У апошнія гады Беларусь упэўнена займае першае месца сярод краін Усходняга партнёрства па колькасці шэнгенскіх віз на душу насельніцтва. Часцей за ўсё людзі звяртаюцца па візу ў пасольствы суседніх краін — Літвы і Польшчы, але перш чым яна з'явіцца ў пашпарце, часам даводзіцца прайсці пару колаў пекла. Чаму так адбываецца і хто вінаваты?
Існуе некалькі спосабаў падрыхтоўкі і падачы хадайніцтва аб атрыманні візы. Разгледзім кожны з іх на прыкладзе літоўскага шэнгена.
Пасольства: з першых рук
Пакет дакументаў для падачы на шэнгенскую візу праз пасольства Літвы — адзін з самых простых. Трэба толькі ўважліва азнаёміцца з ім у адпаведным раздзеле сайту пасольства. Па вялікім рахунку, давядзецца паклапаціцца пра даведкі з месца працы і аб заробку. Самае цяжкое — запісацца на падачу дакументаў на сайце evas2. У 2018 годзе 250 000 беларусаў атрымалі літоўскія шэнгенскія візы, 40% з іх — непасрэдна ў пасольстве.
Візавы сэрвісны цэнтр Літвы: хутка запісацца, доўга здаваць дакументы
У Мінску Візавы сэрвісны цэнтр Літвы (ВСЦЛ) адкрыўся ў пачатку 2015 года. Цяпер такія цэнтры дзейнічаюць у Гомелі, Магілёве, Брэсце, Баранавічах, Пінску, Гродне і Лідзе. Візавыя цэнтры працуюць не толькі ў Беларусі, але і іншых краінах, у якіх запатрабаваныя паслугі па адкрыцці віз. Прасцей кажучы, яны дапамагаюць пасольствам абслугоўваць вялікія патокі наведвальнікаў на стадыі прыёму дакументаў. Затым дакументы перадаюцца ў консульскія аддзелы, і толькі там прымаецца рашэнне па кожным заяўніку. З адкрыццём візавых цэнтраў па-за межамі Мінска ў жыхароў іншых рэгіёнаў з'явілася магчымасць падаць дакументы без наведвання сталіцы, дзе размешчаны пасольствы.
Запісацца ў ВСЦЛ не праблема, прычым дату можна выбраць у межах двух тыдняў. Пасля на мэйл заяўніка прыходзіць ліст-пацверджанне, а таксама напамін пра пералік дакументаў для розных катэгорый грамадзян (якія працуюць, прадпрымальнікаў, студэнтаў і іншых) і бланк згоды на апрацоўку персанальных дадзеных з узорам запаўнення. Для паскарэння працэсу падачы дакументаў прапануецца скласці іх у пэўным парадку. Пры наведванні візавага цэнтра заяўнік атрымлівае талон на электронную чаргу.
У 2015 годзе візіт у ВСЦЛ доўжыўся паўгадзіны. Цяпер жа, нягледзячы на тое, што візавы цэнтр пераехаў у больш прасторнае памяшканне, давялося правесці там больш за тры гадзіны пры запісе на пэўны час. У гэтым нямала віны саміх наведвальнікаў. Напрыклад, пры мне жанчына доўга высвятляла адносіны, таму што не змагла адрозніць даведку аб дэпазіце ад выпіскі аб руху грашовых сродкаў і астатку на рахунку...
Яшчэ адна парачка заяўнікаў, прасядзеўшы тры гадзіны ў чарзе, не знайшла часу скласці дакументы ў патрэбным парадку, запоўніць згоду на апрацоўку персанальных дадзеных. А потым, вядома, яны з памылкамі запоўнілі гэты дакумент і перапісвалі. Праігнаравалі і патрабаванне мець пры сабе рэквізіты гатэля ў выпадку, калі анкету запаўняе спецыяліст ВСЦЛ. У выніку гэтыя заяўнікі прастаялі ля акенца каля гадзіны.
На сайце візавага цэнтра апублікаваныя правілы бяспекі. Чатыры гады таму яны выконваліся. Цяпер — поўная лібералізацыя, ахова глядзіць, каб быў ліст-пацверджанне запісу, але не ідэнтыфікуе заяўніка па пашпарце. Раней ніякіх сяброў і іншых суправаджальнікаў не прапускалі, акрамя выпадкаў, калі чалавек па аб'ектыўных прычынах меў патрэбу ў чыёйсьці дапамозе. Цяпер там назіраюцца заяўнікі з «групамі падтрымкі».
Раней ахова ВСЛЦ патрабавала адключыць мабільныя тэлефоны, гэта правіла па-ранейшаму ёсць на сайце. Але вы ўяўляеце чалавека, які вытрымае тры гадзіны чакання без тэлефона? Добра б — карысталіся месенджарамі, дык трэба ж пагаварыць... За тры гадзіны я даведалася пра шматлікія асабістыя і вытворчыя таямніцы маіх суседзяў у зале чакання. Ад манатоннага «бу–бу–бу» хацелася схавацца, але няма дзе.
Увогуле хацелася б, каб правілы бяспекі, прыведзеныя на сайце, альбо дзейнічалі, альбо былі актуалізаваныя.
Калі я забірала пашпарт (дарэчы, ён быў гатовы праз 10 дзён), ахова і ўвогуле не цікавілася, хто куды ідзе. Ля кожнага акенца прыёму дакументаў тоўпілася па 3-4 чалавекі. Каб забраць пашпарт, спатрэбілася хвілін сем.
У новым памяшканні на Бабруйскай, 6 ВСЦЛ працуе з красавіка, аднак па стане на 13 чэрвеня там няма ні ўказальнікаў, ні шыльды. Арыенцір — шыльда Польскага візавага сэрвіс-цэнтра.
Таксама візавы цэнтр прапануе скарыстацца паслугай прэміум-абслугоўвання, што мае на ўвазе падачу дакументаў без чаргі, заплаціўшы дадаткова 25 рублёў за кожнага заяўніка. За 160 рублёў з чалавека можна падаць дакументы ў асобнай VIP–зале, дзе абслугоўвае персанальны менеджар, прапануюць каву, свежую прэсу.
Для тых, каму няма калі наведваць ВСЦЛ, прадастаўляюць паслугу мабільнага візавага цэнтра — спецыялісты прыедуць дадому або ў офіс, кошт за аднаго чалавека — 130 рублёў, плюс сэрвісны збор, аплата дарогі. Кур'ерская дастаўка пашпарта з візай — ад 12 рублёў. Пры неабходнасці спецыялісты ВСЦЛ надрукуюць вашу анкету за 11 рублёў.
Пасярэднікі: гульня на мяжы фолу
Пасярэднікі прапануюць комплекс паслуг: запіс у пасольства або візавы цэнтр, запаўненне анкеты, браніраванне гатэля. Кажуць, што самі мы не запоўнім правільна анкету, а калі запоўнім, то змарнуем паўтары гадзіны. Насамрэч спатрэбіцца паўгадзіны, да таго ж, сістэма не дазволіць надрукаваць няправільна запоўнены дакумент і падкажа, што трэба выправіць. Але трэба быць уважлівым, таму што калі памылка ў нумары пашпарту ці яшчэ якіх лічбах, на такія рэчы праграмнае забеспячэнне не рэагуе.
На браніраванне гатэля яны вылучаюць дзве гадзіны. Калі вы самі шукаеце гатэль, то выбар можа заняць і больш часу, уласна ж браніраванне — 5 хвілін. Да ўсяго, вы заўсёды можаце адмяніць яго, калі знайшлі лепшы варыянт.
Увогуле, пасярэднікі прапануюць за 3,5 гадзіны зэканомленага вашага часу заплаціць ім у сярэднім 60 рублёў. Каб стварыць уражанне, яны нагнятаюць страсці. У адной фірме мне тлумачылі, што «літоўцы любяць багатых, і калі ў вас на картцы менш за 1000 еўра, мульцівізы не атрымаеце». Больш сціплыя фірмы называюць лічбу ў 300 еўра. Праверана: інструкцыя пасольства аб наяўнасці 40 еўра на дзень знаходжання, з агаворкай, што пры хадайніцтве аб шматразовай візе, дастаткова сродкаў на першую паездку, дзейнічае.
Яшчэ ў адной фірме-пасярэдніку аказваюць наогул дзіўную паслугу: «Можам дапамагчы вам адкрыць і папоўніць карт-рахунак без візіту ў банк». Тэлефаную, удакладняю. Аказваецца, «мы адкрыем вам валютную картку, пакладзем свае грошы, вы замовіце выпіску, а потым мы гэтыя грошы здымем». Дарэчы, валютная картка не з'яўляецца абавязковай, можна карыстацца і намінаванай у беларускіх рублях, галоўнае, каб яна была міжнароднай. Выпіска, а тым больш даведка на фірменным бланку — гэта заробак для банкаў. Пасольства і, адпаведна, Візавы сэрвісны цэнтр Літвы прымаюць выпіску аб руху грашовых сродкаў на карт-рахунку, падрыхтаваную самастойна праз інтэрнэт-банкінг.
Картку сапраўды можна атрымаць без візіту ў банк, замовіўшы яе анлайн, але, як растлумачылі ў кантакт-цэнтрах двух банкаў, без прад'яўлення пашпарту ўладальніка карткі забраць яе немагчыма.
Гатэлі, карткі — гэта ўсяго толькі «гарнір» да асноўнай «стравы» –– запісу ў пасольства. Дарэчы, ёсць пасярэднікі, якія гатовыя прадаць толькі месца ў чарзе. У адной з фірм паабяцалі, што за 25 рублёў мяне запішуць на падачу дакументаў менавіта ў пасольства.
Пасярэднікі ствараюць нездаровы ажыятаж вакол запісу ў пасольства. Па вялікім рахунку, яны шкодзяць іміджу краіны: з усімі гэтымі пасярэднікамі, пошукамі нейкіх абыходных шляхоў мы выглядаем затрымаўшыміся ў СССР, дзе ўсялякага кшталту дэфіцыт размяркоўвалі па знаёмстве. У сеткі пасярэднікаў трапляюць нават людзі старэйшыя за 60 гадоў, а тым часам пасольства Літвы вызваліла іх ад электроннага запісу, і нават ахова дыппрадстаўніцтва прапускае ў консульскі аддзел па-за чаргой. Дарэчы, адна з фірмаў-пасярэднікаў прапануе «эксклюзіў» — «шэнген» для пенсіянераў.
Як кошт візы паўплывае на запіс у пасольства
Ужо вядома, што Савет ЕС прыняў змены ў Візавы кодэкс. Праз паўгода пасля публікацыі дакумента ў Афіцыйным часопісе Еўрасаюзу яны ўступяць у сілу. З гэтага моманту кошт консульскага збору для грамадзян Беларусі павялічыцца да 80 еўра. Выкажам здагадку: публікацыя выйдзе 1 ліпеня, значыць, з 1 студзеня віза будзе каштаваць 80 еўра. Не выклікае сумненняў, што з першых дзён снежня будзе пікавая нагрузка на пасольства і візавы цэнтр — усе захочуць «ускочыць у апошні вагон».
На палях саміту Усходняга партнёрства еўракамісар Ёханэс Хан заявіў, што пагадненне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі практычна гатова. Яго словы пацвердзіў і міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Аднак яшчэ неабходна дапрацаваць асобныя ўнутрыдзяржаўныя дакументы, і толькі тады можна дамаўляцца пра дату падпісання пагаднення, якое дазволіць знізіць кошт консульскага збору для беларусаў да 35 еўра. Па звыклай практыцы дакументы ўступяць у сілу праз пэўны час пасля падпісання. Сёння відавочна, што будзе нейкі перыяд, калі нам давядзецца плаціць за візу 80 еўра.
Таксама зразумела, што час павышанага попыту на візы — месяц да павышэння кошту консульскага збору і першыя тры-чатыры месяцы пасля яго зніжэння — будзе чарговым «залатым» перыядам для пасярэднікаў, якія фактычна хапаюць, а затым прадаюць чаргу на падачу дакументаў у пасольства і нават у візавы цэнтр.
* Усе цэны без кошту фота і страхоўкі.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha
[4] https://zviazda.by/be/tags/turyzm
[5] https://zviazda.by/be/tags/viza-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/shengensskaya-viza