Вялікая зборная сібірскіх бардаў прыедзе ўпершыню на міжнародны музычны фестываль "Вялікая бард-рыбалка", які пройдзе дзясяты раз 26-28 ліпеня ў пасёлку Грудзічына Быхаўскага раёна на беразе Чыгірынскага вадасховішча, паведаміла [1] БЕЛТА арт-дырэктар бард-рыбалкі Вольга Залеская.
Такое рашэнне прынята аргкамітэтам фестывалю аўтарскай песні "Станцыя Сібір", які ў апошнія выходныя чэрвеня ўпершыню пройдзе пры падтрымцы рэгіянальнага Міністэрства культуры ў Новасібірскай вобласці з мэтай захавання і развіцця жанру аўтарскай песні, а таксама папулярызацыі сібіракоў у сусветнай бардсупольнасці.
"Дапамагаць самавыяўляцца сібіракам трэба, але яшчэ адным важным складнікам павінны стаць паездкі да нашых сабратаў на берагі любой далёкасці, - адзначыў адзін з аўтараў праекта Сяргей Аляксееў. - Так нарадзілася "Сібірская дзясятка" - каманда аўтараў, выканаўцаў, склад якой будзе вызначаць бард-актыў аднаго з сібірскіх рэгіёнаў. У гэтым годзе з мэтай абмену вопытам, наладжвання культурных кантактаў і ў рамках дасягнутых дамоўленасцей аб развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва паміж кіраўніцтвам Магілёўскай і Новасібірскай абласцей "Сібірская дзясятка" адправіцца на "Вялікую бард-рыбалку".
У склад дэлегацыі ўвойдуць аўтары, выканаўцы з 7 рэгіёнаў Новасібірскай вобласці: Барнаула, Краснаярска, Томска, Горна-Алтайска, Ангарска, Абакана і Новасібірска. Разам з сібірскай зборнай бардаў прыедуць і тэлежурналісты, якія маюць намер зняць фільм пра наведванне Беларусі. "У праграме бард-рыбалкі праект сібіракоў будзе прадстаўлены асобным канцэртам на галоўнай фестывальнай сцэне 26 ліпеня. Таксама яны выступяць на іншых канцэртных пляцоўках і прымуць удзел у тэматычных мерапрыемствах музычнага свята", - расказала Вольга Залеская.
Паводле яе слоў, на творчых пляцоўках фестывалю ў гэтым годзе выступяць музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Эстоніі і ўпершыню з Іспаніі. У юбілейнай праграме запланаваны сольныя канцэрты і творчыя праекты з удзелам зорак аўтарскай песні, джазавых і эстрадна-інструментальных ансамбляў, удзельнікаў праекта "Песні нашага стагоддзя" Лідзіі Чабаксаравай і Яўгена Быкава. Адным з хэдлайнераў творчага праекта стане папулярны расійскі бард і сатырык, паэт і музыкант Цімур Шааў.
Генеральны партнёр праекта - ААТ "Магатэкс", афіцыйны партнёр - булачна-кандытарская кампанія "Дамачай", інфармацыйныя партнёры: БЕЛТА, "СБ. Беларусь сегодня", Альфа Радыё, тэлеканал СТБ, тэлерадыёкампанія "Магілёў" і інфармацыйнае агенцтва "Магілёўскія ведамасці".
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/stantsija-sibir-pojavitsja-na-muzykalnom-festivale-bolshaja-bard-rybalka-350582-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[3] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzychny-festyval
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyalikaya-bard-rybalka