Вось ужо лета пачалося, без размінкі, без перапынкаў, адразу гарачым паветрам ды ва ўсёй нашай краіне. Яшчэ больш гарачае сухое надвор'е чакаецца ў нас і ў выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Выключна анамальная спякота была ў нас у сераду. У гэты дзень тэмпература паветра амаль паўсюдна дасягнула 31—34 градусы, самыя высокія значэнні адзначаны ў Жлобіне — 34,7 цяпла. У асобных раёнах краіны былі перавышаныя абсалютныя чэрвеньскія максімумы тэмпературы паветра за ўвесь перыяд назіранняў. У сувязі з гарачым сухім надвор'ем адзначаецца высокая пажаранебяспека ў лясах. Да канца тыдня будзе пераважаць гарачае без ападкаў надвор'е, толькі ў пятніцу месцамі чакаюцца лакальныя навальнічныя дажджы, а ў выхадныя па поўначы краіны — паслабленне спёкі.
Сёння ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Тэмпература паветра будзе ад плюс 28 да 33 градусаў, месцамі па Брэсцкай і Гомельскай абласцях паветра прагрэецца да 34 цяпла. У суботу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах Віцебскай вобласці магчымы кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 14—20 цяпла, па поўдні краіны — 21-22 градусы. Удзень будзе ад 24 градусаў па поўначы да 33 градусаў вышэй за нуль па поўдні краіны.
Дажджоў не будзе і ў нядзелю. У гэты дзень тэмпература паветра ўначы складзе ад 12 да плюс 19 градусаў, па паўднёвым захадзе — 20-22 цяпла. Удзень будзе ад 24 градусаў па паўночным усходзе да плюс 33 градусаў па поўдні краіны.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак пад уплывам малаактыўнага атмасфернага фронту ўначы месцамі па поўначы, а ўдзень у асобных раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 15 да плюс 22 градусаў. Удзень будзе ў асноўным 28—34 цяпла, толькі па паўночным захадзе краіны — да плюс 25-27 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1