Воіны сыходзіліся ў паядынках тры на тры. Узброеныя мячамі, сякерамі ды пікамі, яны стараліся паваліць праціўніка на зямлю. Дазволена ў баях было амаль усё. Аднак нельга раніць праціўніка ў вочы, стопы, пад калена. Ваявалі з такім імпэтам, што некалькі разоў разбуралі агароджу, якая абараняла гледачоў ад рыцарскай бойкі.
Адначасова на Замкавай гары праходзіў турнір лучнікаў, самай малодшай ўдзельніцы якога пяць гадоў.
— Марына яшчэ год таму не хацела нават глядзець на лук, захаплялася мячамі. А сёлета ўжо страляе, — кажа яе бацька Аляксандр. Ён, дарэчы, выйграў турнір у дуэльных паядынках, калі трэба было пацэліць у мішэнь — тры чарапы паралельна з праціўнікам.
Затым рысталішча на пару гадзін захапілі сярэднявечныя танцы з гуртом “Літы талер”.
Пасля гледачоў забаўлялі бугуртамі. Рыцары паказалі бітву за ваду — калі трэба было захапіць аазіс, схаваны за драўлянымі шчытамі, і ў кубках перанесі ваду з вядра ў глечык. Быў таксама бугурт — бітва на масту, які пасля першай жа зшыбкі прыйшлося рамантаваць, бо рыцары зламалі адну з дошак. У бугурце золата тампліераў трэба было захапіць і перанесці “золата” — два бервяны.
Коннае міле стала відовішчнай забаўкай, ход якой накіроўвала вялікая княгіня. За яе ўвагу спаборнічалі рыцары, якіх падзялілі на дзве групы. Воіны з клуба “Залатая шпора” намагаліся адабраць адзін у аднаго ярка-чырвоны ці залаты сцяг.
Пакуль на рысталішчы перапынак. Тэрыторыю рыхтуюць да захопу Мсціслаўскага замку, пра што мы вам яшчэ раскажам.
Ірына СІДАРОК
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/mscislau
[4] https://zviazda.by/be/tags/mscislauski-fest
[5] https://zviazda.by/be/tags/rycarski-festyval
[6] https://zviazda.by/be/tags/rycarski-fest