Паблізу вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёна, як мяркуецца, разрадам маланкі смяротна траўмавана жанчына. Такая інфармацыя размешчана на сайце Дзяржкамітэта судовых экспертыз, паведамляе БелТА.
Трагедыя адбылася, калі дзве мясцовыя жыхаркі ў час навальніцы ехалі на веласіпедах па дарозе Мілашэвічы — Глушкавічы. Прыкладна ў 14.20 у небе бліснула маланка і пенсіянерка, якая ехала наперадзе, звалілася. Другая жанчына спынілася, каб дапамагчы ёй, але тая ўжо не падавала прыкмет жыцця. Яе вопратка была абпалена ў некалькіх месцах.
Пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы на целе загінулай эксперт выявіў сляды, характэрныя для паражэння электрычным токам. Дадатковыя даследаванні дазволяць устанавіць дакладную прычыну смерці.
Як паведамілі ў Дзяржкамітэце, удары маланак выключна небяспечныя. Яе ўдар смяротны для ўсяго жывога, праўда, у людзей і жывёл маланка трапляе параўнальна рэдка і толькі ў тых выпадках, калі сам чалавек з-за сваёй бяспечнасці ці няведання стварае для гэтага спрыяльныя ўмовы.
Важна разумець, што маланка заўсёды рухаецца да зямлі самым кароткім шляхам і часцей за ўсё б'е ў высокія прадметы, а з двух прадметаў аднолькавай вышыні — у той, які з'яўляецца лепшым правадніком. На вуліцы варта трымацца далей ад высокіх дрэў, якія растуць асобна, слупоў, ліній электраперадач, а таксама ад вогнішча, бо слуп гарачага паветра — добры праваднік электрычнасці. Акрамя таго, у непагадзь нельга знаходзіцца ў вадзе, а рыбалку падчас навальніцы трэба адразу ж кінуць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[3] https://zviazda.by/be/tags/zaginulyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/malanka