Шоу пад такой назвай стала прыемным сюрпрызам «Славянскаму базару ў Віцебску» ад кітайскіх цыркачоў. Падрыхтоўчая праца вялася з мінулага года. У рэалізацыі праекта вельмі паспрыяў беларускі пасол у Кітаі Кірыл Руды, за што яму вельмі дзякуюць усе арганізатары і ўдзельнікі шоу.
Сёння артысты з Паднябеснай дораць фестывальнаму гораду феерыю эмоцый, якія ў памяці застануцца надоўга. Нездарма гавораць, што, калі адзін раз убачыш кітайскі цырк, абавязкова захочацца зрабіць гэта зноў і не раз.
Прадстаўнікі калектыву тлумачыць, што прыехалі ў Віцебск, каб у першую чаргу пабудаваць культурны мост і паспрыяць культурнаму абмену. Магчымасць выступіць на фестывалі дазволіць вывесці на новы ўзровень дыялог паміж Беларуссю і Кітаем. Гэта магчымасць яшчэ больш узмацніць сяброўства паміж краінамі.
У выніку гараджане і госці Віцебска маюць магчымасць убачыць выступленне ўнікальнага акрабатычнага мастацкага калектыву, які гастраляваў больш чым у 40 краінах, у тым ліку і ў Афрыцы.
Намеснік галоўнага назіральніка Упраўлення культуры і турызму правінцыі Шаньсі Мэн Баомінь падзякаваў беларусам за гасціннасць і клопат. Журналістам ён прызнаўся, што звярнуўся па дапамогу да медыкаў. І быў прыемна здзіўлены ўвагай і высокім прафесіяналізмам, аператыўнай дапамогай людзей у белых халатах.
Унікальныя дэкарацыі, фантастычныя трукі, яскравае светлавое афармленне — усё гэта варта таго, каб чакаць артыстаў з Кітаю зноў. Дарэчы, плануецца зрабіць выступленні кітайскіх майстроў мастацтваў розных жанраў на «Славянскім базары ў Віцебску» традыцыйным.
Акрамя цыркавога прадстаўлення, кітайская дэлегацыя паказала ў Віцебску традыцыйныя народныя рамёствы і ўнікальныя мастацкія вырабы: сычуаньскую двухбаковую вышыўку, адмысловыя карціны, якія робяцца іголкай па дрэве, капілкі-знакі ўсходняга гараскопу, срэбраныя ўпрыгажэнні.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ і БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/slavyanski-bazar-u-vicebsku