Днямі ўлады Судана прадухілілі спробу дзяржаўнага перавароту, які рыхтавалі ваенныя, звязаныя з колішнім прэзідэнтам краіны Амарам аль-Башырам, сцвярджае тэлеканал Al Arabіya. Падчас падаўлення путчу было затрымана каля 70 чалавек, якія ў асноўным прытрымліваюцца ісламісцкіх поглядаў, перадае тэлеканал. Па звестках СМІ, яны спрабавалі адхіліць ад улады Вышэйшы ваенны савет, які кіруе краінай з красавіка гэтага года. Адметна, што спроба дзяржперавароту адбылася на фоне перагавораў апазіцыі і вайскоўцаў аб кіраванні краінай падчас пераходнага перыяду, пасярэднікам на якіх выступае Эфіопія. Апазіцыя нават заклікала сваіх прыхільнікаў прыпыніць акцыі пратэсту і грамадзянскага непадпарадкавання. Што ж насамрэч адбываецца ў адной з найбуйнейшых краін Афрыкі?
Нафта, золата, гуміарабік
Спачатку трохі «навігацыі». Рэспубліка Судан знаходзіцца ў Паўночна-Усходняй Афрыцы, мяжуе з Егіптам, Эрытрэяй, Эфіопіяй, Паўднёвым Суданам, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, Чадам і Лівіяй. На паўночным усходзе абмываецца водамі Чырвонага мора. Гэта адна з найбуйнейшых па плошчы краін Чорнага кантынента (трэцяя пасля Конга і Алжыра) — 1,89 мільёна квадратных кіламетраў. Вучоныя адзначаюць выгаднае геаграфічнае становішча Судана, які многія называюць не інакш як «брамай Афрыкі».
У старажытнасці значную частку гэтых зямель (яны мелі назву Куш, а пазней — Нубія) засялялі семіта-хаміцкія і кушыцкія плямёны, роднасныя старажытным егіпцянам. Да VІІ стагоддзя нашай эры Судан уяўляў сабой невялікія разрозненыя хрысціянскія каралеўствы (Алоа, Мукура, Набація). З XІV да XVІІІ стагоддзя на гэтай тэрыторыі існавала некалькі дзяржаў. У пачатку XІX ст. краіна была захоплена Егіптам і як Егіпецкі Судан увайшла ў склад Асманскай імперыі. З другой паловы XІX стагоддзя ўзмацніўся ўплыў англічан. У 1899 годзе Вялікабрытанія і Егіпет падпісалі пагадненне аб усталяванні сумеснага кіравання (англа-егіпецкі кандамініум) — фактычна Судан стаў калоніяй Вялікабрытаніі.
1 студзеня 1956-га Судан быў абвешчаны незалежнай краінай. Паўднёвы Судан (ПС) не пагадзіўся з утварэннем адзінай дзяржавы і пачаў барацьбу за незалежнасць, якая двойчы прымала форму грамадзянскай вайны (у 1955—1972-м і 1983—2005 гадах). 9 студзеня 2005 года ўрадам Судана і прадстаўнікамі паўднёвай паўстанцкай групоўкі было падпісана ўсёабдымнае мірнае пагадненне (УМП). 9 студзеня 2011-га быў праведзены рэферэндум па самавызначэнні Паўднёвага Судана. Па яго выніках ПС быў абвешчаны незалежнай дзяржавай, паколькі больш за 98 працэнтаў удзельнікаў плебісцыту па самавызначэнні рэгіёна прагаласавалі за яго аддзяленне.
У Судане пражывае больш за 40 мільёнаў чалавек (па звестках Сусветнага банка). Дзяржаўнай рэлігіяй краіны з'яўляецца іслам суніцкага кірунку. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, з 1989 года гэтую пасаду да нядаўняга часу займаў Амар аль-Башыр. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку ваеннага перавароту, завяршыўшы перыяд грамадзянскага праўлення Садыка аль-Махдзі. Армія традыцыйна адыгрывае важную ролю ў палітычным працэсе незалежнага Судана. Да аль-Башыра ваенныя кіравалі краінай двойчы: з 1958-га да 1964-га і з 1969-га да 1985-га.
Па ўзроўні эканамічнага развіцця Судан належыць да групы самых бедных краін свету, хоць мае вялікі патэнцыял для росту. Па дадзеных Сусветнага банка на 2017 год, аб'ём ВУП у бягучых цэнах склаў 117,5 мільярда долараў. Нафтаздабыча, сельгасвытворчасць (у прыватнасці, Судан — сусветны лідар па вытворчасці гуміарабіка, харчовай дабаўкі, якую выкарыстоўваюць для вырабу «Кока-колы», і здабыча золата забяспечваюць каля 70 працэнтаў бюджэтных паступленняў. У сельскай гаспадарцы занята каля 80 працэнтаў насельніцтва. Іншыя сектары эканомікі развіты слаба.
