Увосень гэтая ўстанова, дзе жывуць 50 дзяцей, кошка Багіра і сабака Фрэдзі, адзначыць 75-годдзе. Звонку дом патанае ў дрэвах і кветках, амаль па ўсёй тэрыторыі — яблыні, вінаграднік, парэчкі. Знайшлося месца для градак і цяпліцы. Унутры дом зіхаціць чысцінёй і ўражвае ўтульнасцю. Мясцовыя выхаванцы жывуць у сапраўдных кватэрах, у пакоях — па аднаму-двое дзетак. А яшчэ тут створана спецыяльна аздобленая прастора — нешта накшталт этнаграфічнага міні-музея.
Яны ходзяць у звычайныя садкі і школы, часта ездзяць на экскурсіі, займаюцца ў гуртках і секцыях. Вольны час бавяць у доме ў басейне з саўнай, бібліятэцы, забаўляльным клубе. На вуліцы для дзетак — гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, новенькі комплекс трэнажораў...
Тут ёсць нават свая надомная царква, дзе хрысцяць і прычашчаюць дзяцей.
— Трэба, каб у дзяцей хоць якіясьці бацькі з'явіліся. Я па мясцовым тэлебачанні звяртаюся да жыхароў, хто хацеў бы атрымаць хрэсніка, і называю ўзрост дзетак і каго будуць хрысціць, — расказвае дырэктар Мазырскага дзіцячага дома Ірына ВІШНЕЎСКАЯ. — Пасля дзеці ў сем'і ездзяць, а хросныя бацькі займаюцца патранатным выхаваннем.
Нягледзячы на тое што большасць дзяцей тут хлопчыкі, бадай што ўсе з ахвотай завіхаюцца па гаспадарцы, мыюць і прасуюць бялізну, робяць выцінанкі, вяжуць, малююць, майструюць дробныя вырабы. Гэтым хараством упрыгожаны ледзьве не кожны метр дома, на сценах якога ёсць яшчэ і лепка са шпаклёўкі — прыгажосць, зробленая рукамі выхавальнікаў, а таксама маляўнічыя карціны.
Кухням у кватэрах пазайздросціць не адна гаспадыня. Дзеці тут самі могуць падагрэць ежу, калі затрымаліся на занятках, ці нешта прыгатаваць, а на дні нараджэння нават тарты пякуць.
— Усе гэтыя кантакты з бытавой тэхнікай — жывая і непасрэдная падрыхтоўка да дарослага жыцця. Нашы выпускнікі могуць і закаткі закруціць, і аладкі згатаваць, і суп, нават варэнне з кабачкоў, што на градах вырасцілі, вараць, — кажа Галіна ВАСІЛЕНКА, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.
Тым, хто выпускаецца з дзіцячага дома, абавязкова з дапамогай спонсараў збіраюць самае неабходнае для самастойнага жыцця: пасцельнае, посуд, чайнік... А яшчэ для кожнага выхавальніка рыхтуюць «кнігу жыцця». Гэта самаробны альбом з фотаздымкамі і відэадыскам, па якіх можна прасачыць, чым займаўся гадаванец дома, што яго цікавіла, як бавіў час, з кім сябраваў.
— З нашых сцен за столькі гадоў выйшла больш як 2000 выхаванцаў. Ёсць сярод іх і загадчыкі дзіцячых садкоў, і вядомы ў Гомелі дызайнер, са слабым слыхам хлопец, стаў паспяховым ІП, — гаворыць дырэктар. — Наш выпускнік з парушэннем слыху нават адсвяткаваў тут вяселле са сваёй паловай. Мы цэлы рытуал зрабілі для іх, а яны пасадзілі на тэрыторыі яблыню, пасля з першынцам сваім прыходзілі. Хлопец кажа, што колькі будзе жыць, стане прыходзіць сюды. Чатыры пары ў нас так святкавалі, так што гэта ўжо традыцыя.
Таму і не дзіва, што сюды прыходзяць з экскурсіямі, а фразай «аддам цябе ў дзіцячы дом» не напалохаеш, а хутчэй прымусіш пакаваць туды чамадан.
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/medyya
[5] https://zviazda.by/be/my-razam-belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/mazyrski-dzicyachy-dom