За час развіцця атамнай энергетыкі і ядзерных тэхналогій на планеце ўтварылася больш за 1 мільярд кубаметраў радыеактыўных адходаў. Аднак, па словах экспертаў, гэта несупастаўна мала ў параўнанні з аб'ёмамі адходаў прамысловых аб'ектаў увогуле, асабліва хімічнай галіны. Эколагі, якія сабраліся ў Мінску на навуковай канферэнцыі «Сахараўскія чытанні 2019 года: экалагічныя праблемы XXІ стагоддзя», упэўнены, што калі выбіраць паміж эканамічнай выгадай ад атамнай энергетыкі і экалагічнай бяспекай, то важнасць першай значна перавышае рызыку ад другой. А атамная генерацыя неўзабаве ўвогуле можа стаць сапраўднымі «лёгкімі планеты». Адзіны мінус пры гэтым — чалавецтва толькі вучыцца выкарыстоўваць адпрацаванае на АЭС паліва. Пакуль мы можам толькі захоўваць яго і перапрацоўваць, намагаючыся пры гэтым максімальна паменшыць колькасць небяспечнага матэрыялу.
Радыенукліды атамныя і прыродныя
У свеце дзейнічае больш за 230 атамных электрастанцый, будуецца яшчэ 37. Сучасная Беларуская АЭС у параўнанні са станцыямі, што існавалі раней, будзе вырабляць значна менш адходаў падчас работы, аднак поўнасцю пазбавіцца ад іх не атрымаецца, лічыць Алег МУРАТАЎ, прафесар, член грамадскага савета Дзяржкарпарацыі «Расатам», член Акадэміі навук экалогіі, бяспекі чалавека і прыроды (Санкт-Пецярбург, Расія):
— Ва ўсіх краінах з ядзернай энергетыкай цяпер распрацоўваюцца метады і тэхналогіі для бяспечнага захоўвання і перапрацоўкі ядзерных адходаў. У свеце існуе больш за 12 міжнародных праграм па скарачэнні вадкіх паліўных адходаў. Напрыклад, тэхналогія па іх зацвярдзенні. Створаны падземныя даследчыя лабараторыі па бяспечным захаванні ў Германіі, Іспаніі, Бельгіі, Швецыі, Фінляндыі, Злучаных Штатах і іншых краінах. Асноўныя адходы, якія будуць стварацца на АЭС у Астраўцы, — адходы нізкай актыўнасці: спецадзенне, інструменты, тара з-пад матэрыялаў. Распрацавана методыка па іх утылізацыі. Гаручыя матэрыялы спальваюць (радыеактыўны попел займае ў 80—100 разоў менш месца). Тое, што прасуецца, сціскаюць.
Важна памятаць, што радыяцыйныя матэрыялы ўтвараюцца не толькі праз развіццё АЭС. Радыеактыўныя і многія прыродныя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў энергетыцы і іншых галінах: вугаль, нафта, газ, гаручыя сланцы, жалезная руда. А гэта значыць, што радыеактыўнасць была на Зямлі заўжды, з моманту яе фарміравання — каля 4,5 мільрда гадоў таму.
— Праблема ў тым, што часта блытаюць паняцці «адпрацаванае ядзернае паліва» і «радыеактыўныя адходы, — працягвае прафесар. — Апошнія — гэта матэрыял, далейшае выкарыстанне якога не прадугледжана. А вось адпрацаванае ядзернае паліва, апрамененае ў рэактары, можна разглядаць як сыравіну, у якой утрымліваецца каля 300 разнастайных ізатопаў, многія з якіх каштоўныя для вывучэння і для шматлікіх галін прамысловасці. Дзякуючы гама-выпраменьванням можна даследаваць якасць металу, а ізатопы — выкарыстоўваць як кардыястымулятар. І вядучыя ядзерныя краіны займаюцца якраз не захаваннем паліва, а яго перапрацоўкай. Адзіны яе недахоп — дадатковае ўтварэнне радыеактыўных адходаў.
АЭС у Турцыі. 60 гадоў дамоўленасцяў
Турцыя ўваходзіць у дваццатку краін з найбуйнейшымі эканомікамі свету, таму робіць вялікія ўкладанні ў ахову навакольнага асяроддзя. Аднак пры гэтым на яе тэрыторыі не існуе ніводнай атамнай станцыі. Першая АЭС у краіне толькі будуецца і, як мяркуецца, будзе запушчана ў 2023 годзе, расказаў Ахмед ДЭМІРАК, эколаг, прафесар Універсітэта горада Мугла (Турцыя).
Пры гэтым у краіне з разуменнем ставяцца да глабальнага пытання аховы навакольнага асяроддзя. Большасць няўрадавых арганізацый Турцыі — аб'яднанні, якія думаюць пра экалагічную будучыню і асяродак і займаюцца экалагічнай асветай. Дысцыпліны па ахове навакольнага асяроддзя выкладаюцца больш чым у 200 вышэйшых навучальных установах.
— Адказнасць, адукацыя і ўменне дамаўляцца — тры галоўныя складнікі ў рашэнні экалагічных задач, якія стаяць перад чалавецтвам. Мы павінны несці адказнасць за тое, што робім, і мець адпаведную экалагічную адукацыю, каб людзі, якія ўзялі на сябе клопат пра экалогію і разумеюць гэтую праблему, выхоўвалі новае пакаленне. А энергетычныя кампаніі павінны не толькі забяспечваць экалагічна чыстую, устойлівую энергетыку, але і падтрымліваць ініцыятывы па ахове асяродка. Трэба памятаць, што прырода можа стаць ахвярай чалавечай дзейнасці. Калі я вучыўся на аддзяленні хіміі ў 90-я гады мінулага стагоддзя, не было ніводнага прадмета, які датычыўся б аховы навакольнага асяроддзя. Аднак цяпер, з'яўляючыся прафесарам хіміі на гэтым жа факультэце, асабіста я чытаю тры курсы, якія маюць дачыненне да тэмы аховы асяроддзя, — кажа Ахмед Дэмірак. Карыстаючыся момантам, карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з ім пра тое, як адбывалася падрыхтоўка да будаўніцтва АЭС у Турцыі.
— Параўнайце, калі ласка, карысць і рызыку ад стварэння атамнай электрастанцыі ў краіне?
— Турцыі неабходны доступ да энергіі, каб не залежаць ад знешніх пастаўшчыкоў энерганосьбітаў. Для нашай эканомікі гэта карыснае рашэнне, бо 7,7 % патрэб краіны ў энергіі можна будзе пакрываць за кошт той, што будзе вырабляцца на АЭС. А работа па абгрунтаванні неабходнасці АЭС у Турцыі ўвогуле і па падрыхтоўцы неабходнай для будаўніцтва базы вядзецца ўжо 60 гадоў. Так што гэта не спантаннае рашэнне, а вынік дэталёвай прапрацоўкі магчымых варыянтаў і пляцовак для ўзвядзення.
Безумоўна, існуе пэўная рызыка ад стварэння АЭС, аднак яна звязана з тым, як будуць нейтралізаваны адходы пасля завяршэння жыццёвага цыкла станцыі.
— Здаецца, 7,7 — працэнт не надта значны, няўжо такога паказчыка дастаткова, каб ствараць у краіне атамную энергетыку? Ці не хапае альтэрнатыўных відаў энергіі?
— Турцыя валодае двума рэсурсамі, якімі яна можа скарыстацца для росту ўласнай эканомікі. Гэта гідра- і цеплаэлектрастанцыі, якія працуюць на вуглі, аднак абодва варыянты досыць затратныя для атрымання энергіі. А з дапамогай аднаўляльнай энергіі сонца і ветру, як сведчаць разлікі, мы зможам забяспечыць вельмі невялікую частку патрэб краіны, хоць затраты на развіццё падобнай энергетыкі досыць сур'ёзныя. Турцыі неабходна валодаць атамнымі тэхналогіямі, аднак пры гэтым трэба дакладна размяжоўваць паняцці «атамнай тэхналогіі»
і «ядзернай зброі». Мы за адсутнасць зброі і за мірны атам.
— Як удалося дасягнуць грамадскага прыняцця будаўніцтва АЭС і наладзіць дыялог з людзьмі, каб яны паверылі ў бяспеку і карысць атама?
— У грамадскай свядомасці пакуль не забытая чарнобыльская трагедыя і здарэнні на Фукусіме, дзе працягваецца пэўная эмісія і актыўнасць. Гэтыя фактары засталіся ў сацыяльнай памяці і ўзрушаюць свядомасць людзей, нараджаюць адчуванне рызыкі.
Згодна з вынікамі анкетавання 2012 года, якое мы праводзілі ў Турцыі, 63 % насельніцтва выказалася супраць будаўніцтва АЭС. Аднак гэта было абумоўлена не пратэстам супраць рэальнага ўздзеяння станцыі на наваколле, а разуменнем высокай рызыкавай нагрузкі гэтага праекта. Астатнія 37 % адказалі, што падтрымліваюць атамную энергетыку, бо краіна ў сваім эканамічным развіцці мае патрэбу ў энергіі. Дарэчы, у такіх жа прапорцыях галасы рэспандэнтаў падзяліліся і пры выказванні свайго стаўлення да будаўніцтва гідраэлектрастанцыі, якое так ці інакш робіць шкоду пэўнаму рэгіёну і ўплывае на яго экалагічную абстаноўку.
Што датычыцца сённяшняй дасведчанасці турэцкага насельніцтва, то абсалютная большасць цяпер разумее, што калі АЭС будзе збудавана надзейным падрадчыкам, то ніякіх пытанняў па яе дзейнасці не ўзнікне. Дарэчы, атамную станцыю ў нас будуе кампанія «Расатам» — тая ж арганізацыя, якая адказвае за ўзвядзенне Беларускай АЭС і вядомая сваімі атамнымі праектамі ва ўсім свеце.
— Што вы як эколаг можаце параіць для пераадолення радыефобіі, што з'явілася ў насельніцтва Беларусі пасля аварыі на ЧАЭС?
— Адкажу як жыхар чарнаморскага ўзбярэжжа Турцыі, дзе я вырас. Гэта мясціны, дзе расце чай, — менавіта тут пасля чарнобыльскай аварыі існаваў найбольшы ў краіне ўзровень забруджанасці, зафіксаваны рост анкалагічных захворванняў. Калі я вырас і стаў прафесарам, звярнуўся ў турэцкае ведамства па атамнай энергетыцы, каб даведацца, ці праўда, што рост анкахвароб быў звязаны з аварыяй. Калі казаць аб'ектыўна, то нейкі працэнт хвароб можна сапраўды спісаць на чарнобыльскую трагедыю. Аднак асноўны рост анкалагічна хворых на ўзбярэжжы тлумачыцца выкарыстаннем угнаенняў, асабліва нітратаў, у вытворчасці чаю і фундука. Так што народная пагалоска значна перабольшыла ў той час рэальную карціну.
Правільнае інфармаванне і асвета прыносяць вынік. Цяпер фобіі значна меншыя, чым раней. У большасці людзей страх пераадолены, і яны падтрымліваюць атамную галіну энергетыкі, бо разумеюць, што эканоміка краіны мае ў ёй патрэбу. Страх, навеяны здарэннем на ЧАЭС, — тое, што агульнымі намаганнямі было перабольшана ў маштабах з дапамогай у тым ліку і СМІ. Тым не менш сучасныя АЭС будуюцца па тэхналогіях, якія загадзя мінімізуюць магчымыя рызыкі, таму падстаў для хваляванняў няма.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/energetyka
[4] https://zviazda.by/be/tags/atamnaya-elektrastancyya-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/aes
[6] https://zviazda.by/be/tags/radyyoaktyunasci
[7] https://zviazda.by/be/tags/saharauskiya-chytanni-2019-goda-ekalagichnyya-prablemy-xxi-stagoddzya