Ужо ў гэту нядзелю адбудзецца паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета — 2019». У літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» завітаюць нашчадкі паэта і Эміліі Луцкевіч.
Арганізатары фэсту запрашаюць усіх ахвотных далучацца да свята — хто ведае, магчыма, пазней менавіта ваша гісторыя наведвання гэтага месца стане легендарнай?..У 11 гадзін распачнецца прывітальная імпрэза каля памятных камянёў. Ужо праз гадзіну — літаратурна-музычная імпрэза. З 12 да 16 гадзін пройдуць майстар-клас па напісанні лімерыкаў і інтэлект-трэніроўка ад ПЭН-цэнтра, гульні «Падарожжа з Вільні ў Мінск», «Літаратурны кракадзіл», «Музейная шуфлядка», квэст па экспазіцыі, а таксама майстар-клас па выцінанцы.
Варта адзначыць, што ўжо мінула 25 год з таго моманту, калі літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча «Фальварак Ракуцёўшчына» прыняў першых наведвальнікаў. Менавіта ім, першым, пашчасціла акунуцца ў атмасферу старасвецкага фальварка, на свае вочы ўбачыць «Дом гаспадара», што ласкава прымаў беларускага паэта з далёкага Яраслаўля, наведаць экспазіцыю ў адноўленым «Дамку арандатара», зазірнуць у гумно і наталіць смагу з крыніцы «жывой вады», пра якую некалі напісаў паэт...
Цяпер у «Фальвараку Ракуцёўшчына» адкрылася экспазіцыя ў «Доме гаспадара». Яе экспанаты знаёмяць з жыццём былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага і яго гасцей, апавядаюць пра Эмілію Шабуню і яе маленькую дачку Яніну, якія былі побач з Максімам два летнія месяцы і пакінулі ўспаміны пра маладога паэта.
У самых актыўных і спрытных гасцей ёсць магчымасць трапіць на свята ў складзе арганізаванай группы з Літаратурным музеем Максіма Багдановіча (тэлефон (8017) 334-42-69), кошт білетаў — 10—15 руб. Самастойна дабрацца ў фальварак можна на электрычцы Мінск—Маладзечна, Маладзечна—Мінск (станцыя Уша) ці маршрутным таксі Мінск—Краснае, Мінск—Маладзечна (вёска Краснае).
Варвара ГОМАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-goman
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/rakucyouskae-leta
[5] https://zviazda.by/be/tags/rakucyoushchyna