Тэхналогія актыўна разгортваецца ў сусветным маштабе.
Міністэрства прамысловасці і інфарматызацыі КНР выдала ліцэнзіі на камерцыйнае выкарыстанне тэхналогій сувязі пятага пакалення (5G), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Такім чынам, Кітай афіцыйна ўвайшоў у эпоху камерцыйнага выкарыстання 5G. Паведамляецца, што цяпер 5G уступае ў ключавы этап камерцыйнага выкарыстання ў сусветным маштабе. Ужываючы свае інавацыі і ажыццяўляючы адкрытае супрацоўніцтва, Кітай набыў канкурэнтныя перавагі ў гэтай галіне.
Старшы інжынер Акадэміі інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій Кітая (CAICT) Гун Даніна паведаміў, што ініцыяваныя Кітаем канцэпцыя, сфера прымянення і тэхнічныя паказчыкі, звязаныя з 5G, ужо ўвайшлі ў навуковае вызначэнне сувязі пятага пакалення Міжнароднага саюза электрасувязі.
Па стане на май 2019 года 28 прадпрыемстваў у свеце падалі заяву на атрыманне патэнтаў на стандарты ў сферы 5G, на долю кітайскіх прадпрыемстваў прыйшлося больш за 30 працэнтаў такіх заявак, па гэтым паказчыку Кітай заняў першае месца ў свеце.
Разам з тым Кітай запусціў эксперымент па правядзенню навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у сферы 5G і паскорыў працэс распрацоўкі і ўкаранення ў вытворчасць абсталявання. На цяперашні момант КНР знаходзіцца ў першых шэрагах у свеце па вытворчасці абсталявання тракта прамежкавай частоты, 5G-тэрмінальных чыпаў і смартфонаў з падтрымкай 5G.
Як паведамілі ў ведамстве, дзякуючы намаганням прамысловых колаў, кітайскія тэхналогіі і прадукты ў сферы 5G становяцца больш сталымі, галоўныя звёны вытворчага ланцужка дасягнулі ўзроўню камерцыйнага выкарыстання і набылі неабходныя ўмовы для камерцыялізацыі.
На працягу многіх гадоў кітайскія прадпрыемствы ўносілі актыўны ўклад у развіццё глабальнай мабільнай сувязі, пры гэтым Кітай таксама запазычаў вопыт іншых краін у даследаванні і паспяховым укараненні тэхналогій 5G. Гун Даніна заявіў, што Кітай нязменна прытрымліваецца ідэй адкрытасці, талерантнасці, супрацоўніцтва і ўзаемнага выйгрышу і сумесна з глабальнымі партнёрамі прасоўвае наперад развіццё тэхналогіі.
У 2013 годзе Кітай стварыў рабочую групу IMT-2020 5G, членамі якой сталі шэраг вядомых замежных прадпрыемстваў, такіх як Ericsson, Nokia, Qualcomm, Intel і Rohde and Schwarz. Дзякуючы дадзенай платформе кітайскія і замежныя кампаніі сумесна правялі даследаванне і тэставанне тэхналогій і прадуктаў 5G, а таксама распрацавалі тэхнічныя стандарты і нарматывы выпрабаванняў.
Nokia, Ericsson, Qualcomm і Intel прынялі паглыблены ўдзел у этапе тэставання тэхналогій. Сусветныя кампаніі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у сферах сістэм абсталявання, чыпаў, тэрміналаў і кантрольна-вымяральных прыбораў, узаемна супрацоўнічаюць і сумесна развіваюцца, што адыграе важную ролю ў паскарэнні развіцця вытворчай ланцужкі 5G Кітая.
У сусветнай індустрыі мабільнай сувязі сфармавалася структура, згодна з якой прадпрыемствы ўсіх краін аб’ядноўваюць намаганні для дасягнення ўзаемнай выгады і ўзаемнага выйгрышу. У эпоху 4G многія замежныя кампаніі выйшлі на кітайскі рынак мабільнай сувязі і ўсталявалі спрыяльныя адносіны супрацоўніцтва з кітайскімі аператарамі сувязі. Яны сталі важнай складовай часткай кітайскага рынку мабільнай сувязі, зрабіўшы важны ўклад у развіццё гэтай індустрыі ў Кітаі.
Паводле слоў Гун Даніна, Кітай мае намер як і раней вітаць актыўны ўдзел замежных прадпрыемстваў у будаўніцтве сеткі і ўкараненні 5G, працягваць паглыбляць супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, сумесна планаваць інавацыйнае развіццё і дзяліцца вынікамі развіцця краіны ў гэтай сферы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn/
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya