Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка прыняў удзел у пасяджэнні грамадска-кансультатыўнага савета па турызме пры Міністэрстве спорту і турызму.
У мерапрыемстве таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі названага міністэрства, Нацыянальнага агенцтва па турызме, іншых міністэрстваў і арганізацый, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх аб'яднанняў у сферы турызму.
На пасяджэнні быў разгледжаны падрыхтаваны Міністэрствам спорту і турызму праект закона Рэспублікі Беларусь «Аб турызме». Законапраектам прапануецца шэраг новаўвядзенняў у турыстычнай сферы: магчымасць заключэння электроннага дагавора, даванне фінансавых гарантый спажыўцам турпаслуг і іншае. Удзельнікі мерапрыемства выказалі па праекце заўвагі і прапановы, вызначылі кірункі яго дапрацоўкі.
Напярэдадні профільным міністэрствам былі падведзены вынікі публічнага абмеркавання праекта закона «Аб турызме» на Прававым форуме Беларусі. Акрамя гэтага, прапановы па праекце накіроўваліся непасрэдна ў адрас Міністэрства спорту і турызму з дапамогай пісьмовых і электронных зваротаў.
Сярод найбольш актуальных падчас публічнага абмеркавання праекта аказаліся пытанні размежавання адказнасці турагентаў і тураператараў (парадак вызначэння салідарнасці адказнасці згаданых суб'ектаў) і ўнясенне ў гэтай сувязі магчымых змяненняў у дагаворныя адносіны паміж суб'ектам і ўдзельнікам турыстычнай дзейнасці. Шмат дыскусій выклікала прапанова ўвядзення інстытутаў фінансавай адказнасці тураператараў (дагавор страхавання грамадзянскай адказнасці, банкаўская гарантыя, фонд персанальнай адказнасці) і актуальнасць паняццяў «турагент» і «тураператар», «турагенцкая дзейнасць» і «тураператарская дзейнасць».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/zakon-ab-turyzme-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/pasyadzhenne