Іх беларускія аматары сярэднявечнай музыкі слухалі дзесяцігоддзямі. Нямецкі гурт Corvus Corax — у ліку тых, каго варта ведаць усім. Не так даўно гурт завітаў у Беларусь, каб упершыню выступіць на фэсце «Наш Грунвальд». Кастус Рабензанг і Гарман дэр Дрэшэр, ён жа Норы, пагутарылі з нашым карэспандэнтам пра Грунвальдскую бітву, Game of Thrones і пра тое, чаму варта слухаць сярэднявечную музыку.
— Вы выступалі на фэсце, прысвечаным Грунвальдскай бітве. Можаце ўзгадаць, што гэта за падзея?
Кастус:
— Мы ў Беларусі ўпершыню, але маем тут сяброў, якія нас падтрымліваюць. Яны нам крыху расказалі пра гэтую падзею. Па шчырасці, мы не ведаем, што ўяўляе яна ў гістарычнай перспектыве, але нам усё цікава.
— Магу вам расказаць. Германскія рыцары прыйшлі на гэтыя землі і былі пераможаны.
Кастус:
— Многія гістарычныя факты могуць быць апісаны такім чынам. Адна краіна пайшла з вайной на іншую і была пераможана. Мы гэта часта чуем.
— Часта прымаеце ўдзел у фестывалях гістарычнай музыкі?
Кастус:
— Так, мы ж ствараем гістарычную музыку.
— Corvus Corax выконвае песні на розных мовах. Вы іх разумееце?
Норы:
— Натуральна, разумеем. Мы спяваем песні на вельмі старажытных мовах. Цалкам на іх мы не размаўляем, але перад выкананнем перакладаем. Мне важна ведаць, пра што я спяваю. Пры гэтым мне дапамагаюць сябры з розных універсітэтаў. Менавіта яны вучаць нас, як спяваць на старажытных мовах.
— А калі больш дакладна?
Норы:
— Напрыклад, як мы павінны вымаўляць словы.
Кастус:
— Старажытныя вершы многія слухачы не разумеюць. Тыя ж песні вікінгаў.
— Вы ўпершыню ў Беларусі. Як можаце апісаць першыя ўражанні?
Кастус:
— Я быў тут раней, калі ехаў з Берліна ў Маскву на цягніку. Гэта было шмат гадоў назад. З таго часу многае змянілася. Я родам з Усходняй Германіі, таму заўсёды многа чытаў пра Беларусь. З самага дзяцінства хацеў сюды прыехаць. І вось мы тут, каб сыграць. Мы ведаем музыкантаў з Irdorath. Яны казалі, што мы для іх — героі.
— Дык вы героі для ўсіх музыкантаў, хто іграе сярэднявечную музыку.
Кастус:
— Ну, а што, гэта нядрэнна (смяецца).
— Не так даўно вы перарабілі галоўную музычную тэму серыяла Game of Trones. Навошта?
Норы:
— Прадзюсар серыяла шукаў каманду, якая магла б гэта выканаць. Нас знайшлі праз інтэрнэт. І мы падумалі, ваў, як крута, давайце зробім.
— Вам спадабалася? Хацелася б змяніць фінал сезона?
Кастус:
— Так. Але навошта яго мяняць?
Норы:
— Калі вы пагледзіце першы сезон, то пабачыце мяне і нашы інструменты.
— Вы там ігралі?
Норы:
— Так, мы ведалі прыдзюсара і кампазітара.
Кастус:
— Нам прапаноўвалі працягнуць супрацоўніцтва, але тады ў нас быў тур, таму адмовіліся. Па шчырасці, калі б на той час ведалі, якой з’явай стане гэты серыял, то адмовіліся б ад многіх праектаў. Але тады мы сталі б надта знакамітымі (смяецца).
— У Германіі сёння многа гуртоў іграюць музыку ў вашым стылі. Цяжка з імі спаборнічаць?
Кастус:
— Напэўна, зараз варта весці размову пра трэцяе ці чацвёртае пакаленне прыхільнікаў сярэднявечнай музыкі. А мы былі ў свой час першымі. Людзі могуць не ведаць нас, проста іграюць нашу музыку. Гэта смешна, бо мы не проста выконваем старажытную музыку, мы яе мяняем. Гэта зразумела: ніхто не ведае, якой насамрэч была музыка ў тыя часы, як карыстацца тымі інструментамі.
Норы:
— На той час нам падавалася, што мы шукалі дыназаўра. Вывучалі навакольнае асяроддзе, інструмент...
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryna-vesyaluha
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzyka