Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня правёў сустрэчу са сваім сябрам і калегам — экс-прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым, паведамляе БЕЛТА [3].
Нагодай для размовы стаў 70-гадовы юбілей госця, які ён адзначыў некалькі дзён таму. Беларускі лідар у Палацы Незалежнасці цёпла павіншаваў Курманбека Бакіева, паднёс сімвалічныя падарункі — карціну «Паляванне качэўнікаў з беркутам» — зборны вобраз, у якім злучаныя і нацыянальныя асаблівасці, і этнічны каларыт кыргызскага народа.
Стэпавы арол або беркут — асаблівы знак у светаразуменні качэўнікаў. Юбіляру Прэзідэнт таксама падарыў корцік і букет беларускіх колераў.
«Гэта ж мая краіна ... Коні, беркуты ...», - адрэагаваў Курманбек Бакіеў, убачыўшы карціну.
«Твая краіна і твая стыхія. Птушка гэтая ганарлівая на цябе падобная», — заўважыў Прэзідэнт Беларусі.
Курманбек Бакіеў падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за падарункі.
«Мы ўсе і прыйдзем да цябе на дзень нараджэння, — працягнуў сяброўскі дыялог Аляксандр Лукашэнка. — Ты можаш нам прыгатаваць кыргызскі плоў? Плоў з цябе, віно — з нас!»
Курманбек Бакіеў адказаў, што з задавальненнем прыме гасцей і асабіста прыгатуе пачастунак. «Сам буду рабіць. Ад і да», — падкрэсліў ён.
Ля працоўнага кабінета кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў спыніліся ля дзяржаўных сцягоў Беларусі і Кыргызстана, якія былі прадстаўлены не ў звыклым выкананні, а ў выглядзе галаграмы. Спецыяльны праектар з гэтай тэхналогіяй быў прэзентаваны адной з кампаній-рэзідэнтаў падчас наведвання Прэзідэнтам Беларусі Парку высокіх тэхналогій. «Гэта нашы айцішнікі зрабілі. Сёння ў нас дзень беларуска-кыргызскай дружбы ў гонар твайго юбілею», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
Па заканчэнні віншавальнай часткі Аляксандр Лукашэнка і Курманбек Бакіеў правялі рабочую сустрэчу, абмеркаваўшы актуальныя пытанні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://www.belta.by/president/view/lukashenko-vstretilsja-s-kurmanbekom-bakievym-i-pozdravil-ego-s-jubileem-357434-2019/
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/kurmanbek-bakieu