У «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» задуманы новы творчы праект, прысвечаны класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Сямёнавічу Караткевічу (1930—1984).
Энцыклапедысты сумесна з вучонымі-літаратуразнаўцамі плануюць падрыхтаваць і выдаць персанальную энцыклапедыю «Уладзімір Караткевіч». Рэалізацыя праекта прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння класіка, якое Беларусь будзе адзначаць у лістападзе 2020 года. Варта нагадаць, што «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў розныя гады, пачынаючы з 1986-га, выдала некалькі персанальных энцыклапедый: «Янка Купала» (калі першая была ў адным томе, то другое выданне — ужо ў трох), «Францыск Скарына», «Максім Багдановіч». Між іншым, персанальных энцыклапедый не так ужо і шмат на постсавецкай прасторы. Да 1991 года іх увогуле было, акрамя «купалаўскай», усяго толькі дзве — «М. Ю. Лермантаў» і «Т. Р. Шаўчэнка».
Складзены ўжо і слоўнік энцыклапедыі «Уладзімір Караткевіч». Пакуль што ён налічвае 656 тэрмінаў, якія пасля стануць артыкуламі энцыклапедыі. Ад Абабуркі да Яскевіча — такі прасцяг будучага выдання. Мовазнавец Мікалай Васілевіч Абабурка вывучаў эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку ў творах беларускіх празаікаў, у тым ліку — і ў прозе Уладзіміра Караткевіча. Літаратуразнавец Алесь Яскевіч — таксама з шэрагу даследчыкаў творчасці аўтара «Каласоў пад сярпом тваім». Пад адной вокладкай знойдзецца месца матэрыялам, прысвечаным раманам, аповесцям, апавяданням, нарысам, вершам, п'есам У. Караткевіча, мастакам і кампазітарам, якія прычыніліся да яго творчасці, мясцінам, якія звязаны з жыццём класіка, дзе ён быў у адпачынку, спыняўся ў знаёмых і сваякоў, куды ездзіў па запрашэнні сяброў.
— Да работы над персанальнай энцыклапедыяй мы запрасілі вялікі атрад навукоўцаў, пісьменнікаў, музейшчыкаў і архівістаў, — расказвае дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. — Доктар філалагічных навук Аляксей Ненадавец, кандыдат мастацтвазнаўства Галія Фатыхава, дактары філалагічных навук Вячаслаў Рагойша, Іван Штэйнер, бібліятэкары, архівісты — вось кола дзясяткаў аўтараў, якія ўжо пачалі работу для нашага выдання. Мы вельмі спадзяёмся, што яно стане добрым унёскам у айчыннае караткевічазнаўства, пакажа не толькі ўзровень, якога дасягнулі даследаванні жыцця і творчасці легендарнага беларускага пісьменніка, але і выбудуе новыя дарогі да засваення зробленага, здзейсненага ў імя сваёй Айчыны Уладзімірам Сямёнавічам Караткевічам.
Мяркуецца, што персанальная энцыклапедыя будзе багата ілюстравана карцінамі, прысвечанымі пісьменніку, рэпрадукцыямі з кніжнай графікі да твораў У. Караткевіча, а таксама фатаграфічнымі матэрыяламі.
Кастусь ЛАДУЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kastus-laducka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-encyklapedyya-imya-p-brouki-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/encyklapedyya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich