На розных сустрэчах і з людьмі сталага ўзросту, і з моладдзю раз-пораз гучыць пытанне: «Чым трэба абсыпаць маладых на вяселлі?» Адказваем: «Жытам!» Тады ўслед гучаць розныя супярэчлівыя ўдакладненні. Нехта скажа: «Адсталі вы ад жыцця, трэба абсыпаць рысам, бо так робяць кітайцы». «Не, — нехта не пагаджаецца: пялёсткамі руж, дарагавата, але чаго не зробіш для любімага дзіцяці». «Што вы, цяпер модна абсыпаць маладых канфеці (кавалачкамі рознакаляровай бліскучай паперы)». Ну вось і што тут скажаш. Колькі людзей, столькі і меркаванняў.
У вусна-паэтычнай спадчыне беларусаў даволі шырока прадстаўлены злакавыя культуры, сярод якіх важнае месца займае жыта. Сучаснаму чалавеку ў большай ступені знаёмы рытуал абсыпання зернем жыта вясельнага поезда перад адпраўленнем у храм, пазней у загс. Украінскі даследчык М.Ф. Сумцоў адзначае: «Абрадавае ўжыванне хлебных зярнят асабліва распаўсюджана на вяселлях усіх славян, больш за тое, усіх індаеўрапейскіх народаў. Гэта настолькі важны акт вясельнага рытуалу, што без яго ні велікарусы, ні беларусы не здзяйсняюць шлюбнай бяседы; відаць, ніводны індаеўрапейскі народ не прызнае ці не прызнаваў даўней вяселле скончаным без абсыпання маладых хлебнымі зярнятамі». Далей даследчык удакладняе, што ў розных народаў абрад абсыпання маладых праводзілі ў розны час, у розных месцах і рознымі злакавымі культурамі, а таксама цукеркамі, арэхамі і да т. п.
Такім чынам, па народных уяўленнях зерне, незалежна ад злакавай культуры, першым чынам з'яўлялася цэнтрам жыццёвай сілы, знакам урадлівасці, адраджэння, неўміручасці, вечнага абнаўлення, лічылася зародкам новага жыцця.
Зерне, колькасць якога немагчыма злічыць, выступала знакам множнасці, а значыць, багацця. А таму практычна ва ўсіх каляндарных і сямейна-родавых абрадах прысутнасць зерня была абавязковая. Рытуальнай сяўбой — «засеўкамі» — пачыналі новы год. Насенне ўсіх традыцыйных для Беларусі культур (жыта, аўса, ячменю, пшаніцы, проса) было асноўным абрадавым атрыбутам у кантэксце калядна-навагодняга абраду «засявання», які выконваўся дзецьмі раніцай 14 студзеня, г. зн. адразу ж пасля святкавання Шчадраца. Зерне гэтых жа культур выкарыстоўвалі падчас абрадавых падзей абыходу вёскі ў дзень Багача, свята ў гонар завяршэння збору ўраджаю, прымеркаванага да часу восеньскага раўнадзенства. Заўважце: і ў адным, і ў другім выпадку было задзейнічана зерне культур, якія складалі аснову дабрабыту сям'і. Таму далёка не выпадковая сувязь з тымі беларускімі святамі, у назве якіх сфакусіравана філасофія ўсяго цыклу гаспадарчай дзейнасці чалавека-земляроба быць багатым — Шчодры вечар (14.01) і Багач (21.09).
«Сама прысутнасць зерня на святочным стале (і ўсякага кшталту кантакт з ім) забяспечвала хаце дастатак, урадлівасць і агульны дабрабыт», — сцвярджае расійская даследчыца В. У. Усачова. А таму, перад тым як маладыя надзявалі заручальныя пярсцёнкі, іх на некаторы час клалі ў жыта. Менавіта так робяць сёння ў некаторых загсах Беларусі.
Зерне надзялялася не толькі прадукавальнай, але яшчэ і ахоўнай семантыкай. І калі бацькі абсыпалі маладых зернем адной са злакавых культур, яны жадалі ім сямейнага дабрабыту, нараджэння дзяцей, а таксама імкнуліся абараніць ад уздзеяння злых сіл.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК
Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-katovich
[2] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/radzinnae