Дарагія юнакі і дзяўчаты!
Ад усяго сэрца віншую з Днём моладзі.
Гэта свята самай ініцыятыўнай, таленавітай і мэтанакіраванай часткі грамадства, яркімі здзяйсненнямі якой ганарыцца і захапляецца ўся Беларусь.
Значныя адукацыйныя і навуковыя праекты, паспяховыя стартапы, спартыўныя медалі, перамогі на творчых конкурсах пастаянна пацвярджаюць, што вы знаходзіцеся на правільным шляху. А ў краіне робіцца ўсё магчымае, каб у жыццё ўвасабляліся вашы самыя смелыя мары.
Вам пашчаслівілася нарадзіцца і вырасці ў суверэннай дзяржаве, пабудаванай на трывалым фундаменце шматвяковай гісторыі беларускага народа.
Яго гераізм падчас Вялікай Айчыннай вайны з'яўляецца асаблівай старонкай гэтага летапісу. Праз некалькі дзён мы адзначым знакавую
дату — 75-годдзе вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў. У гады ліхалецця вашы равеснікі змагаліся за Радзіму з неверагоднай мужнасцю, самаадданасцю і патрыятызмам. Іх унёсак у агульную перамогу над фашызмам сапраўды велізарны.
Вы дастойныя нашчадкі і прадаўжальнікі слаўных традыцый гераічнага пакалення. У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу, нават пад мірным небам.
Перакананы, сваімі новымі дасягненнямі вы яшчэ не раз здзівіце сучаснікаў і назаўсёды ўвойдзеце ў гісторыю роднай краіны.
Жадаю вам невычэрпнай энергіі, упэўненасці ў сваіх сілах і ўдачы ва ўсіх пачынаннях.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр ЛУКАШЭНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzen-moladzi