Няўстойлівае, халаднаватае і ветранае надвор'е з кароткачасовымі дажджамі і навальніцамі чакаецца ў нашай краіне ў выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. А ў найбліжэйшыя дні ў Беларусі ўмовы надвор'я будуць вызначаць атмасферныя франты і халодныя паветраныя масы.
Сёння ўдзень атмасферны фронт абумовіць на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы. У некаторых раёнах прагрымяць навальніцы. Раніцай і ўдзень у многіх раёнах краіны чакаецца моцны парывісты вецер, у сувязі з чым аб'яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Максімальная тэмпература паветра складзе ў асноўным 13—19 цяпла, толькі па поўдні краіны паветра прагрэецца да плюс 23 градусаў. Надвор'е ў суботу будзе вызначаць прахалодная няўстойлівая паветраная маса балтыйскага паходжання. Месцамі, пераважна па паўночным усходзе, пройдуць кароткачасовыя дажджы, удзень у некаторых раёнах магчымы навальніцы. Захаваецца парывісты вецер. Тэмпература паветра ўначы складзе 6—12 градусаў вышэй за нуль. Удзень будзе ў асноўным ад плюс 17 да плюс 23 градусаў, у паўночна-ўсходніх раёнах краіны — не вышэй за 14—16 цяпла. У нядзелю атмасферны фронт абумовіць на большай частцы тэрыторыі кароткачасовыя дажджы, у некаторых раёнах магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 8—15 цяпла, днём будзе ад плюс 14 градусаў па поўначы да 25 градусаў па поўдні краіны.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у пачатку наступнага тыдня захаваецца няўстойлівае халаднаватае надвор'е. Уначы месцамі, удзень на большай частцы тэрыторыі краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы. У некаторых раёнах магчымыя навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе 6—13 цяпла, удзень — ад плюс 16 да плюс 23 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1