Установы адукацыi, якiя ажыццяўляюць падрыхтоўку на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, пачалі сёння прыём дакументаў ад абітурыентаў, паведаміў БЕЛТА [1] начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч.
"Абітурыенты, якія скончылі 9 класаў, а таксама выпускнікі школ, якія не падавалі дакументы ў ВНУ, або тыя, хто не пройдуць па конкурсе на выбраныя спецыяльнасці, павінны ведаць, што сёння пачынаецца прыём дакументаў у ССНУ", - распавёў Сяргей Каспяровіч.
На базе 9 класаў прыём дакументаў ажыццяўляецца па сярэднім бале пасведчання аб атрыманні агульнай базавай адукацыі (па ўсіх спецыяльнасцях, акрамя творчых і спецыяльнасцяў фізічнай культуры і спорту, дзе яшчэ неабходна прайсці спецыяльныя ўступныя выпрабаванні).
На базе 11 класаў схема крыху больш складаная. "Калі конкурс у папярэднi год па спецыяльнасці быў вышэй 1,5 чалавека на месца, то абітурыенты здаюць два ЦТ - мова і профільны прадмет. Парогу па ЦТ няма. Калі конкурс у папярэднi год па спецыяльнасці быў 1,5 і ніжэй, то абітурыенты паступаюць па сярэднім бале атэстата аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі. Пры паступленні па атэстаце на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці абітурыенты таксама здаюць спецыяльныя ўступныя выпрабаванні", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.
На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі прыём дакументаў пасля 9 і 11 класаў ажыццяўляецца на базе дакумента аб адукацыі, акрамя творчых спецыяльнасцяў.
Пасля 9 класаў прыём дакументаў у ССНУ на бюджэт завершыцца 3 жніўня, на платнае - 14 жніўня. Пасля 11 класаў на бюджэт - 9 жніўня, на платнае - 16 жніўня. Прыём дакументаў на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі пачаўся 15 чэрвеня і завершыцца 25 жніўня.
"Варта адзначыць, што пасля завяршэння навучання выпускнікі, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю, маюць магчымасць паступаць у ВНУ на профільныя спецыяльнасці па асаблівай траекторыі - на скарочаны тэрмін навучання і без здачы ЦТ, толькі па ўнутраных выпрабаваннях. У такім выпадку здаюцца іспыты па дысцыплінах, вывучаных у каледжы", - падкрэсліў Сяргей Каспяровіч.
У 2019 годзе прыём дакументаў ад абітурыентаў на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ажыццяўляюць 110 каледжаў і 83 установы адукацыі, якія рэалізуюць адпаведныя праграмы на 156 спецыяльнасцях.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/society/view/ssuzy-nachali-priem-dokumentov-ot-abiturientov-355588-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/pryyomnaya-kampaniya-u-ssnu