Летнія месяцы для вадналыжнага спорту багатыя на буйныя міжнародныя турніры. У канцы ліпеня ў Іспаніі прайшоў чэмпіянат Еўропы. Зборная Беларусі ўжо звыкла для вадналыжнага свету аказалася сярод фаварытаў кантынента. Тытулаваны навапалачанін, шматразовы чэмпіён свету і Еўропы Аляксей Жарнасек заваяваў залаты медаль у фігурным катанні. Яшчэ адна беларуска Ганна Стральцова выйграла «серабро» ў скачках з трампліна. У суме мнагабор'я (фігурнае катанне, скачок з трампліна і слалам) Ганна заняла другое месца, трэцяе — у яшчэ адной беларускі Аляксандры Данішэўскай. У агульнакамандным заліку чэмпіянату зборная Беларусі размясцілася на другім месцы, апярэдзіць яе змаглі толькі французскія вадналыжнікі. Сёння ў Малайзіі стартуе чэмпіянат свету, дзе на найвышэйшыя ўзнагароды зноў будуць прэтэндаваць беларускія спартсмены.
Гарачая спаборніцкая пара стала добрай нагодай для інтэрв'ю з беларускім рэкардсменам свету Аляксеем Жарнасекам. Дарэчы, яго рэкорд з 2011 года так і не пабіты, у 2016-м навапалачанін быў прызнаны найлепшым вадналыжнікам свету. Сёння яму 39 гадоў, і ён працягвае трымацца ў лідарах. Адкуль у Наваполацку з'яўляюцца такія «зоркі» і на якім рахунку беларускія водныя лыжы, Аляксей расказаў у размове з карэспандэнтам «Звязды».
«Я трапіў у кола аднадумцаў»
Застаць вядомага вадналыжніка ў Беларусі вельмі цяжка, пераезды ў яго жыцці займаюць каля шасці месяцаў у годзе, напрыклад, зараз ён знаходзіцца ў Малайзіі, а больш за ўсё часу пакуль што праводзіць у ЗША. Ва Фларыдзе найбольш камфортныя ўмовы для трэніровак, тлумачыць спартсмен.
— Працую там даўно, таму шмат каго ўжо ведаю, ёсць сувязі і людзі, якія мне там дапамагаюць.
Аляксей адзначае, што асноўная праблема пры пераездзе ў ЗША была звязана з мовай.
— Адна рэч, калі ты вучыш яе ў школе або ўніверсітэце, а іншая, калі табе трэба мець зносіны ў Амерыцы, дзе ў кожным штаце свой акцэнт. Я трапіў у кола аднадумцаў, у ЗША трэніруецца шмат вадналыжнікаў з Еўропы, Расіі, Аўстраліі, таму розніца паміж Беларуссю і ЗША не ўспрымалася цяжка. Магу сказаць, што адчуваю сябе камфортна і ў Беларусі, і ў ЗША, і ў Еўропе.
Прыязджаць у Наваполацк у Аляксея атрымліваецца раз-два на год. Апошні візіт дома быў амаль год таму.
— Пасля чэмпіянату свету планую зноў наведаць родных. Але ў Беларусі я бываю не ў адпачынку, трэніроўкі працягваюцца, бо ў Наваполацку нядрэнная база, што дазваляе мне працягваць рыхтавацца да спаборніцтваў, а з дома, дарэчы, нават зручней ездзіць на еўрапейскія турніры.
«Алігатары не такія агрэсіўныя, як кракадзілы»
У Аляксея ўжо больш за дзесяць званняў чэмпіёна Еўропы і свету, але ён адзначае, што кожны новы тытул усё роўна мае для яго высокі кошт.
— Вядома, выйграваць турнір сёмы раз ужо не так прыемна, як першы, але ўсё залежыць ад сітуацыі, таму што кожны год спаборніцтва — гэта нейкая пэўная мэта, драма. Ты не заўсёды гатовы на ўсе сто, увесь час існуюць нейкія нюансы, супраць якіх даводзіцца змагацца, і адпаведна ад гэтага перамога становіцца не менш важнай і прыемнай, — расказвае вадналыжнік.
Вылучыць самы важны тытул у сваёй кар'еры для Аляксея аказалася проста — гэта яго першае званне чэмпіёна свету ў вадналыжным спорце за катарам.
— Для мяне гэта была вельмі значная прыступка ў жыцці, таму што чэмпіянат свету за электрацягай я выйграў у даволі раннім узросце, мне было тады 18. Гэта было крута, шмат сіл пакладзена, але тытул за катарам я выйграў толькі праз 10 гадоў. Да таго ж гэты турнір больш прэстыжны і канкурэнцыя там значна большая, — адзначае спартсмен.
Наогул, самыя прэстыжныя спаборніцтвы ў вадналыжным спорце — чэмпіянат свету, ён праходзіць раз на два гады. Цяпер Аляксей рыхтуецца да чарговага такога старту ў Малайзіі і, як заўсёды, ставіць перад сабой найвышэйшыя мэты. «Трэба перамагчы!» — кажа ён. Рэкорд у водных лыжах, пастаўлены беларусам у 2011 годзе, трымаецца дагэтуль, але ў плане ў навапалачаніна новыя здзяйсненні.
— Каб адбыўся новы рэкорд, павінны сысціся ўсе зоркі: добрая форма, выдатнае надвор'е, стадыён, суддзі. Прадказаць гэта немагчыма. Спроб было ўжо шмат, спадзяюся, у мяне яшчэ атрымаецца.
Дарэчы, сярод фактараў, ад якіх залежыць поспех выступлення вадналыжнікаў, — надвор'е і тып вадаёма, на якім выступаюць спартсмены.
— Ідэальныя ўмовы — гэта калі няма ветру, значыць, вада будзе гладкая. Пажадана, каб берагі былі пабудаваны пад ухілам, каб спартсменам не перашкаджалі адбойныя хвалі. Нюансаў шмат, аж да таго, што выступленне залежыць ад шчыльнасці вады, ад гэтага залежыць і хуткасць. Лепш за ўсё спаборнічаць на азёрах, якія выкапаны адмыслова пад наш від спорту, — як правіла, там атрымліваецца паказваць найлепшы вынік. Для паспяховага выступлення лепш прыязджаць на вадаём перад турнірам і рыхтавацца да старту ўжо непасрэдна на месцы, — дзеліцца Аляксей.
Дарэчы, вадналыжнікам часам даводзіцца сутыкацца з насельнікамі воднай стыхіі — напрыклад, у тым месцы, дзе цяпер трэніруецца Аляксей, водзяцца алігатары.
— Яны сапраўды там ёсць, але алігатары не такія агрэсіўныя, як кракадзілы ў Аўстраліі, якія, калі ты ў вадзе, адразу нападаюць. Да таго ж алігатары не дурныя, пад катар не лезуць. Часам сустракаюцца невялікія змеі, чарапахі, але гэта ўжо не выклікае ніякага здзіўлення.
«Базы не было, толькі некалькі вагончыкаў»
Цяпер Аляксею Жарнасеку 39 гадоў, але яго вынікі паказваюць, што гэта ніяк не ўплывае на канкурэнтаздольнасць беларуса, пра завяршэнне кар'еры ён яшчэ не думае.
— Я не адчуваю, што ўзрост уплывае на мае здольнасці. Гадоў дзесяць таму самым прадуктыўным часам у нашым відзе спорту было 30—35 гадоў, цяпер гэтая лічба ўсё больш павялічваецца, ёсць людзі, якім ужо за 40 і яны працягваюць выступаць. Мне здаецца, тэндэнцыя да павелічэння ўзросту назіраецца ва ўсіх відах спорту. Спартсмены прыкладаюць мноства намаганняў для аднаўлення, з'яўляецца шмат новых методык, таму ўзрост будзе працягваць павялічвацца.
А пачаў займацца воднымі лыжамі Аляксей Жарнасек у восем гадоў у Наваполацку, дзе нарадзіўся і вырас. Яго першай школай стаў знакаміты вадналыжны клуб імя М. Л. Генава. Спартсмен і сёння ўспамінае той перыяд з цёплымі пачуццямі.
— У той час, у 1988 годзе, умовы былі даволі суровыя, базы фактычна не было, толькі некалькі вагончыкаў, дзе можна было пераапрануцца, пакінуць свае рэчы, але паступова з дапамогай спонсараў — нам заўсёды дапамагаў «Палімір» — усё палепшылася. Цяпер там ужо ёсць новы катар, лыжы, інвентар. Але і раней усіх гэтых недахопаў не адчувалася — галоўнае, што заўсёды быў клопат з боку клуба і трэнераў, разуменне, што мы ўсе ідзём да агульнай мэты, — успамінае Аляксей. — З гадоў 14 я пачаў прагрэсаваць даволі хутка, быў фанатам сваёй справы і ніколі не думаў, што магу займацца чымсьці іншым. Я быў упэўнены, што выйграю чэмпіянат свету і ўвайду ў лік найлепшых вадналыжнікаў. У спорце заўсёды прыходзіць момант, калі робіцца вельмі цяжка, і толькі такая матывацыя, дакладнае разуменне таго, што ты хочаш рабіць, дапамагаюць справіцца.
«У мяне было траўмавана, напэўна, усё»
Водныя лыжы — дастаткова траўманебяспечны від спорту, можна пашкодзіць калені, галёнкаступневыя суставы, спіну, сцёгны, плечы...
— У мяне было траўмавана, напэўна, усё, — прызнаецца Аляксей. — Сур'ёзнае пашкоджанне (вывіх сцягна) было пры падзенні з трампліна. Пасля гэтага ў скачках з трамплінаў я не выступаю ўжо 12 гадоў, займаюся толькі фігурным катаннем.
Беларусь сёння знаходзіцца ў пяцёрцы найлепшых краін у вадналыжным свеце. Звычайна канкурэнцыю нашым спартсменам складаюць прадстаўнікі ЗША, Канады, Францыі і Аўстраліі.
— У нас вельмі добрая рэпутацыя, ёсць спартсмены высокага класа, ёсць юніёры.
Аляксей адзначае, што водныя лыжы як від спорту ўжо каля дваццаці гадоў спрабуюць трапіць у праграму Алімпійскіх гульняў, але адбыцца гэтай падзеі ўвесь час штосьці перашкаджае.
— Апошнія пяць гадоў суб'ектыўныя, экстрэмальныя віды спорту, такія як сёрфінг, скейтбордынг, скалалазанне, трапляюць у лік алімпійскіх. У прынцыпе водныя лыжы знаходзяцца з імі ў адной лінейцы, таму шанц ёсць. Але для нашага віду патрэбна сур'ёзная інфраструктура, думаю, не ва ўсіх краінах яна ёсць. А наогул для мяне Алімпіяда — гэта больш падзея, у якой хацелася б прыняць удзел, паглядзець, як там усё арганізавана, чым спаборніцтва. Са спартыўнага пункту гледжання, мне здаецца, Гульні — гэта пераацэненая падзея. Вакол новых відаў спорту, напрыклад, з'яўляецца шмат карупцыі, лішніх людзей, грошай, скандалаў, гэта ўжо не чысты спорт.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/spartsmen
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/turnir
[6] https://zviazda.by/be/tags/vadnalyzhny-sport
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-zharnasek