Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пры садзейнічанні Праграмы развіцця ААН рэалізуе праект «Скасаванне бар'ераў для развіцця ветраэнергетыкі», паведаміла начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змяненне клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля АЛЕЙНІКАВА падчас круглага стала «Зялёнае горадабудаўніцтва: ад тэорыі да практыкі» ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Па словах дакладчыцы, праект прадугледжвае падрыхтоўку пяці пляцовак пад будаўніцтва ветрапаркаў. Пазней актывы будуць прададзены інвестарам, якія забяспечаць стварэнне і эксплуатацыю ветраных электрастанцый. У Лёзненскім раёне такая пляцоўка выстаўлена на электронныя таргі.
«Адзін з прыярытэтных кірункаў у галіне зялёнай эканомікі — забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны. З 2002 да 2018 года прыцягнута больш за 730 мільёнаў долараў кліматычнага фінансавання міжнароднай тэхнічнай дапамогі», — паведаміла Наталля Алейнікава.
Яна падкрэсліла важнасць распрацоўкі стратэгіі нізкавугляроднага развіцця на мясцовым узроўні. У асноўным гэта датычыцца тых гарадоў і раёнаў, якія падпісалі Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі, — да гэтай ініцыятывы Еўрапейскага саюза далучылася ўжо больш за 45 населеных пунктаў краіны.
Нагадала начальнік упраўлення і пра тое, што, падпісаўшы Парыжскае пагадненне, Беларусь абавязалася не перавысіць узровень 96,1 мільёна тон выкідаў СО2 у эквіваленце. Фактычна ў 2017 годзе ўзровень выкідаў парніковых газаў у краіне склаў 93,9 мільёна тон СО2 у эквіваленце.
«Мэтанакіраваная работа па энергазберажэнні дазволіла досыць паспяхова зніжаць энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту пры амаль захаваных спажываных рэсурсах», — у сваю чаргу паведаміў намеснік дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Леанід ПАЛЯШЧУК.
Па яго інфармацыі, доля ўзнаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі цяпер павялічылася да 6,2 %. Да 2030 года плануецца павелічэнне да 10 % — большай часткай за кошт фотаэлектрычных станцый, біягазавых тэхналогій і гідраэлектрастанцый.
«У нас больш за 62 % будынкаў з павышаным энергаспажываннем на квадратны метр. Распрацаваны бізнес-план па павышэнні энергаэфектыўнасці і далейшай мадэрнізацыі жылля. У Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, Мінску дзякуючы рэалізацыі тыпавых праектаў удзельнае спажыванне аказалася ў 2,4 раза ніжэйшым за рэспубліканскае», — паведаміў Леанід Паляшчук.
Мадэрнізацыя будынкаў накіравана на зніжэнне спажывання цяпла і, адпаведна, «аблягчэнне» жыроўкі для жыхароў.
«Калі замяніць вокны, частку камунікацый і правесці цеплавую мадэрнізацыю, штогадовая эканомія складзе 317 тысяч еўра. А дадатковае ўцяпленне агароджвальных канструкцый, дахаў і сутарэнняў дапаможа зберагчы 1,6 мільёна еўра штогод», — прывёў лічбы намеснік дырэктара.
«Вельмі прыемна, што ўпершыню ў гісторыі прыняты законапраект аб арганічнай прадукцыі. Такім чынам парламент надае ўвагу добраму, якаснаму харчоваму прадукту, без якога не бывае здароўя нацыі», — выказаў упэўненасць намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў ПІРШТУК.
Ён асабліва адзначыў і новы кірунак, які апошнім часам хутка развіваецца, — электратранспарт. На думку Баляслава Пірштука, за электрамабілямі і электробусамі — будучыня, асабліва ў буйных гарадах.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pryrodnyh-resursau-i-ahovy-navakolnaga-asyaroddzya
[7] https://zviazda.by/be/tags/vetraparki
[8] https://zviazda.by/be/tags/praekt
[9] https://zviazda.by/be/tags/pragrama-razviccya-aan