Праграму акадэмічнай мабільнасці прапануецца запусціць у Саюзнай дзяржаве. З такой ідэяй на VI Форуме рэгіёнаў выступіў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, паведамляе БЕЛТА [1].
Ігар Жук адзначыў, што студэнты, выкладчыкі, навукоўцы Беларусі і Расіі ўдзельнічаюць у еўрапейскіх праграмах акадэмічнай мабільнасці. "Хацелася б рэалізаваць аналагічную праграму ў Саюзнай дзяржаве. Гэта стымулявала б абмен студэнтамі, маладымі навукоўцамі, дапамагло б задзейнічаць вядучых вучоных дзвюх краін у адукацыйным працэсе", - падкрэсліў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.
Ён дадаў, што і ў Беларусі, і ў Расіі ёсць вядомыя прафесары, акадэмікі, якія маглі б падзяліцца неацэнным вопытам са студэнцкай моладдзю.
Па міжвузаўскіх пагадненнях такія абмены праводзяцца, але яны ў асноўным кароткатэрміновыя з-за абмежаванасці фінансавых рэсурсаў універсітэтаў. Між тым, грошы на гэтыя мэты маглі б вылучацца з бюджэту Саюзнай дзяржавы на конкурснай аснове. "Грантавая падтрымка стымулявала б развіццё двухбаковых адносін на ўзроўні рэгіёнаў, ВНУ, моладзі", - лічыць Ігар Жук.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/programmu-akademicheskoj-mobilnosti-predlagaetsja-zapustit-v-sojuznom-gosudarstve-355376-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-forum-regiyonau-belarusi-i-rasii