«Ты будзь маёй музыкай ночы, / Пялёсткамі ружы ў далонях, / І пульсам гарачым у скронях, / І сонцам, што кінулі вочы», — гэтыя радкі на прэзентацыі кнігі «Запрашэнне» маладой паэткі і журналіста «Звязды» Ніны Лістоты вывучылі на памяць усе прысутныя. 24 чэрвеня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча яны загучалі ў выкананні гурта Hеlіоus, а іх аўтарка прадставіла свой дэбютны зборнік вершаў.
Атрымалася шчырая і эмацыянальная гутарка са старымі сябрамі, гэткая размова на кухні, дзе адбываецца самае праніклівае і патаемнае. Ніна Лістота і сама сказала, што ў яе жыцці самыя важныя моманты часта перажываюцца акурат на кухні. На імпрэзе пад акампанемент фано, на якім іграла Настасся Мінкоўская, і пад саксафон Алега Воранава былі прачытаны вершы пра каханне і прадстаўлены блок паэзіі пра тое, што выйсце ёсць заўжды.
Ніна Лістота — гэта творчы псеўданім, пад якім аўтара кнігі ведаюць у тым ліку ў сацыяльных сетках. Многім досыць складана суаднесці гэты вобраз з асобай журналіста Ніны Шчарбачэвіч, некаторыя дагэтуль думаюць, што гэта два розныя чалавекі.
«Я бачу пэўную місію ў тым, каб натхняць іншых людзей жыць сваімі талентамі, нават калі яны недзе прыхаваныя, — гэта патрэбна кожнаму чалавеку. І калі пасля прэзентацыі мне кажуць, што таксама вырашылі напісаць ці зрабіць нешта цікавае, гэта становіцца для мяне найлепшым кампліментам», — прызнаецца паэтка.
У зборнік «Запрашэнне» ўвайшлі вершы розных гадоў творчасці. «Я шмат разоў змяняла напаўненне кнігі, але для мяне было прынцыпова, каб сюды ўвайшлі некаторыя раннія рэчы, няхай яны і не самыя дасканалыя і патыхаюць юнацкім максімалізмам».
На прэзентацыі былі смех (у некаторыя моманты аўтарка сама адкрыта рагатала), слёзы (некаторыя нават выходзілі з пакоя, каб схаваць рэакцыю) і абнадзейлівыя радкі на завяршэнне. «Паглядзім на сузор'е надзей / І паслухаем месяца джаз. / Хтосьці мусіць быць лепшым з людзей. / Можа, неба ставіць на нас?..»
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya