27 чэрвеня 2019 года а 17 гадзіне Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае на вернісаж выстаўкі “Вітай, зямля беларуская!”.
Ініцыятар праекта – Калінінградскі абласны гісторыка-мастацкі музей – дорыць жыхарам і гасцям Мінска ўнікальную выстаўку дакументальнай фатаграфіі з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі.
У экспазіцыю ўвайшлі рэдкія здымкі са збораў Калінінградскага абласного гісторыка-мастацкага музея, Расійскага дзяржаўнага архіва кінафотадакументаў (г. Санкт-Пецярбург), плакаты з Музея Балтыйскага флота (філіял Цэнтральнага ваенна-марскога музея). Унікальныя здымкі адлюстроўваюць франтавыя будні салдат і афіцэраў, дазваляюць убачыць вайну «знутры» вачыма сведкаў і адчуць увесь яе трагізм.
Улетку 1944 году адбылася адна з буйнейшых ваенных кампаній у гісторыі ІІ Сусветнай вайны – Беларуская стратэгічная наступальная аперацыя “Баграціён”, названая ў гонар расійскага генерала, праслаўленага ў час Айчыннай вайны 1812 году. За вызваленне Беларусі гераічна і ахвярна змагаліся салдаты і афіцэры Чырвонай Арміі рознай нацыянальнасці. 1500 удзельнікаў аперацыі сталі Героямі Савецкага Саюза, сотні тысяч уганараваны ардэнамі і медалямі.
У выніку Беларускай аперацыі войскі Чырвонай Арміі падыйшлі да межаў Усходняй Прусіі. Многія ўдзельнікі вызвалення Беларусі штурмавалі горад Кёнігсберг, а пасля вайны засталіся адбудоўваць новую савецкую вобласць – Калінінградскую.
У склад экспазіцыі ўваходзіць высокатэхналагічны інтэрактыўны кантэнт, які дае магчымасць праз мабільныя прылады атрымаць просты доступ да дапоўненай рэальнасці, што дазваляе “ажывіць” экспанаваныя фотаматэрыялы.
Ганаровы госць вернісажа – удзельнік вызвалення Беларусі, які завяршыў свой ваенны шлях у Кёнігсбергу – Леў Сямёнавіч Шэйкман.
Выстаўка працуе да 13 ліпеня 2019 года.
Спасылкі
[1] http://kupala-museum.by/navini/27-chervenya-2019-goda-zaprashaem-na-vernisazh-vyistauki-vitay-zyamlya-belaruskaya.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhauny-litaraturny-muzey-yanki-kupaly
[3] https://zviazda.by/be/tags/kaliningradski-ablasny-gistoryka-mastacki-muzey