У пачатку XX стагоддзя вядомы вучоны, выдавец і гісторык вялікі князь Мікалай Міхайлавіч Раманаў (дзядзька цара Мікалая ІІ) выдаў корпус звестак аб асобах, пахаваных на могілках Масквы, Пецярбурга, паўночных губерняў Расіі, а таксама Парыжа і яго ваколіц пад назвай «Рускі некропаль». У яго планах было сістэматызаваць інфармацыю і па ўсіх тых правінцыяльных могілках, якія знаходзіліся на тэрыторыі сённяшняй Беларусі — на той момант часткі Расійскай імперыі. У 1908—1911 гадах Магілёўская епархія правяла маштабную работу па перапісе даных з надмагільных пліт. Перад царкоўнымі служыцелямі таксама стаяла задача ўнесці ў спісы тых людзей, якія нешта зрабілі для горада або павета. Гэты абагульнены звод павінен быў увайсці ў адзін з тамоў спецыяльнага выдання. Але адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя, і сабраныя пра некропаль звесткі ляглі ў архівы. Нядаўна яны трапілі ў рукі магілёўскай настаўніцы гісторыі, завуча 34-й школы Галіны Бяляевай.
Тайна магілёўскага некропаля
Яшчэ шэсць гадоў таму яна разам з вучнямі занялася інвентарным вопісам магілёўскіх пахаванняў XІX — пачатку XX стагоддзя. У Магілёве яны ёсць на некалькіх могілках, але іх стан, мякка кажучы, не надта добры — разламаныя помнікі, напалову сцёртыя надпісы, урослыя ў зямлю пліты. Магчыма, нашчадкаў памерлых ужо таксама няма ў жывых або яны з'ехалі кудысьці на край свету, і хтосьці ўжо з іх унукаў шукае свае карані і не можа знайсці. Хутчэй за ўсё — і не знойдзе, бо спробы стварыць такую грунтоўную базу беларускіх могілак за апошняе стагоддзе болей не рабіліся. Ва ўсялякім разе, абагульненай базы Галіна Бяляева ў 2013 годзе не знайшла. Таму і вырашыла разам са сваімі вучнямі выправіць гэты прабел. За паўгода яны абышлі шэсць могілак — Успенскія, Машэкаўскія, Яўрэйскія, Польскія, Карабанаўскія, Васкрасенскія — і ўнеслі ў спіс 292 магілы. Усе пахаванні класіфікаваны па часе, палавой і ўзроставай прыналежнасці, зроблена ацэнка захаванасці помнікаў, складзены спісы імянных надмагілляў, пазначаны і тыя пахаванні, якія ідэнтыфікаваць не атрымалася. Але калі даследчыкі паспрабавалі дапоўніць спіс інфармацыяй з мясцовых архіваў, высветлілася, што там нічога па гэтай тэме няма.
— Наш пошук зацягнуўся на пяць доўгіх гадоў, — кажа Галіна Бяляева. — Мы знаходзілі новыя помнікі, папаўнялі свой спіс, але ўвесь час хацелася даведацца, што было зроблена да нас.
Аднойчы яна знайшла ў інтэрнэце падказку — спасылку на менавіта той самы архіў князя Мікалая Раманава. Ледзь дачакалася летняга адпачынку, каб адправіцца ў Расію і нарэшце дакрануцца да архіўных старонак.
— Калі ехала, я дакладна ведала і фонды, і вопісы, і колькі ўсяго старонак складае гэты архіў. Калі адкрыла вялікі архіўны фаліянт, сэрца аж закалацілася ад невымоўнай радасці. Мяне перапаўнялі пачуцці — архіў Мікалая Міхайлавіча Раманава з вопісам некропаля, які быў зроблены Магілёўскай кансісторыяй за 1908 — 1911 гады, нарэшце ў маіх руках.
180 старонак — за тры дні
«Помнікі здымаюцца з месцаў, прадаюцца гандлярам: надпісы, крыжы, скульптурныя выявы знікаюць або абязвечваюцца; пліты закладаюцца ў падмуркі, тратуары, пад вадасцёкавыя трубы, разбіваюцца на бут. Цэлыя склепы з засыпанымі тынкоўкай і пылам стагоддзяў помнікамі, з сарванымі гербамі, з замазанай фарбай ці знішчанымі надпісамі служаць складам нягодных рэчаў», — пісаў у сваёй прадмове да першага тома «Маскоўскага некропаля» Мікалай Раманаў. За апошняе стагоддзе з паверхні зямлі знікла яшчэ больш культавых будынкаў, помнікаў, магіл... Знікла бясследна, разам з цікавымі надпісамі, сімваламі, знакамі.
