Беларусь гатовая нарошчваць тэмпы паставак угнаенняў у Бангладэш — пра гэта паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, упаўнаважаны па супрацоўніцтве з Бангладэш Міхаіл МЯСНІКОВІЧ падчас сустрэчы з адказным сакратаром міністэрства сельскай гаспадаркі гэтай краіны Эм-Дзі Насіруззаманам.
«Мы задаволены станам нашых адносін, спадзяёмся на захаванне пераемнасці, стварэнне новых праектаў і рэалізацыю новых ідэй», — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва абедзвюх краін заснавана на добрым партнёрстве дзяржаўных кампаній, якія кіруюцца прынцыпамі сумленнасці, адказнасці і павагі. Спікер верхняй палаты беларускага парламента нагадаў таксама, што Беларусь заўсёды падтрымлівала паўднёваазіяцкую краіну як у двухбаковых зносінах, так і на міжнародным узроўні, шчыра радуецца яе поспехам у развіцці эканомікі і іншых галінах.
«Мы гатовыя не толькі развіваць гандлёвыя адносіны, але і дзяліцца тэхналогіямі, каб ствараць сумесныя прадпрыемствы ў Бангладэш», — адзначыў спікер верхняй палаты беларускага парламента. Ён паведаміў журналістам, што гаворка на сустрэчы таксама ішла аб пастаўках тэхнікі, супрацоўніцтве ў галінах насенняводства, падрыхтоўкі кадраў і адукацыі.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на высокую якасць і канкурэнтаздольнасць тэкстыльных і скураных вырабаў, а таксама тавараў для дывановай прамысловасці, вырабленых у Бангладэш. Па словах парламентарыя, яны карыстаюцца ў Беларусі попытам.
Эм-Дзі Насіруззаман, у сваю чаргу, нагадаў, што апошнія некалькі гадоў яго краіна імпартуе беларускія калійныя ўгнаенні, вельмі важныя для бульбы і іншай агародніны.
«Бангладэшская сельская гаспадарка выкарыстоўвае каля 900 тысяч тон калію штогод. Дзяржава закупляе палову гэтага аб'ёму, бо не мае адмысловага сховішча. У хуткім часе плануецца будаўніцтва склада для калійных угнаенняў, што здыме абмежаванні», — растлумачыў адказны сакратар мінсельгасу Бангладэш.
Кантракт на новы фінансавы год на пастаўку 450 тысяч тон хлорыстага калію ў Савеце Рэспублікі падпісалі генеральны дырэктар ААТ «Беларуская калійная кампанія» Алена Кудравец і старшыня BАDС — дзяржаўнай карпарацыі па развіцці сельскай гаспадаркі Бангладэш Вахід Хондакер. Па выніках мінулага года доля БКК на калійным рынку Бангладэш перавысіла 40 %.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/bangladesh
[6] https://zviazda.by/be/tags/gandal