Тры дэвальвацыі
Галоўнай перадумовай разгойдвання сітуацыі стала рэзкае абвастрэнне на працягу мінулага года фінансавага крызісу, справакаванага дэфіцытам канверсоўнай валюты, адзначыў на сайце іmemo.ru [4] загадчык Цэнтра сацыялагічных і паліталагічных даследаванняў Інстытута Афрыкі РАН Сяргей Касцялянец. Гэты дэфіцыт краіна пачала адчуваць яшчэ ў 2011-м, калі ў выніку падзелу Судана на дзве дзяржавы — Рэспубліку Судан (РС) і Рэспубліку Паўднёвы Судан — Хартум застаўся без 60 працэнтаў знешнегандлёвых паступленняў з прычыны страты 3/4 нафтавых радовішчаў. Антыкрызісная эканамічная праграма, накіраваная на фарміраванне новых крыніц даходу, перш за ўсё ад здабычы золата і росту сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама скарачэння імпарту і дзяржаўных расходаў, фактычна правалілася, у тым ліку з прычыны працягу ваенных дзеянняў супраць паўстанцаў у Дарфуры, штатах Паўднёвы Кардафан і Блакітны Ніл. Значная частка бюджэту РС працягвала расходавацца па артыкулах, звязаных з пытаннямі абароны і нацыянальнай бяспекі.
Акрамя таго, больш за мільярд долараў штогод дзяржава траціць на субсідыі на паліва і муку. Сур'ёзным ударам для эканомікі стала закрыццё летась буйнога нафтаперапрацоўчага завода ў Порт-Судане, адкрытага яшчэ ў 1964-м. Пры гэтым у 2017 годзе суданскі ўрад аднавіў перамовы аб уступленні ў СГА, што пацягнула за сабой лібералізацыю гандлю паводле рэкамендацый МВФ і наступнае значнае павелічэнне імпарту пры нязначным росце экспарту і, адпаведна, новыя праблемы з напаўненнем бюджэту.
Рашэнне ўрада ўключыць друкарскі станок, каб прафінансаваць дэфіцыт бюджэту, прывяло да высокай інфляцыі, якая дасягнула свайго піку (69 працэнтаў у гадавым вылічэнні) у лістападзе мінулага года. Інфляцыя не магла не адбіцца на курсе суданскага фунта. Летась у Судане былі праведзены тры дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Курс долара паралельна рос на чорным рынку.
Па афіцыйным курсе набыць замежную валюту стала немагчыма. Прыватныя імпарцёры мусілі шукаць «зялёныя» на чорным рынку, што яшчэ мацней раскруціла махавік інфляцыі. Пры гэтым краіна крытычна залежыць ад імпарту прадуктаў харчавання (асабліва пшаніцы — патрэба складае каля двух мільёнаў тон у год), нафтапрадуктаў і лекаў.
Паліва і хлеб
У верасні мінулага года прэзідэнт аль-Башыр распусціў урад і прызначыў на пасаду прэм'ер-міністра Муатаза Мусу, які раней займаў пасаду міністра водных рэсурсаў, ірыгацыі і электрыфікацыі. Новы кіраўнік урада пачаў работу з абяцання звярнуцца да «шокавай тэрапіі для вырашэння праблемы інфляцыі і валютнага курсу». У хуткім часе ён выканаў сваё абяцанне: у кастрычніку ўрад правёў чарговую дэвальвацыю суданскага фунта. У лістападзе ўзляцелі цэны на паліва і тарыфы на транспарт, павялічыліся чэргі на бензакалонках.
Масавыя пратэсты ахапілі Судан у прыканцы мінулага года. Незадаволенасць рэзкім ростам цэн на паліва і хлеб праявілі жыхары горада Атбара на поўначы краіны. Акцыі пратэсту ўмомант падхапілі і ў іншых месцах па ўсім Судане. З тых часоў дэманстрацыі практычна не спыняліся, паступова робячыся ўсё больш арганізаванымі. З часам праграма пратэстоўцаў змянілася: з эканамічнай тэмы яны перайшлі да патрабавання адстаўкі аль-Башыра. 22 лютага кіраўнік дзяржавы абвясціў у краіне надзвычайнае становішча тэрмінам на год, змяніў членаў урада і замяніў вайскоўцамі грамадзянскіх асоб на пасадах губернатараў і іншых пасадах. Аль-Башыр адмовіўся ствараць пераходны ўрад, але ў выніку пагадзіўся застацца на сваёй пасадзе толькі да канца гэтага тэрміну і не ісці на чарговыя выбары ў красавіку 2020-га. Аднак яго абяцанні мітынгоўцаў не задаволілі.
