Пачынаючы з 12 жніўня, вядучыя, мабыць, самай народнай тэлепраграмы «Беларуская часінка» зноў заступаюць на дзяжурства ў студыі і гатовыя дапамагаць суайчыннікам вырашаць камунальныя, спажывецкія, юрыдычныя і многія іншыя праблемы.
Адна з вядучых праекта Саша Снегіна, якая пабывала гэтым летам на малой радзіме на Брэстчыне, прызналася, што нават там збірала ў месцічаў рэцэпты, як справіцца з той ці іншай складанай сітуацыяй. Пэўныя выклікі зрабілі самі сабе і іншыя вядучыя «Беларускай часінкі»: напрыклад, Алег Ціткоў другі раз пакарыў Карпаты, Канстанцін Юманаў натхніў
10-гадовага сына праехаць на веласіпедзе 42 кіламетры за тры гадзіны, а Уладзімір Богдан накруціў сотні кіламетраў на матацыкле, знаходзячы маршруты для новых серый праграмы «Я хачу гэта ўбачыць»... Апошнія дні расслабляюцца ў водпуску таксама Юлія Заўгародняя і Алена Спірыдовіч, якія запэўнілі, што гатовыя выйсці на работу і пачаць новы сезон «Беларускай часінкі» ў любы момант.
Нагадаем, па панядзелках вядучыя будуць разбіраць праблемы, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Таварыства абароны правоў спажыўцоў і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, па аўторках прымаюць званкі і гісторыі на «гарачую камунальную лінію» разам са спецыялістамі ЖКГ, а па серадах на пытанні адказвае вопытны адвакат Галіна Камароўская, якой дапамагаюць дадаткова па-за эфірам адвакаты Кацярына Ляўчук і Дзмітрый Праневіч. «Кожную сераду з 17 да 18 гадзін можна звярнуцца ў рэдакцыю праграмы на нумар 389-60-73, і нашы дзяжурныя адвакаты пракансультуюць ахвотных», — расказалі стваральнікі праграмы.
Месца і час сустрэчы праграмы з гледачамі не зменіцца — з панядзелка да чацвярга а 17-й гадзіне.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/telepragrama
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-chasinka