Паказальныя палёты, выступленні парашутыстаў і конкурсы для моцных і спрытных увойдуць у праграму авіяцыйна-спартыўнага свята, якое Шчучын прыме 17 жніўня. Аб гэтым паведамляе сайт [1] Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Авіяцыйны фестываль стаў адной з традыцый Шчучына. Пройдзе свята ў шосты раз. Фармат абраны не выпадкова: Шчучын называюць горадам авіятараў, тут шануюць авіяцыйныя традыцыі. Сёлетняе свята будзе прысвечаны 75-годдзю Гродзенскай вобласці і 80-гадоваму юбілею Шчучынскага аэрадрома.
"На пляцоўцы былога аэрадрома і пройдуць асноўныя падзеі. Удзельнікі змогуць азнаёміцца з гісторыяй аэрадрома, пабываць у музеі "Бункер". Разгорнецца выстава ваеннай тэхнікі і ўзбраення", - адзначылі БЕЛТА ў райвыканкаме. Цэнтральнае месца, вядома, адведзена тэме авіяцыі: запланаваны паказальныя выступленні лётчыкаў і парашутыстаў Ваенна-паветраных сілаў і войскаў СПА Беларусі. Пакажуць сваё майстэрства парапланерысты. Пры спрыяльных умовах надвор'я пройдуць дэманстрацыйныя палёты малой авіяцыі: на борт будуць браць і пасажыраў.
Кожны год у праграму ўключаюцца новыя конкурсы, выступленні, канцэрты. У гэтым годзе, напрыклад, гасцям прапануюць паспаборнічаць у кіданні мабільнага тэлефона і пераносу жонак, выявіць найлепшага ў хуткасным паглынанні дранікаў. Запланаваны спаборніцтвы па стральбе з пісталета.
Перад гледачамі выступіць вядомы беларускі асілак Кірыл Шымко. На сцэну выйдуць беларускія і замежныя зоркі, у тым ліку групы "БоніеМ" і "На-на". Завершыцца свята піксельным, вогненным і светлавым шоу.
На працягу ўсяго дня будуць працаваць гандлёвыя рады, атракцыёны, кафэ пад адкрытым небам. Уваход — 15 рублёў. Дзецям да 12 гадоў уваход бясплатны.
Спасылкі
[1] http://rcksch.by/%D0%B0%D0%BD%D0%BE%D0%BD%D1%81%D1%8B/17-avgusta-priglashaem-vsex-zhelayushhix-na-nepovtorimoe-aviashou-nebo-eshhyo-ne-predel-na-aerodrom-g-shhuchina/
[2] https://zviazda.by/be/tags/shchuchyn
[3] https://zviazda.by/be/tags/aviyacyynae-shou