«У нас на прыёме няпросты пацыент — у 2014 годзе ў яго было навылётнае раненне, якое зачапіла вока. Траўма здарылася на вытворчасці. Тады зрок маладому чалавеку ўдалося захаваць. І вось праз пяць гадоў развілася сур'ёзнае ўскладненне — адслаенне сятчаткі», — каментуе, праводзячы нас па дыягнастычным кабінеце, галоўны пазаштатны афтальмолаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Таццяна ІМШАНЕЦКАЯ. Як спраўляцца з самымі складанымі захворваннямі вачэй найноўшымі метадамі, што адпавядаюць сусветным тэндэнцыям, добра ведаюць у Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры, які працуе пры 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска. Тут робяць усе віды высокатэхналагічных аперацый пры захворваннях вачэй, траўмах і іх наступствах, у тым ліку прымяняюць самыя сучасныя метады лячэння глаўкомы і катаракты, выконваюць трансплантацыі рагавіцы, а экзапратэзаванне арбіты (яе аднаўленне пасля траўмаў і анказахворванняў) не робіцца больш ні ў адной з краін СНД.
— Няма такіх кірункаў лячэння ў афтальмалогіі, якія не ажыццяўляюцца ў Беларусі, — кажа Таццяна Імшанецкая. Штогод у нас робіцца амаль 50 тысяч мікрахірургічных афтальмалагічных аперацый і больш за 2,5 тысячы высокатэхналагічных умяшанняў. У тым ліку ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры выконваецца больш за сем тысяч мікрахірургічных аперацый і амаль паўтысячы — высокатэхналагічных. Акрамя таго, штогод у Беларусі выконваецца 50 тысяч лазерных умяшанняў на органах зроку, каля 18 тысяч з іх, паводле слоў загадчыка аддзялення лазернай мікрахірургіі Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра Ігара ЗАБАРОЎСКАГА, — у яго аддзяленні, дзе працуе 10 дактароў. У асноўным гэта аперацыі пры катаракце, глаўкоме і разрыве сятчаткі. Дарэчы, лазерным афтальмалагічным абсталяваннем аснашчаны ўсе абласныя клінікі.
У гэты пералік не ўключаны аперацыі па лазернай карэкцыі зроку. Штогод каля трох-чатырох тысяч пацыентаў выпраўляюць такім чынам блізарукасць у прыватных медыцынскіх цэнтрах, каля адной тысячы — у дзяржаўных клініках.
— Мы засяроджаны на больш складаных захворваннях. У нас рэспубліканскі ўзровень аказання дапамогі і ўнікальнае абсталяванне, якое дазваляе рабіць аперацыі пры анамаліях рэфракцыі. Мы спецыялізуемся на лазернай карэкцыі з перасадкай рагавіцы пасля апёкаў і траўмаў. Лазерную карэкцыю выкарыстоўваем і пры лячэнні кератаконуса (дэгенератыўнае захворванне вачэй, пры якім рагавіца станчаецца і прымае канічную форму замест сферычнай — «Зв.»), — кажа дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, урач-афтальмолаг вышэйшай катэгорыі, кандыдат медыцынскіх навук Дзмітрый АБЕЛЬСКІ.
Асвоілі ў клініцы і яшчэ адзін унікальны метад — суперселектыўную інтраартэрыяльную хіміятэрапію для лячэння раку — рэцінабластомы. Яе выкарыстоўваюць пакуль усяго ў некалькіх клініках Еўропы — у Германіі, Швейцарыі і Францыі. Беларусь стала чацвёртай краінай, дзе асвоілі гэты метад. Ён прадугледжвае ўвядзенне хіміяпрэпарату ў вочную артэрыю. У Беларусі такім чынам ужо вылечылі 15 дзяцей.
Пацыенты з Расіі, Украіны і... Блізкага Усходу
Менавіта па ўнікальныя аперацыі едуць у Беларусь і замежнікі. Гэта і лазерная мікрахірургія, і перасадка рагавіцы, і лячэнне глаўкомы. Каля 100 тысяч долараў заплацілі замежныя грамадзяне за медыцынскія афтальмалагічныя паслугі летась. Прыязджаюць у асноўным з Расіі, Украіны і краін Бліжняга Усходу — Лівіі, Сірыі, Судана, Ірака. Па лазерную карэкцыю звяртаюцца грамадзяне Германіі і Вялікабрытаніі.
— Некаторыя пацыенты неаднаразова і часам няўдала аперыраваліся ў розных краінах — Расіі, Лівіі, Тунісе, — і яны псіхалагічна настроены захаваць тое, што ёсць. Прынцып нашай работы — нікому не адмаўляць, — прызнаецца Дзмітрый Абельскі.
Перасадка рагавіцы абыходзіцца замежніку ў суму ад дзвюх тысяч рублёў, з выкарыстаннем фемтасекунднага лазера — каля 4900 рублёў, лазерная карэкцыя — каля 1600—2200 рублёў. Дарэчы, лазерная карэкцыя для беларусаў не нашмат таннейшая — ад 1500 да 1800 рублёў.
— У Маскве лазерная карэкцыя зроку каштуе 1,5 тысячы долараў на адно вока. За гэтыя грошы ў Беларусі можна зрабіць аперацыю на два вокі, і яшчэ застануцца грошы на праезд, — кажуць спецыялісты.
Але замежнікаў прыцягвае не толькі кошт медыцынскіх паслуг, але і іх якасць, якая адпавядае сусветным стандартам.
Лячэнне катаракты, а гэта аперацыя па замене памутнелага хрусталіка, каштуе каля 800 беларускіх рублёў (без уліку цаны хрусталіка). Кошт хрусталіка можа даходзіць да 1,5 тысячы долараў. Але для беларусаў пераважная большасць аперацый, у тым ліку лячэнне катаракты, — бясплатныя. Пры гэтым прапануюць або бясплатны хрусталік беларускай вытворчасці, або платны імпартны. У 30 % выпадкаў пацыенты выбіраюць беларускі.
— У нас кожны, у каго ёсць паказанні да аперацыі, можа разлічваць на бясплатнае лячэнне самымі сучаснымі метадамі. Гэта бясшоўная хірургія — аперацыя доўжыцца каля 10 хвілін, калі выпадак няўскладнены, — адзначае Дзмітрый Абельскі.
Штогод у Беларусі робіцца каля 25 тысяч аперацый з прычыны катаракты. Гэта масавая хвароба пажылых людзей. І сёння сучасныя тэхналогіі дазваляюць аперыраваць у любым узросце: пацыенты звяртаюцца ў 90—95 гадоў і нават у 100.
— Наш хірург аперыраваў 77-гадовую пацыентку, паставіў самы просты хрусталік. А праз 15 гадоў яна прыйшла і папрасіла замяніць хрусталік на больш сучасны, — прыводзіць прыклад урач.
Пры гэтым чэргаў для беларускіх пацыентаў няма.
— Калі паталогія патрабуе неадкладнага ўмяшання — пацыент звяртаецца з адслойкай сятчаткі, перфарацыяй рагавіцы, — то чаргі не існуе, дапамога аказваецца адразу, — кажа Таццяна Імшанецкая. — З планавымі аперацыямі накшталт той жа глаўкомы даводзіцца крыху пачакаць.
Глаўкома, дарэчы, яшчэ адно распаўсюджанае захворванне. На дыспансерным уліку ў Беларусі з ім стаіць больш за 90 тысяч пацыентаў, трэць з іх — у сталіцы. Пры гэтай хваробе павышаны ўнутрывочны ціск, што вядзе да паступовага зніжэння вастрыні зроку і атрафіі зрокавага нерва, што ў рэшце рэшт заканчваецца слепатой. Вельмі важна выявіць гэта захворванне на раннім этапе, бо зрок удаецца захаваць на той стадыі, з якой пацыент звярнуўся да ўрача, — палепшыць яго, на жаль, немагчыма. У Беларусі з тэрмінальнай стадыяй глаўкомы, калі ў пацыента ўжо адсутнічае перыферычны зрок, выяўляецца 0,4 % хворых. У астатніх выпадках дыягнаставаць хваробу ўдаецца своечасова.
Каварства глаўкомы ў тым, што на пачатковых стадыях яна не мае асаблівых сімптомаў — у адрозненне ад катаракты, калі пацыент бачыць заслону перад вачыма, ці адслаення сятчаткі, калі перад вачамі з'яўляюцца «маланкі».
— Пры глаўкоме доўгі час цэнтральны зрок захоўваецца, а вось перыферычны паступова траціцца. І людзі гэта рэдка заўважаюць самі, — тлумачыць Дзмітрый Абельскі.
Таму ўсе паліклінікі аснашчаны неабходным абсталяваннем для кантролю ўнутрывочнага ціску і падчас дыспансерызацыі праводзіцца скрынінг. Пры падазрэнні на глаўкому пацыента накіроўваюць на больш глыбокае абследаванне. Лячэнне пачынаецца з кропель. Але ёсць і метады лазернай хірургіі. Аперацыя займае 5—10 хвілін, пацыенту няма неабходнасці знаходзіцца ў стацыянары. І ён пазбаўляецца ад неабходнасці выкарыстоўваць кроплі калі не цалкам, то часткова.
Адзіны ў сталіцы кабінет кругласутачнай неадкладнай дапамогі таксама знаходзіцца ў Рэспубліканскім афтальмалагічным цэнтры. Штосуткі сюды звяртаецца да 150 чалавек — як самастойна, так і па накіраванні паліклінік. Пераважна — з вострымі станамі. Тут праводзяць дыягностыку і аказваюць неадкладную дапамогу, напрыклад выдаляюць іншароднае цела.
— Вялікі наплыў пацыентаў у нас, як правіла, у пачатку тыдня, калі людзі вяртаюцца з дачы. Тры дні ці тыдзень цярпелі, а калі цярпець стала немагчыма, звяртаюцца да нас, — расказвае Уладзімір Рубіс, загадчык аддзялення мікрахірургіі вока № 2. — Сёння дачнікі маюць добрае аснашчэнне — пілы, балгаркі. Здымаюць з іх ахову, бо так зручней працаваць, і траўміруюцца. Дастаўляюць да нас людзей і з вытворчымі траўмамі, але апошнім часам іх стала істотна менш.
Каб захаваць зрок
Захаваць зрок дапамагаюць элементарныя правілы здаровага ладу жыцця і гігіены працы. Большасць пацыентаў афтальмолагаў — людзі з вялікай зрокавай нагрузкай. Таму варта правільна арганізаваць сваё рабочае месца. Камп'ютарны манітор павінен стаяць строга насупраць вачэй, каб не даводзілася паднімаць ці апускаць галаву. Седзячы за маніторам, мы забываем часта міргаць, слізістая вока перасыхае. Таму рэкамендуецца выкарыстоўваць кроплі — замяняльнікі слязы. Важна падтрымліваць і водны баланс. Правільнае харчаванне таксама дапаможа захаваць зрок. Морква і чарніцы, а таксама біялагічна актыўныя дабаўкі з імі дапамогуць вачам спраўляцца з нагрузкай.
Алена КРАВЕЦ
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/vochy
[6] https://zviazda.by/be/tags/aftalmalogiya