...Гэтую будоўлю ў вёсцы распачалі гады са два таму і, што называецца, з нуля: бульдозерам ссунулі пладародны слой зямлі, заклалі падмурак, прывезлі аднекуль гатовы зруб.
І далей работы не спыняліся: праязджаючы ці праходзячы міма, кожны бачыў, як ставілі сцены і крылі дах, як прывезлі вокны і дзверы, як нарэшце выткнуўся комін... Шчыраваў гаспадар. Не адставала ад яго і гаспадыня: у першую ж вясну побач з домам з'явіліся акуратныя градкі, кусты парэчак, хай невялічкі, але парнічок, маладзенькі сад. Здавалася, пашчасціла вёсцы: пасяліліся працавітыя добрыя людзі, з'явіўся новы, прычым зусім не лішні тут прыклад (ці нават узор!) вядзення гаспадаркі, жыцця, сямейных адносін.
Але ж хутка з'явіліся яны і гэтак жа хутка... зніклі, бо потым вакол дома клеткай паўстала глухая бетонная агароджа. Да таго ж паставілі яе насупраць яшчэ вышэйшай... І ў працяг да такой жа, але металічнай... У выніку досыць доўгі адрэзак вузкаватай вясковай вуліцы ператварыўся ў змрочны тунэль, дзе чалавек як крот...
Кажаце, няма чаго там «поўзаць»: як хацелі гаспадары, так і зрабілі, іх дамы — іх крэпасці. Але ж вуліца як бы «ўсіхная», агульная? І вёска — таксама?
Недарэчы, відаць, параўноўваць яе, нашу (і, вядома ж, не адну з такімі вось «моднымі» «наватворамі»), з недалёкай ад нас Палангай. Там — мора, сосны, пляжы, чысцюткае паветра — курорт, куды едуць адпачываць, жыллё замаўляючы загадзя.
Прапаноў яго, ну, вядома ж, шмат (і як мы жылі без інтэрнэту?): ад пакояў з выгодамі на вуліцы да асабнякоў — на пэўнай адлегласці ад мора... І (не ў апошнюю чаргу!) з адпаведным відам з акна.
Мусіць, таму высокіх агароджаў з бетону ці жалеза ў горадзе і ваколіцах амаль няма. Што цікава — нават там, дзе яны... ёсць, бо ў тамтэйшых гаспадароў ці не за правіла — наводзіць марафет не толькі на тэрыторыі «сваёй крэпасці», не толькі для сябе ды сваёй сям'і... У выніку тыя ж «бярозы ды сосны», дэкаратыўныя кусты і кветкі, дагледжаныя газоны з прыгожымі камянямі спрэс «параскіданы» яшчэ і за «платамі», што стварае дзівосную прыгажосць, прычым... выгадную не толькі асобным гаспадарам асобных дамоў, але і ўсяму гораду, бо многія з адпачывальнікаў, трапіўшы ў Палангу аднойчы, што называецца, уключаюць сарафаннае радыё (раяць іншым). Самі таксама прыязджаюць — яшчэ і яшчэ.
...У нас, многія лічаць, час такіх гаспадароў яшчэ не надышоў. І, вядома ж, памыляюцца. Сведчаннем таму наша пошта. Спадарыня Наталля Стасевіч з Бабруйска расказвае, як пяць гадоў таму яе сям'я пераехала ў новы дом і як з той радасці яе суседзі панеслі на лесвіцу свае вазоны. «Дурное... Іх жа пакрадуць», — казалі жанчыне ўсе. І, на жаль, мелі рацыю, бо спачатку нешта з кветак і сапраўды знікала. Але ж хутка з'яўлялася зноў, бо, убачыўшы, як прыгожа на ўваходзе ў пад'езд ды на ніжніх паверхах, да навядзення парадку «прымкнулі» суседзі з вышэйшых. Даслоўна: «Людзі на свае вочы ўбачылі: там, дзе брудна, дзе ўжо ляжыць смецце, мала хто ўтрымаецца, каб не кінуць сваё. А вось там, дзе чысціня і прыгажосць, нармальны чалавек свінячыць не стане. У выніку, — піша чытачка, — у наш пад'езд па-ранейшаму прыемна зайсці. Ён амаль як новы».
