Больш як сорак прадстаўнікоў цэнтральнага рэгіёна прыняло ўдзел у І Форуме рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана.
Падчас пленарнага пасяджэння намеснік старшыні Мінаблвыканкама Мікалай Рагашчук расказаў аб міжрэгіянальных сувязях Міншчыны і Рэспублікі Узбекістан. Таксама было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў сацыяльнай сферы паміж Мінскім абласным выканаўчым камітэтам і хакіміятам Ташкенцкай вобласці. Паводле яго, бакі будуць абменьвацца вопытам і вучэбна-метадычнай дакументацыяй па арганізацыі навучальнага працэсу ва ўстановах адукацыі, праводзіць сумесныя канферэнцыі і семінары. Асаблівая ўвага — узаемадзеянню ў сферы аховы здароўя, абмену вопытам і павышэнню кваліфікацыі ўрачоў.
Бакі ўзялі на сябе абавязацельствы прымаць узгодненыя меры па стварэнні спрыяльных умоў для развіцця і ўмацавання кантактаў у сферы культуры, спорту і турызму. Тэрмін дзеяння пагаднення пяць гадоў.
Сапраўды, Міншчыну і Узбекістан звязвае цеснае сяброўства. Толькі летась узбекская дэлегацыя чатыры разы наведвала цэнтральны рэгіён. Беларусы двойчы здзейснілі візіты ў адказ, вынікам якіх сталі тры дакументы, што рэгламентуюць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Падчас сустрэчы, якая адбылася ў красавіку гэтага года ў Мінаблвыканкаме, падпісаны дагавор аб стварэнні сумеснага прадпрыемства, яго заснавальнікам з беларускага боку стала адкрытае акцыянернае таварыства «Здравушка-мілк».
Вынікам рэалізацыі двухбаковых дамоў стаў значны рост экспарту тавараў вытворцаў Мінскай вобласці ва Узбекістан. Калі ў 2018 годзе экспарт склаў 12,8 мільёна долараў, то сёлета толькі за чатыры месяцы — 10 мільёнаў. Ва Узбекістан экспартуюцца ў асноўным мяса і харчовыя субпрадукты з птушкі, прадукты перапрацоўкі нафты і медыцынскія прыборы. Імпартавала Міншчына баваўняную пражу, трыкатажнае палатно, свежы і сушаны вінаград.
Дададзім, што паміж Мінскай і Ташкенцкай абласцямі актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. Напрыклад, Мінскі абласны краязнаўчы музей мае праекты з Дзяржаўным музеем гісторыі Узбекістана.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/minshchyna-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/uzbekistan