Археалагічныя раскопкі вядуцца на гарадзішчы ў вёсцы Цясты Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. У экспедыцыі бяруць удзел першакурснікі гістарычнага факультэта БДУ пад кіраўніцтвам выкладчыкаў.
Закладзены раскоп на плошчы 80 м² дазволіў археолагам знайсці прадметы, якія адлюстроўваюць бытавую культуру плямёнаў балтаў. Сярод іх знаходак -- рыбалоўныя кручкі, нажы, шылы, сякеры, прасніца, прадметы ўзбраення. Знойдзены таксама ўпрыгажэнні з жалеза і бронзы: гэта бранзалеты, шпількі, бляшкі, пранізкі. Здабыткам археолагаў стала і вялікая колькасць разнастайнай керамікі. Яна ўся ляпная, але значна адрозніваецца паміж сабой. Частка посуду адносіцца да днепра-дзвінскай археалагічнай культуры і датуецца I-IV стагоддзямі н.э. Ёсць у знойдзенай калекцыі і фрагменты позняй керамікі, праўда, пакуль што не атрымалася ўстанавіць яе паходжанне.
Экспедыцыя ў Цястах працягнецца да 24 ліпеня. За гэты час археолагі плануюць знайсці печ-домніцу, жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы дадзенага перыяду. Канкрэтную перыядызацыю знойдзеных артэфактаў дапамогуць устанавіць далейшыя навуковыя даследаванні.
Трэба дадаць, што ўпершыню гарадзішча даследавалася ў пачатку 1980-х гадоў. З тых часоў археалагічныя раскопкі тут не вяліся.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/arhealagichnaya-ekspedycyya
[2] https://zviazda.by/be/tags/arhealagichnyya-raskopki
[3] https://zviazda.by/be/tags/verhnyadzvinski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[5] https://zviazda.by/be/tags/gistarychny-fakultet-bdu