Што ж — пяць гадоў для дома — гэта не ўзрост. Іншая рэч... шэсцьдзясят пяць. «Сёння адзін мой знаёмы падвёз мяне да школы № 2, — піша спадар Уладзімір Голубеў з Мінска. — У 1954-м, калі я туды пайшоў вучыцца, сама вуліца Энгельса выглядала зусім па-іншаму, і гэта заканамерна: многія будынкі знеслі, спілавалі дрэвы. Шмат часу прайшло, але раней там цвіў бэз, усё выглядала па-хатняму ўтульна, цёпла, а цяпер чамусьці гуляе холад».
І прычына яго бачыцца чытачу не толькі ў адсутнасці «знаёмых» з маленства дрэў. «Беларусь, — піша спадар Голубеў, — адзначыла 115-годдзе з дня нараджэння Адама Русака. Некалі беларускае радыё часта перадавала іх вершы, песні. Да таго ж самі людзі, сабраўшыся разам, таксама спявалі. Тое ж «Бывайце здаровы, жывіце багата...» грымела на ўвесь Савецкі Саюз. Гэту песню нават лічылі народнай...
Сярод жывых ужо досыць даўно няма названага паэта, — піша спадар Голубеў, — але ж засталіся яго творы. Яны і сёння кранаюць душу, уздымаюць настрой. І вельмі хочацца, каб у нас у сталіцы з'явілася вуліца ў гонар аўтара, каб у дзіцячым парку імя Горкага на помніку пісьменніку пазначылі яго прозвішча».
Пагодзімся: у Беларусі шмат знакамітых, таленавітых людзей (не толькі сярод паэтаў), імёнамі якіх варта (і на добры толк трэба было б!) называць нашы паркі, плошчы, праспекты, вуліцы — у вялікіх і малых гарадах, у вёсках (можа, хопіць там Новых-Лясных-Лугавых?) ці нават у сталіцы... Але ж якраз тут іх, кажуць, не хапае — нават для Быкава.
Затое хай некалі, але ж знайшліся вуліцы для згаданага ў лісце Энгельса, Валадарскага, Свярдлова, Калініна, Розы Люксембург і Клары Цэткін ды іншых, чые жыццё і дзейнасць мала (альбо і зусім) не звязаны з Беларуссю. «Холад», аб якім піша чытач, магчыма, яшчэ і ад назваў?
«Раней (цытата з таго ж ліста) я часта хадзіў па вуліцах свайго маленства, цяпер ужо не — баляць ногі. А таму хіба ў думках дазваляю сабе «пагуляць» па малой радзіме... І пры гэтым, пакуль жыву, спадзяюся на лепшае, стараюся рабіць дабро — выступаю ў абарону нашай прыроды, чытаю беларускія кнігі, больш за 60 гадоў пастаянна выпісваю родную газету на роднай мове»...
І гэта — як сведчыць зваротная сувязь — таксама выгадна.
Ліст ад спадара Міхаіла Літошыка з Мінска, пачынаецца, у прыватнасці, з кампліментаў: «Звязда», маўляў, і разумная, і шматгранная, і па-жаноцку прыгожая; цікава піша пра знакамітых і простых людзей, пра наша сапраўднае і мінулае. «Чытаючы «Звязду», — піша спадар Міхаіл, — я пастаянна папаўняю свае веды, ганаруся асабістым знаёмствам з асобнымі звяздоўцамі і ўдзячны журналістам за працу».
З тога ж канверта выснова: «Калі хочаш сказаць каму-небудзь добрыя словы, а тым болей словы ўдзячнасці, то не трэба гэта адкладваць».
Падобным правілам карыстаецца і спадар Васіль Пяшэвіч з вёскі Юркевічы Жыткавіцкага раёна: «У чарговы раз аформіў падпіску на «Звязду», — піша ён, — у чарговы раз дасылаю картку на розыгрыш прызоў. Можа, зноў пашанцуе нешта выйграць? А калі і не, то смутку не будзе ні каліва: «Звязда» для мяне — найлепшае выданне, адзінае са штодзённых на роднай мове. А мову нашу і зберагаць, і падтрымліваць сёння вельмі патрэбна...»
І здароўе, вядома ж, таксама. «У нашым грамадстве цяпер многія абмяркоўваюць пытанні карупцыі ў сферы медыцыны, — чытаем у наступным лісце. — Маўляў, медработнікі няўважліва ставяцца да хворых, бяруць хабар і г. д. А вось знаходжанне ў нашай цэнтральнай раённай бальніцы пераканала ў адваротным: абсалютная большасць медыкаў — высакакласныя спецыялісты і прыстойныя людзі. За чулае стаўленне да хворых самых цёплых слоў заслугоўваюць...»