— Пра былую сінагогу на Вялікай Мяшчанскай вуліцы (сёння Грамадзянская) мы ўсе добра ведаем, а што было ў ёй унутры — пытанне, — інтрыгуе Галіна Бяляева. — У архіве знайшлася інфармацыя пра надпіс, які быў на яе сцяне. «Чалавек тужыць пра страту капіталу свайго і не тужыць пра страту дзён сваіх. А дні яго незваротныя». Сапраўды, мы заўсёды перажываем за матэрыяльнае і зусім не думаем пра тое, што час нашага знаходжання на зямлі абмежаваны. Калі сядзіш і ўдыхаеш пах дакументаў стогадовай даўніны, гэтыя словы гучаць асабліва па-прароцку.
На сёння па Магілёўскай епархіі захавалася 180 старонак архіўнага матэрыялу. Магілёў, Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Чавускі, Мсціслаўскі і іншыя паветы, а яшчэ — Орша, Аршанскі павет, Рагачоўскі, нават Гомель — яны таксама ўваходзілі ў Магілёўскую епархію. Галіна Бяляева паспела заканспектаваць усе тыя імёны, якія былі там пазначаны. За тры дні спісала два нататніка, сядзела ў архіве з раніцы да позняга вечара, пакуль працавала ўстанова. У гасцініцы ўсё перачытвала і наступны дзень пачынала з таго, што перагортвала тыя ж самыя старонкі, каб яшчэ раз зверыць літары і словы, якія выклікалі сумнеў.
— Царкоўныя служачыя працавалі над гэтым зводам цэлыя тры гады, у сваіх лістах адзначалі, што рабоце часта перашкаджалі снег або дрэнная захаванасць надпісаў, — кажа настаўніца. — Але нават не ўсё тое, што яны сабралі, трапіла ў зводны спіс Магілёўскай кансісторыі. Часцей за ўсё гэта адбывалася з прычыны дрэннага почырку. Я пераглядала ўсе арыгіналы, знаходзіла прапушчаныя імёны і перапісвала іх, а таксама імёны тых святароў, якія гэтыя спісы складалі.
Месца цяпер вядома
Суразмоўніца прыводзіць прыклады таго, якія адкрыцці дапамагла здзейсніць здабытая ёй інфармацыя.
У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Магілёве быў знесены Богаяўленскі Брацкі манастыр, які знаходзіўся ў раёне сучаснай плошчы Славы. Архіўны спіс дапамог даведацца, што на манастырскіх могілках знаходзілася пахаванне генерала кавалерыі Сямёна Васілевіча Каханава — героя руска-турэцкай вайны. У царкоўнай агароджы гэтага ж манастыра быў пахаваны адзін з магілёўскіх губернатараў —ікалай Скалон, а ў самой царкве яго дачка Алена. Гэта была яго трэцяя дачка, пра якую ніхто не ведаў — усе лічылі, што ў яго два дзіцяці. Там жа пахавана Пелагея Пятроўна Карабанькава — прадстаўніца вядомага шляхецкага роду. А можа, гэта ў яе гонар у Магілёве існуе мясцовы тапонім Карабанаўка? Для Магілёўскай епархіі цікавай аказалася інфармацыя пра тое, што на тамтэйшых могілках знайшоў свой вечны спачын архімандрыт Афанасій, які ў розны час быў настаяцелем гэтага манастыра і Успенскага, што ў Пустынках Мсціслаўскага раёна. Месца яго пахавання дагэтуль было невядома. Адкрыццём стала і тое, што ў Пустынках пахаваны настаяцель Успенскага манастыра архімандрыт Анатоль, які 30 гадоў працаваў на яго карысць і памёр у 1901 годзе. Там жа каля царквы была магіла яшчэ аднаго з настаяцеляў манастыра — ігумена Еляўферыя, які памёр у 1896 годзе.
— Спадзяюся, што ўсе тыя прозвішчы, якія я запісала, стануць разгадкай той ці іншай гістарычнай падзеі. Гэта важна не толькі для свяшчэннікаў і гісторыкаў, але і для звычайных людзей, якія ствараюць радаводы або захоўваюць пра кагосьці памяць, — лічыць Галіна Бяляева.
Троіцкая царква ў Магілёве наогул доўгі час была толькі прадметам здагадак. Нядаўна атрымалася знайсці яе падмурак. А Галіна даведалася яшчэ і пра двух святароў, якія былі пахаваныя каля яе.
