Галоўным героям першай часткі гістарычнага фэнтэзі-рамана Людмілы Рублеўскай – шляхціцу Пранцішу Вырвічу і яго вернаму спадарожніку доктару Баўтрамею Лёдніку – давядзецца пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, здабыць дзіду святога Маўрыкія, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай самім Леанарда да Вінчы... Падзеі рамана адбываюцца ў XVIII стагоддзі – у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў. Пазнаёмцеся з Вырвічам-шкаляром – і вам абавязкова захочацца дазнацца, што адбывалася далей з Вырвічам-студыёзусам, Вырвічам-драгуном і нават Вырвічам-здраднікам.