11 красавіка кіраўнік мінабароны Судана Авад бэн Аўф паведаміў пра арышт прэзідэнта Амара аль-Башыра і роспуск кабінета міністраў. У краіне быў створаны часовы ваенны савет, было агучана, што ён будзе кіраваць два гады. Армія прыпыніла дзеянне канстытуцыі і абвясціла пачатак пераходнага перыяду. У Судане былі ўведзены рэжым надзвычайнага становішча і каменданцкая гадзіна. На наступны дзень Авад бэн Аўф сышоў з пасады кіраўніка ваеннага савета. Яго ўзначаліў былы кіраўнік штаба сухапутных войскаў аль-Бурхан. У той жа час апазіцыя заявіла аб працягу пратэстаў.
Другая хваля
Вайскоўцы і прадстаўнікі апазіцыі на працягу некалькіх тыдняў вялі перамовы аб тым, хто павінен кіраваць у пераходны перыяд. Раней атрымалася дасягнуць прынцыповай дамоўленасці аб стварэнні змяшанага ваенна-грамадзянскага пераходнага ўрада, які павінен прывесці краіну да свабодных выбараў. Па звестках СМІ, апазіцыя настойвала на 8 з 15 месцаў у пераходным савеце, ваенныя ж імкнуліся захаваць большасць за сабой. У выніку суданскі генералітэт адмовіўся ад усіх папярэдніх дамоўленасцяў. Канфрантацыя паміж ваенным кіраўніцтвам і лідарамі апазіцыі падаграваецца падзеямі ў Хартуме. Тут сілавым шляхам быў разагнаны стыхійны палатачны лагер перад Міністэрствам абароны Судана, пасля чаго пачаліся і працягваюцца дагэтуль сутыкненні пратэстоўцаў з паліцыяй. Лік ахвяр беспарадкаў ідзе на дзясяткі.
На мінулым тыдні прыхільнікі аль-Башыра паспрабавалі штурмам узяць турму Кабер у сталіцы краіны, каб вызваліць яго, паведаміў тэлеканал «Аль-Арабія Хадас». Паводле звестак крыніц тэлеканала ў органах бяспекі, звыш 100 чалавек з «атрадаў, верных былому рэжыму» раніцай атакавалі турму Кабер, у якой змяшчаюцца экс-прэзідэнт і яго найбліжэйшае асяроддзе. Суразмоўца СМІ адзначыў, што ахове турмы ўдалося адбіць напад і арыштаваць некаторых удзельнікаў няўдалага штурму.
«Башыр прыйшоў да ўлады ў вельмі цяжкі для Судана час. Тым не менш, ён на працягу 20 гадоў утрымліваў краіну ад распаду і толькі ў апошнія дзесяць гадоў яго рэжым стаў даваць збой, што прывяло да масавай незадаволенасці народа. Цяпер сітуацыя склалася не найлепшым чынам. Увесь гэты час на арэне дзейнічае нейкая трэцяя сіла, нехта, хто выводзіць на вуліцы правакатараў, робіць ілжывыя ўкіды ў заходніх і мясцовых СМІ. Занадта шмат зацікаўленых у расколе і далейшым разграбленні нашай рэспублікі», — апісаў сітуацыю незалежны палітолаг Мадасір аль-Хасын. У сваю чаргу, колішні прэзідэнт Туніса Мансеф Марзукі заявіў у інтэрв'ю РІА «Навіны», што ў Судане цяпер праходзіць другая хваля «арабскай вясны».
Тым часам для ўрэгулявання канфлікту паміж ваеннымі ўладамі і апазіцыяй у Судан прыбыў высокапастаўлены дыпламат з ЗША — памочнік дзяржсакратара па Афрыцы Тыбор Нагі, паведамляе Reuters. Адзначаецца, што дыпламат сустрэўся з лідарамі апазіцыйнай кааліцыі, а таксама правёў перагаворы з выканальнікам абавязкаў намесніка міністра замежных спраў Судана Ільхамам Ібрагімам. Разам з тым Злучаныя Штаты прызначылі сваім паслом у Судане ветэрана дыпламатыі Дональда Бута.
Папа Рымскі Францыск у сваёй нядзельнай пропаведзі да вернікаў, якія сабраліся на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, згадаў сітуацыю ў Судане. «Боль і заклапочанасць выклікаюць весткі, якія прыходзяць у гэтыя дні з Судана. Памолімся за гэты народ, каб спыніўся гвалт і было знойдзена агульнае дабро ў дыялогу», — заявіў пантыфік.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] http://www.imemo.ru
[5] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya