забяспечыць пакрыццё нанесенай шкоды.
Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рахманаў падкрэсліў, што дэкрэт — гэта важны крок у барацьбе з карупцыяй, краевугольны камень ва ўсёй сістэме антыкарупцыйнага заканадаўства.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/baracba-z-karupcyyay
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-kanyuk