14 чэрвеня стартуе XVI Чэмпіянат свету па настольным хакеі. Галоўным арганізатарам міжнароднага першынства выступіў Старшыня Лігі настольнага хакея Беларусі, дэкан факультэта сацыякультурных камунікацый (ФСК) БДУ Сяргей Важнік. Дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў акажуць валанцёры вядучай ВНУ краіны з ліку студэнтаў і выкладчыкаў.
Удзельнікамі першынства стануць больш за 200 спартсменаў з 16 краін: Беларусі, Венгрыі, Германіі, Даніі, Ізраіля, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Расіі, Славакіі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі і Эстоніі.
Спартсмены будуць спаборнічаць у індывідуальным і камандным заліку ў дзесяці катэгорыях: дзеці да 13 гадоў, юніёры, жанчыны, ветэраны. Таксама адбудзецца топ-турнір для тытулаваных прадстаўнікоў дадзенага віду спорту.
Беларусь на хатнім чэмпіянаце прадставяць 25 ігракоў у васьмі катэгорыях. У складзе нацыянальнай зборнай выступяць выпускнікі факультэта міжнародных адносін 2016 года Яўген Папакуль і Раман Раманенка. Дэкан ФСК Сяргей Важнік выйдзе ў складзе зборнай ветэранаў.
Беларусь упершыню прымае спаборніцтва сусветнага маштабу па гэтай спартыўнай дысцыпліне. БДУ ўнёс вялікі ўклад у развіццё настольнага хакея ў нашай краіне. Так, у 2013 годзе прайшоў першы Адкрыты Чэмпіянат БДУ. З 2016 года на яго базе праводзяцца Адкрытыя Чэмпіянаты Беларусі па настольным хакеі. Усяго за шэсць гадоў развіцця спартыўнай дысцыпліны праведзена больш за 70 турніраў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню, створаны дзве секцыі ў сталічнай гімназіі № 11 і на ФСК БДУ.
Афіцыйнае адкрыццё Чэмпіянату адбудзецца ў спартыўным комплексе “Раўбічы”. Пачатак у 14.00. Завершыцца сусветнае першынство 16 чэрвеня.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nastolnyya-gulni
[2] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-europy