— На жаль, протаіерэй, які занатоўваў гэтыя імёны, пісаў неразборліва, — кажа яна. — Калі ліст прыйшоў у Магілёўскую кансісторыю, яго нават вырашылі не ўносіць у спісы. Я знайшла яго сярод арыгіналаў.
У Слаўгарадзе (былым Прапойску) ведаюць пра князёў Крапоткіных. Але дзе яны пахаваны, было вядома толькі па расказах. Цяпер гэтае месца дакладна ўстаноўлена — каля храма Раства Прасвятой Багародзіцы.
— Захаваліся звесткі, што каля царквы знаходзяцца два мармуровыя помнікі з крыжамі наверсе. Адзін належаў князю Мікалаю Крапотніку, другі — яго жонцы Марыі Аляксандраўне, народжанай фон Бенкендорф.
Праца ў архіве дапамагла Галіне даведацца крыху болей не толькі пра іншых, але і пра свайго сваяка — калежскага саветніка Івана Паўлавіча Булая, які памёр у 1883 годзе. Яго пахаванне знаходзілася на Машэкаўскіх могілках.
Гісторыя аднаго клада
Саборныя могілкі (або, як іх яшчэ называлі, Кафедральныя) знаходзіліся якраз паміж цяперашнім гандлёвым цэнтрам «Панарама» і гасцініцай «Магілёў». Пахаванні знеслі ў 1960-я гады ў сувязі з перапланіроўкай горада. Перад тым як пусціць магілы пад бульдозер, ніхто нават не падумаў спісаць імёны з помнікаў. У 2013 годзе Галіна Бяляева з вучнямі паспрабавала выправіць несправядлівасць. На сайце школы, дзе, дарэчы, яны выставілі спісы па ўсіх магілёўскіх могілках, быў размешчаны заклік з просьбай падзяліцца інфармацыяй пра тых, хто пахаваны на Саборных могілках. Адгукнуліся толькі дзве сям'і — яны далі інфармацыю і фотаздымкі аб пяці сваіх родных.
— У архіве знайшлося яшчэ 20 прозвішчаў, — радуецца Галіна. — Гэта святары, ваенныя, выкладчыкі духоўнай семінарыі. Цікавасць уяўляе персона Мацвея Васілевіча Фурсава — рэдактара «Губернскіх ведамасцяў», дырэктара Магілёўскай гімназіі, правадзейнага стацкага саветніка і аўтара гістарычнага нарыса да «Вопыту апісання Магілёўскай губерні» Аляксандра Дэмбавецкага. Тут жа быў пахаваны кіраўнік Магілёўскай кантрольнай палаты, правадзейны стацкі саветнік Мікалай Дзярагін. Гэтае прозвішча ёсць нават у памятных кніжках Магілёўскай губерні.
Замест любага — толькі яго мундзір
У архіве захавалася кранальная гісторыя, звязаная з Пугляеўскай царквой Горацкага павета. Там знаходзіўся помнік удзельніку паходу супраць Напалеона генерал-маёру Аляксею Пятровічу Мелісіну. Як сведчыў надпіс, генерал нарадзіўся ў 1766 годзе, а ў 1788-м уступіў у шлюб з дачкой князя Кантакузена. Забіты быў у 1813 годзе падчас бітвы пры Дрэздэне. Яго цела пахавалі ў Цепліцы (тэрыторыя сучаснай Чэхіі), а жонцы, якая спрабавала знайсці яго парэшткі і перавезці ў Расію, перадалі толькі мундзір, у якім быў забіты яе сужэнец. І гэты мундзір быў пахаваны ў Пугляеўскай царкве. Уся гэта гісторыя стала магільнай эпітафіяй.
Цяпер настаўніца дапаўняе той спіс магілёўскага некропаля, які пачынала складаць разам са сваімі вучнямі. На жаль, ён таксама будзе няпоўны. Тыя, хто займаўся перапісам надмагілляў у пачатку 1900-х, не вельмі адказна паставіліся да сваёй місіі, і іх спісы атрымаліся сціплыя. Але гэтая інфармацыя ўсё роўна каштоўная і робіць шмат новых адкрыццяў. Галіна Бяляева спадзяецца, што, магчыма, нарэшце атрымаецца выправіць гістарычную несправядлівасць і зрабіць тое, што, на жаль, не атрымалася ў вялікага князя Мікалая Раманава, — выдаць гэтыя спісы асобным томам.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з архіва
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gistoryya
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou