Назва гэтай вёскі Маладзечанскага раёна нагадвае, што некалі прыметай паселішча з'яўлялася плябань — дом святара побач з храмам. У якія часы такая назва замацавалася — размова асобная. Але вядома, што першы драўляны будынак мясцовага касцёла на загад вялікага князя Аляксандра Ягелончыка пачалі тут будаваць прыкладна ў 1500 годзе.
Стагоддзі не пашкадавалі ўзведзенага. Сёння толькі адна пабудова 1880 года маўкліва паглядае з пагорка на маляўнічае наваколле.
Калі ж пажадаеце зрабіць экскурсію ў мінулае — наведайце размешчаны побач цэнтр традыцыйнай культуры і побыту. Вы ўбачыце ўзоры мясцовых вышыванак, глінянага посуду, упрыгожанняў з саломкі, адзенне святароў і тагачасныя гаспадарчыя прылады.
На ўтравелых мурах цішыня,
Але верыць спакою не варта —
Тут наяве, нібыта ў снах,
З-пад камення глядзіць даўніна,
Разам з ёй углядаюся ў заўтра.
Скрозь стагоддзі ўспамінаў прамень
Асвятляе былыя часіны.
Не закрые няпамяцтва цень
Дзень мінулы і заўтрашні дзень,
Змацаваныя лёсам адзіным.
Яўген ПЯСЕЦКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/fota-na-trynaccatuyu-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/maladzechanski-rayon