Канцлагер Дахау працягвае шукаць сваякоў ахвяр, якія загінулі ў 1941—1942 гадах на стрэльбішчы СС Хебертсхаўзен. Збіраючы гісторыі, вывучаючы лёсы, супрацоўнікі мемарыяла і гісторыкі такім чынам спрабуюць паказаць горкі вопыт чалавецтва, на які нельга забывацца. Калі «Звязда» надрукавала спіс салдат і афіцэраў, якія былі «адабраны» ў лагерах для ваеннапалонных і дастаўлены ў канцлагер Дахау для знішчэння, на публікацыю пачалі адгукацца людзі. Днямі дзве сям'і вярнуліся з Германіі. Яны наведалі месцы, дзе загінулі іх родныя, сталі ўдзельнікамі памятных мерапрыемстваў на былым расстрэльным полі.
Мемарыял на былым стрэльбішчы СС адкрыты ў 2014 годзе. Інфармацыйныя стэнды, размешчаныя на ім, расказваюць пра жахлівыя злачынствы, што адбываліся тут у пачатку Другой сусветнай вайны. Згодна з так званым «Загадам аб камісарах» палонных афіцэраў, камуністаў, яўрэяў належала адразу расстрэльваць. Некалькі тысяч палітрукоў (у тым ліку асоб, якіх прымалі за такіх) было расстраляна ўжо ў пачатку вайны з Савецкім Саюзам. Вялікая колькасць ваеннапалонных гінула ў лагерах ад голаду і хвароб. Нацысты пазбаўляліся ад «небяспечных элементаў». Вермахт, тайная дзяржаўная паліцыя (гестапа) і СС дамовіліся пераправяраць усіх савецкіх ваеннапалонных. З лета 1941 года айнзацкаманды гестапа ўзяліся за допыты вязняў. У першую чаргу імкнуліся выявіць камуністаў, інтэлігентаў, яўрэяў. У выніку такога адбору больш за чатыры тысячы ваеннапалонных былі накіраваны ў Дахау і расстраляны на палігоне Хебертсхаўзен.
Ён быў створаны ў 1937— 1938 гадах, выкарыстоўваўся для ваеннай падрыхтоўкі асабовага складу СС і іншых арганізацый. На яго тэрыторыі знаходзілася пяць доўгіх ірвоў для навучання стральбе з вінтовак, два стрэльбішчы для стральбы з кулямётаў і пісталетаў, месца для вучэбнага кідання гранат.
Цяпер у цэнтры на спецыяльных платформах таблічкі, на якіх пазначаны прозвішчы забітых тут ваеннапалонных, даты іх нараджэння і год гібелі. Падчас памятных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 78-й гадавіны нападу Германіі на Савецкі Саюз, у экспазіцыю было дададзена некалькі пліт з сотняй вернутых прозвішчаў, таксама былі адкрыты тры новыя стэнды з біяграфіямі асобных ахвяр. На мерапрыемства былі запрошаны сваякі ахвяр з Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і консульскіх карпусоў. Нашы сем'і паклалі кветкі побач з прозвішчамі двух беларусаў — Аркадзя Фаміча Галубка і Івана Емяльянавіча Цішкевіча. Пасля вяртання ў Беларусь сем'і завіталі ў рэдакцыю, каб падзяліцца ўражаннямі.
Эліна Леўчанка дастае фотаздымак, зроблены яшчэ да вайны, — на ім яе дзядуля Васіль і яго брат Іван. Іван тады толькі закончыў ваеннае вучылішча. Завітаў да родных і даў прымераць Васілю сваю форму. Васіль вельмі хацеў пайсці служыць, але яго не бралі праз праблемы зроку. Так і заспеў братоў Цішкевічаў фатограф — Івана ў цывільным адзенні, а Васіля ў ваенным.
У хуткім часе пасля заканчэння вучылішча Іван ажаніўся. У яго нарадзілася трое дзетак (дачка памерла маленькай, адзін з сыноў пасля вайны падарваўся на міне). Калі пачалася вайна, Івану Цішкевічу быў 31 год, ён ужо атрымаў ордэн «Чырвонага сцяга». Ва ўзнагародным лісце пазначана, што капітан Цішкевіч «забяспечыў дакладную работу штаба. Падчас баёў 22.6.41 неаднаразова вадзіў полк у атаку пры выхадзе з акружэння ў раёне Казлова-Руда».
— Мая маці Валянціна Васілеўна вельмі хацела даведацца больш пра лёс сваіх продкаў. Казалі, што бабуля атрымлівала два лісты. Паводле аднаго, Іван трапіў у акружэнне і загінуў, паводле другога — трапіў у палон. Казалі нават, што яго бачылі землякі з Грэску і што нехта выдаў немцам, што Іван камуніст. У 70-х мы даведаліся, што яго полк стаяў пад Каўнасам і што на адкрытай там стэле ёсць ягонае прозвішча... На жаль, у нас амаль ніякіх дакументаў не засталося. Бабуля і дзядуля Васіль разышліся пасля вайны, з сям'ёй Івана сувязі перарваліся, мы хочам адшукаць сваіх родных, — расказвае Эліна Леўчанка. Да пошукаў падключыліся яе сын і нявестка Марыя Коханава. І нарэшце доўгія пошукі далі плён. Сваякі даведаліся, які лёс выпаў Івану Цішкевічу. 1 ліпеня 1941 года капітан аказаўся ў палоне. У жніўні 41-га яго забралі СС, у лютым 42-га прывезлі на стрэльбішча...
— Нам паказалі два крэматорыі (другі быў пабудаваны, бо магутнасцяў першага недастаткова, вельмі многа было ахвяр)... Ваеннапалонных пасля расстрэлу спальвалі, — расказвае пра пачутае і ўбачанае на экскурсіях у Дахау Марыя Коханава. — Да 1965 года пра масавыя забойствы савецкіх ваеннапалонных, што адбываліся за два кіламетры ад канцлагера Дахау, не гаварылі. Мясцовыя жыхары нават казалі, што не ведалі, што адбывалася на стрэльбішчы. А ваеннапалонных туды з вакзала гналі бягом праз увесь горад. На былым вучэбным стрэльбішчы на зняволеных вучыліся страляць, людзей забівалі не адразу, а маглі спачатку прастрэліць нагу, руку. На бетонных сценах там засталіся сляды ад куль... Людзей прымушалі распранацца дагала, прыкоўвалі да слупоў наручнікамі. Спачатку трупы ў крэматорый вывозілі ў цынкавых трунах. А пасля, калі колькасць ахвяр вырасла, проста скідалі ў машыну, якую пасля адмывалі ад крыві. Рэчы забітых адпраўлялі на дэзінфекцыю...
Пасля вайны ў гаспадарчым будынку, што побач са стрэльбішчам, размясціліся бежанцы, а пасля ён выкарыстоўваўся як прытулак для бяздомных. Здавалася, што зладзеям удалося схаваць такое злачынства. Але вязні Дахау і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый працягвалі казаць пра тое, што тут адбываліся жахлівыя рэчы. Падчас раскопак былі знойдзены фрагменты костак і наручнікі, якімі прыкоўвалі ахвяр. Былі сабраны паказанні сведак, асобныя з іх сёння можна пабачыць у экспазіцыі на інфармацыйных стэндах, размешчаных на тэрыторыі «Мемарыяла ахвярам расстрэлаў». Напрыклад, відавочца Антон Хофер, старшы па рэчавым складзе, згадваў: «Расстрэльныя каманды па вечарах пасля расстрэлаў атрымлівалі прэміі ў выглядзе шнапсу, піва і цыгарэт. Акрамя таго іх узнагароджвалі крыжамі ваенных заслуг. Летам 1942 года асабовы склад расстрэльных камандаў правёў чарговы адпачынак у Італіі». Для «рэлаксацыі» расстрэльнай камандзе недалёка ад Дахау была створана нават спецыяльная зона адпачынку з заапаркам. Відаць, для таго, каб людзі не звар'яцелі пасля ўчыненых злачынстваў...
— Мяне ўразіла, што канцлагер Дахау на працягу года наведвае больш за мільён чалавек з усяго свету. Як многа прыязджае замежнікаў, шануюць памяць сваіх блізкіх! Калі трапляеш у такое месца, зусім па-іншаму ўспрымаеш ваенную гісторыю. Мы жывём, атрымліваем асалоду ад жыцця, хвалюемся за нейкую драбязу накшталт дажджу, што раптоўна нас заспеў... А калі стаялі там на вакзале, разумелі, што сюды, няхай і 75 гадоў назад, прыганялі людзей. Ахвяры былі ў найскладанейшых умовах, басанож у зімовыя маразы. Іх прымушалі бегчы некалькі кіламетраў насустрач смерці. Тут асаблівае месца, шыкоўная прырода, спяваюць птушкі і ўражвае кантраст — побач з месцамі забойстваў расліннасць асабліва буйная, сакавітая, яскравая. Попел зрабіў сваю справу. Нам расказвалі, што яго з крэматорыя рассейвалі як угнаенне. Гэта жахліва, і калі не пабываць у такіх месцах, гэтага не адчуць, — дзеліцца Эліна Леўчанка. — Можа, яно і добра, што бабуля тады не даведалася, як загінуў Іван. Куды лягчэй перажыць проста хуткую смерць, чым тое, што з чалавека спачатку доўга здзекваліся, катавалі...
