Арганізатары адзначаюць, што змянілася пляцоўка, але не мяняецца тое, што ўжо стала візітнай карткай спаборніцтваў у Беларусі: прадстаўнічы склад удзельніц, добрая арганізацыя і добразычлівая атмасфера. З 16 да 18 жніўня ў Мінску выступяць 230 гімнастак з 36 краін.
Беларусь прадстаўляюць Кацярына Галкіна, Анастасія Салас і каманда ў групавых практыкаваннях — Анастасія Рыбакова, Карына Ярмоленка, Арына Цыцыліна, Ганна Швайба, Ганна Гайдукевіч і Арына Сушчынская. Акрамя беларусак за ўзнагароды Кубка свету БСБ Банк змагаюцца многія зорныя гімнасткі. Сярод іх шматразовыя чэмпіёнкі свету расіянкі Дзіна і Арына Аверыны, двухразовая чэмпіёнка ІІ Еўрапейскіх гульняў, прызёр чэмпіянатаў свету, пераможца шматбор'я мінулага мінскага этапу ізраільцянка Ліна Ашрам, прызёры чэмпіянату свету Невіяна Владзінава і Бора Калейн з Балгарыі, італьянкі Мілена Бальдасары і Аляксандра Аджырджыкулезе, японка Кахо Мінагава, украінка Улада Нікольчанка.
«Кожная спартсменка, прыходзячы ў залу, разумее, што яе найвышэйшая мэта — Алімпійскія гульні, і гэта гадзіна ўсё бліжэйшая, — кажа галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская. — Наш этап дапаможа Кацярыне Галкінай і Анастасіі Салас (запаснымі будуць Аліна Гарнасько і Юлія Еўчык) праверыць свае сілы, убачыць, што выправіць, прыехаць на чэмпіянат свету ў Баку і заваяваць ліцэнзіі ў Токіа».
Найвышэйшы ўзровень спаборніцтваў будзе і ў групавых практыкаваннях, дзе канкурэнцыю двухразовым пераможцам ІІ Еўрапейскіх гульняў беларускам паспрабуюць скласці каманды Расіі, Украіны, Італіі, Балгарыі, Азербайджана і Японіі.
Нагадаем, на мінулым дамашнім этапе Кубка свету зборная Беларусі заваявала сем узнагарод. Уваход на трыбуны Палаца мастацкай гімнастыкі вольны.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiec
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport