У мінчаніна Андрэя - два гусі. Ён вырашыў іх пажаніць і зладзіць урачыстую цырымонію, але гарадскія ўлады такую ідэю не падтрымалі, піша tut.by [1].
Абодвум гусям - паўтара года. Адзін, па мянушцы Харвістэр, жыве з Андрэем у кватэры, гуска Крышна - на дачы.
- Харві прыязджае наведваць Крышну, і яны разам вельмі добра сябе адчуваюць. Як з'явілася ідэя вяселля? Прачыталі каментары падпісчыкаў, што гусаку патрэбна сяброўка і было б выдатна іх пажаніць, - распавядае Андрэй.
Каб аб'яднаць закаханых, Андрэй напісаў адпаведную заяву.
Ён хацеў правесці ўрачыстую цырымонію ў Лошыцкім парку, але чыноўнікі яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што выязная рэгістрацыя праводзіцца на аснове заявы грамадзян.
У дакуменце таксама адзначалася, што гусі не адпавядаюць артыкулу 12 Кодэкса РБ аб сям'і і шлюбе.
Уладальнік птушак усё роўна плануе іх ажаніць, няхай і неафіцыйна.
Спасылкі
[1] https://news.tut.by/culture/646094.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/gus
[3] https://zviazda.by/be/tags/vyaselle