Не менш моцнае ўражанне паездка ў Дахау аказала і на сваякоў Аркадзя Фаміча Галубка.
— Я не ведала, што Дахау — горад вельмі прыгожы, утульны, побач з Мюнхенам. І самі жыхары, з кім я пагутарыла, кажуць, што ім шкада, што Дахау асацыююць з такім жахлівым месцам, — дзеліцца Дар'я Паляўцова. — Калі мы знаходзіліся на стрэльбішчы, была адкрыта афіцыйная частка мерапрыемства. Нам расказалі, што там адбывалася... Там ігралі папуры з народных песень... А я ўявіла слупы, да якіх прывязвалі людзей, якія ведалі, што іх будуць расстрэльваць... Мяне страсянула, я расплакалася, стрымлівалася, каб рэальна не завыць... Вельмі страшна ўяўляць, што там нізашто людзей расстрэльвалі, на іх вучыліся, што гэта былі жывыя мішэні...
Пошукам хоць якой інфармацыі пра лёс Аркадзя Галубка займалася не адно пакаленне. Жонка, дачка, пляменнік, унукі пісалі лісты ў розныя інстанцыі (нават у Крэмль), дзяліліся адно з адным сабранай інфармацыяй. Захаваліся даведкі, якія атрымлівалі родныя пасля вайны, асобныя дакументы, звязаныя з Аркадзем Фамічом. Даведацца, як загінуў тэхнік-інтэдант Галубок, змагла яго праўнучка.
— Мае пошукі пачаліся, калі напярэдадні аднаго з Дзён Перамогі мы глядзелі кіно пра вайну, а маці сказала, што ёй вельмі хацелася б хоць што-небудзь даведацца пра лёс дзеда, — расказвае Дар'я Паляўцова. — Гэтыя словы запалі мне ў сэрца, у галаву. Я моўчкі адкрыла інтэрнэт, увяла прозвішча, імя, імя па бацьку. Спасылкі выдалі запыты, якія раней пакідалі блізкія пры пошуку прадзеда. Я пачала прагортваць спасылкі на розных расійскіх сайтах з інфармацыях пра вайскоўцаў Чырвонай Арміі і выйшла на спісы Маргарыты Кацікоўскай, якая была юрыстам на Нюрнбергскім працэсе. Яе зацікавіла, што ў канцлагер Дахау траплялі людзі, а пасля прападалі. І яна знайшла інфармацыю пра расстрэлы ваеннапалонных на стрэльбішчы Хебертсхаўзен. Час ад часу я працягвала ў інтэрнэце набіраць прозвішча дзядулі і так выйшла на спіс, надрукаваны ў «Звяздзе».
Даша заклікае ўсіх, хто працягвае высвятляць лёс родных, не апускаць рукі. Сёння ў інтэрнэце выкладаецца многа архіўных дакументаў. Яе знаёмыя, у якіх таксама сваякі падчас вайны прапалі без вестак, знайшлі інфармацыю праз Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Звяртацца можна і ў пошукавую службу Чырвонага Крыжа.
— Адзін са сваякоў, што прыехаў на мерапрыемствы ў Дахау, сказаў, што вайна заканчваецца, калі даведваешся пра лёс родных, якія загінулі на ёй. Дзякуючы таму што мемарыял дапамог нам знайсці такія звесткі, наша вайна закончылася. Цяжка не ведаць — лепш сумная памяць, чым невядомасць, — упэўнена Дар'я. — І вельмі важна, што ёсць такія месцы, дзе наступныя пакаленні бачаць, што такое вайна, што тварылася, каб ніколі такога больш не было. У Германіі ў школах праводзяцца адпаведныя заняткі для дзяцей — нам расказвалі, што многія школы з Мюнхена і Дахау праводзяць выязныя ўрокі ў гэтым месцы...
Пошукі працягваюцца. Спіс ваеннапалонных надрукаваны на нашым сайце zvіаzdа.bу. На дадзены момант вернута толькі каля 900 прозвішчаў. Даследчыкі хочуць, каб гэтая лічба дасягнула хоць бы паўтары — дзве тысячы.
«Звязда» публікуе поўны спіс людзей [3], інфармацыю пра якіх спрабуюць адшукаць даследчыкі на тэрыторыі нашай краіны. Учытайцеся ўважліва, можа, сярод іх ёсць вашы блізкія.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота прадстаўлены сем'ямі, генконсульствам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/sites/default/files/spisok_zhertv_dahau_dlya_publikacii_na_sayte.docx
[4] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/vayna
[6] https://zviazda.by/be/tags/zvestki
[7] https://zviazda.by/be/tags/kanclager-dahau