Можна (і, магчыма, нават трэба было б) тут і зараз надрукаваць названыя ў лісце прозвішчы загадчыцы аддзялення, лечачага доктара, медсясцёр — калі б разам з подпісам «пацыенты бальніцы» было хоць адно адзінае прозвішча гэтых пацыентаў, а так...
Скажаце, падпісацца (пакінуць прозвішча) азначала б для іх — «раструбіць» праз газету аб наяўнасці хвароб?
Але ж «Звязда», здаецца, заўжды з разуменнем ставілася да атрыманай інфармацыі, кіравалася і кіруецца тым жа правілам медыкаў: «Не нашкодзь!»
...У першых радках чарговага ліста — пераканаўчая просьба надрукаваць вершы.
Пастаянным падпісчыкам казаць не трэба: «Звязда» гэта робіць, аднак вельмі і вельмі рэдка (хіба да нейкіх юбілеяў, на конкурс «Хто каго?» ці ў такіх вось аглядах пошты, каб паказаць, як трэба пісаць ці... не трэба). Такім чынам, дасланы верш называецца «Селянін» (друкуецца ў скарачэнні):
Сярод лясных дарог
Ён выйшаў на прастор.
Зрабіў і крок, і два
І раптам закрычаў:
«Люблю зіму я ў Беларусі.
Люблю і саму Беларусь!»
Пад творам — усё як мае быць: подпіс, электронны адрас, месца вучобы... Аднак, паважаючы аўтара (а тым больш маладога), нічога з гэтай інфармацыі мы не друкуем, хоць і маглі б... (Гэта, што называецца, да ведама і з надзеяй, што іншыя пачаткоўцы, зрабіўшы крок ці два ў паэзію, не будуць адразу ж «крычаць» і нават падумаюць, што варта ўвагі іншых, што не...)
У якасці ілюстрацыі яшчэ адзін ліст — з дзвюма тэлефоннымі размовамі. Падчас першай спадар Г. з Міншчыны казаў, што з дапамогай Звязды» хацеў бы ўсёй краіне расказаць пра вельмі цікавага чалавека, можна сказаць, героя. Цяпер ён на пенсіі — на самым, што ні ёсць, заслужаным адпачынку, бо раней амаль 30 гадоў кіраваў прадпрыемствам. Прычым — як?!... Найцікавейшы вопыт! А ўжо ж сам чалавек!..
Карацей, трэба, каб пра такіх даведаліся ўсе. «Вы ж надрукуеце мой артыкул?» — пытаўся аўтар. Што было адказваць? Хіба тое, што абяцаць азначала б дзяліць шкуру яшчэ жывога мядзведзя — трэба спярша пачытаць...
І тады ж, з першых радкоў, можна сказаць, прыйсці да высновы, што дзяліць няма чаго — шкуры, то-бок артыкула... няма: аўтар проста пераказаў біяграфію.
А потым зноў пазваніў. І зноў не проста ўгаворваў — умольваў аб публікацыі. «Ну, — казаў, — калі не ўсяго артыкула, то хоць бы паловы... Альбо траціны... Таксама не? Тады — хоць бы фатаграфіі...
«Але ж, — спрабавала пярэчыць, — здымкі старыя і вельмі сумнеўнай якасці... Да таго ж герой на іх — не адзін. Што пісаць пра другога чалавека? Хто гэта?» — «Дык жа я», — прызнаўся суразмоўнік.
Карацей, гісторыя, можна сказаць, для рубрыкі «...Народ на провадзе!».
Чытаючы іх, як і лісты, што прыходзяць у рэдакцыю, часам пасмяешся, часам паплачаш, шмат даведаешся, зробіш высновы...
На гэты раз — аб тым, што, дзякаваць богу, не ўсе яшчэ згодны абнесці свой дом (сваю крэпасць) высокай агароджай, што ў краіне па-ранейшаму шмат людзей неабыякавых — да лёсу вёскі, горада, мовы, краіны; што многія, як спадар Уладзімір Голубеў, пакуль жывуць, не проста спадзяюцца на лепшае, але і нешта робяць для таго, каб... вазоны ў нашым агульным «пад'ездзе» цвілі не толькі на ўваходзе.
Валянціна ДОЎНАР
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/chytachy
[4] https://zviazda.by/be/tags/poshta