Работы па рэканструкцыі званіцы і братняга корпуса Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра павінны быць завершаны да канца сакавіка 2020 года, адзначыла сёння ў час наведвання манастыра кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава, інфармуе БЕЛТА [1].
У маі 2020 года адзначацца 550-годдзе з часу з'яўлення Жыровіцкай іконы Божай Маці і 500-годдзе заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра.
"Манастыр - значная праваслаўная святыня. Юбілейныя даты не застануцца па-за ўвагай. Святочныя мерапрыемствы прыцягнуць вялікую колькасць гасцей. Важна правесці свята на самым высокім узроўні. Падрыхтоўка да яго ўжо стартавала. У бліжэйшы час будзе створаны арганізацыйны камітэт, будзе прапрацавана канцэпцыя свята", - паведаміла Наталля Качанава.
Падчас наведвання манастыра кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта азнаёмілася з ходам работ па рэканструкцыі аб'ектаў манастыра. Раней, у прыватнасці, быў ўведзеныў эксплуатацыю будынак трапезных з гасцініцай для паломнікаў.
Неўзабаве пачнуцца работы па рэканструкцыі братняга корпуса. Яна прадугледжвае абнаўленне фасада, даху, замену вокнаў і дзвярэй, іншыя рамонтныя работы. Праект ужо гатовы і праходзіць экспертызу. Таксама вядуцца праектныя пошукі па рэстаўрацыі званіцы манастыра.
"Важна завяршыць гэтыя работы да канца сакавіка 2020 года, каб да святочных мерапрыемстваў аб'екты паўсталі ў абноўленым выглядзе. Пры гэтым асаблівую ўвагу трэба надаць якасці: памылак, пралікаў на аб'ектах такога ўзроўню быць не можа", - адзначыла Наталля Качанава. Яна таксама звярнула ўвагу на неабходнасць дбайнага і ўзважанага падыходу да добраўпарадкавання аграгарадка Жыровічы.
План падрыхтоўкі да свята прадугледжвае рэканструкцыю, рамонт і ўвод у эксплуатацыю каля 30 аб'ектаў. У тым ліку будзе абноўлена цэнтральная плошча аграгарадка. Запланавана цеплавая рэабілітацыя, рамонт фасадаў, абнаўленне даху Дома культуры, навучальных будынкаў і інтэрната аграрна-тэхнічнага каледжа. Вядзецца капітальны і бягучы рамонт жылля, працягваецца абнаўленне ліній сувязі, газа-, вода-і электразабеспячэння, ідзе замена дарожнага пакрыцця ў аграгарадку і на пад'ездзе да яго. Усе гэтыя працы, падкрэсліла Наталля Качанава, таксама неабходна завяршыць у сціслыя тэрміны, але без шкоды якасці.
Спасылкі
[1] http://www.belta.by/
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyrovichy