Ужо заўтра, 23 чэрвеня, у рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў пачнуцца спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы.
На сталічным стадыёне «Дынама» спартсмены пратэсціруюць новы, незвычайны, скарочаны фармат: замест 48 відаў будуць прадстаўлены ўсяго дзевяць. Падчас групавых этапаў разыграюць столькі ж медалёў у асабістым заліку. Дзясяты возьме найлепшая зборная ў фінале 28 чэрвеня.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі ўскладае на сваіх спартсменаў вялікія надзеі і верыць у іх поспех:
— Мы не адмаўляемся ад нашых ранейшых намераў і планаў. Ёсць усе шанцы ўзяць медалі. Напрыклад, Эльвіра Герман, Таццяна Халадовіч, Максім Недасекаў, Анастасія Мірончык-Іванова паспяхова паказалі сябе на міжнароднай арэне. Таму, спадзяюся, убачым іх у фінале.
Адзначыў дэпутат і гатоўнасць лёгкаатлетаў: «Да трэніроўкі мы падыходзілі індывідуальна. Лічу, што ўсе ў добрай форме і ўсе — лідары. Мяркую, што, як і было запланавана, яны зараз падыходзяць да свайго піка».
Учора ўдзельнікі спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы пачалі засяляцца ў Вёску спартсменаў. «Калі я яе ўбачыў, адчуў такое хваляванне, быццам я зноў выступаю на Алімпіядзе, — падзяліўся ўражаннямі Вадзім Дзевятоўскі. — Упэўнены: планка ўзнятая настолькі, што паўтарыць яе цяжка, не тое, каб пабіць. Нават замежнікі, як я чуў, не зайздросцяць тым, хто будзе прымаць наступныя Гульні».
Юлія АДАМОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019