Ініцыятыва «Хельсінкі-2» неабходная для забеспячэння агульнаеўрапейскай бяспекі. Гаворка пра гэта ішла на экспертнай сесіі «Прыярытэты развіцця Саюзнай дзяржавы» на VІ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, перадае карэспандэнт БелТА [2].
Старшыня Асацыяцыі міжнародных даследаванняў імя А. А. Грамыкі, дырэктар Інстытута Еўропы РАН Аляксей Грамыка прааналізаваў пазіцыю Саюзнай дзяржавы ў цэлым і Беларусі, і Расіі ў прыватнасці на міжнароднай арэне. «Цярністы шлях да агульнаеўрапейскай бяспекі не абміне «Хельсінкі-2». На фоне развалу сістэмы стратэгічнай стабільнасці і кантролю над узбраеннямі тым больш неабходна дзейнічаць кансалідавана і ўзгоднена», — перакананы эксперт.
Ён адзначыў, што ва ўмовах сітуацыі ў свеце, якая хутка змяняецца, складана прадказаць, якія агульныя выклікі сумеснай бяспекі з'явяцца ў бліжэйшыя гады. «Але што мы можам зрабіць — гэта павялічваць стрэсаўстойлівасць Саюзнай дзяржавы», — сказаў Аляксей Грамыка.
«Павышэнне прадукцыйнасці працы, інвестыцыі ў чалавечы капітал, навуку, маладзёжную палітыку — відавочныя патрабаванні часу», — растлумачыў ён. Эксперт дадаў, што Беларусі і Расіі трэба разам шукаць аптымальныя шляхі па ўбудаванні ў мегапраект «Пояс і шлях», які абяцае вялікія дывідэнды.
Як паведамлялася, дыскусію аб неабходнасці арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу ў АБСЕ прапанаваў пачаць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26-й штогадовай сесіі ПА АБСЕ ў Мінску ў 2017 годзе.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] http://www.belta.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii