У паўночна-ўсходнім раёне Міншчыны — Крупскім — пачалося масавае жніво. Мне давялося пабыць на прадпрыемстве ААТ «Кляновічы», спецыялісты якога — і механізатары, і жывёлаводы — не першы год дэманструюць добрыя вынікі сваёй працы. На гэтым здымку якраз тыя людзі, без якіх немагчыма ўявіць ні пасяўную кампанію, ні тым больш жніво, — камбайнёр Аляксандр Мядзведзь (злева) і начальнік участка Аляксандр Веялка.
У мінулыя выхадныя шэсць збожжаўборачных экіпажаў гаспадаркі накіраваліся на хлебныя палеткі за вёску Калодніца: тут, на вытворчым участку «Цвеціна», пасеены шэсцьдзясят адзін гектар азімай пшаніцы. Не марудзячы, камбайны (большаць з якіх беларускай вытворчасці — «Палессе») сталі абмалочваць спелую збажыну і засыпаць у бункеры першыя тоны новага ўраджаю. Добраму настрою механізатараў спрыяла сонечнае і ў той жа час не спякотнае надвор'е.
— Азімая пшаніца нас сёлета радуе: колас у колас, быццам бы сцяна хлеба! — кажа начальнік участка «Цвеціна», аграном па спецыяльнасці Аляксандр Веялка, якому даручана адсочваць тэхналогію абмалоту.— Перад гаспадаркай пастаўлена задача максімальна знізіць страты хлеба!
Правесці сёлетняе жніво ў Кляновічах даручана вопытным хлебаробам, сярод якіх камбайнеры Уладзімір Якушэнка і Аляксандр Мядведзь, кіроўцы Юрый Кавалеўскі, Генадзь Каспяровіч, Сяргей Шанькоў. Кіроўца МАЗа 30-гадовы Юрый Кавалеўскі дзясяты год на жніве, летась быў удзельнікам абласных «Дажынак». А шафёр Сяргей Шанькоў — наогул легенда сельскай гаспадаркі: ён ужо сорак гадоў удзельнічае ў гэтай адказнай кампаніі.
Анатоль КЛЯШЧУК, фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] https://zviazda.by/be/tags/fotarepartazh
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo-2019
[6] https://zviazda.by/be/tags/krupski-rayon-1