Па якіх прычынах памежнікі забараняюць выезд з Беларусі, чаму іх замежныя калегі могуць не дазволіць уезд у сваю краіну пры наяўнасці візы і за якія дзеянні ў пункце пропуску можна атрымаць штраф –– пра гэта і многае іншае ў нашым аглядзе.
Як праверыць: выязны або не
У нашай краіне існуе банк дадзеных аб грамадзянах, якім часова забаронены выезд з Беларусі. У яго трапляюць асобы, якія валодаюць дзяржаўнай таямніцай і гэта, бадай, самая малая катэгорыя, якая да таго ж ведае пра свой статус. Як і маладыя людзі, якія атрымалі позву на службу ў арміі, але не «адзначыліся» ў ваенкамаце. А вось хто дзівіцца на мяжы, што яму не дазваляюць выезд, дык гэта асобы, якія завінаваціліся па выплаце аліментаў або «камуналкі». Гэтак жа «чырвонае» святло на мяжы загараецца для тых, у каго даўгі па падатках, крэдытах і пазыках у банкаў і фізічных асобаў, пры ўмове, што справе далі афіцыйны ход. Прасцей кажучы, ёсць рашэнне суда аб часовым абмежаванні права грамадзяніна на выезд з краіны. Як толькі доўг згашаны, асоба выдаляецца са спісу «невыязных».
Закрыта мяжа і для тых, хто знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам, падазраваных і абвінавачаных па крымінальных справах, да якіх прыменена мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе. Асуджаныя за здзяйсненне злачынства не могуць выехаць, пакуль не адбудуць пакаранне. Зразумела, гаворка ідзе пра пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі. Выключэнне з гэтага правіла — асобы, да якіх прыменена пакаранне ў выглядзе забароны займаць тыя ці іншыя пасады.
Сёлета ў беларусаў з'явілася магчымасць самастойна даведацца, ці не знаходзяцца яны ў спісе «невыязных». Для гэтага трэба зайсці на сайт МУС Беларусі, знайсці раздзел «Сэрвісы», стварыць асабісты кабінет і скарыстацца опцыяй «Праверка абмежавання выезду з Рэспублікі Беларусь». Па–ранейшаму гэтыя звесткі і нават даведку можна асабіста атрымаць у падраздзяленнях па грамадзянстве і міграцыі. Важна ведаць: не трэба ехаць для атрымання такога дакумента ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў па месцы сталай рэгістрацыі грамадзяніна, а можна звярнуцца ў бліжэйшае падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы фактычнага пражывання.
Таксама памежнікі забараняюць выезд з краіны грамадзянам з пратэрмінаванымі і непрыдатнымі для выкарыстання пашпартамі. Згодна закону, гэта разглядаецца як спроба перасекчы мяжу па несапраўдным дакуменце, за што прадугледжаны штраф у памеры да пяцідзесяці базавых велічынь.
«Нярэдка людзі ў апошні момант зазіраюць у пашпарт, калі ўжо пуцёўка набытая і да ад'езду засталося некалькі дзён. Падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі маюць магчымасць аформіць пашпарт у паскораным рэжыме, –– кажа намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінскай вобласці Іна Ляліна. –– Таксама хачу нагадаць, што калі чалавек згубіў пашпарт, атрымаў новы, а потым знайшоў стары, то нават калі ў ім ёсць дзеючая шэнгенская віза, не варта збірацца за мяжу. Стары пашпарт знаходзіцца ў базе згубленых дакументаў і мае статус несапраўднага. Адпаведна, прад'яўленне такога дакумента памежнікам з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем».
Карысная інфармацыя. Стандартны тэрмін афармлення пашпарта — адзін месяц, дзяржпошліна складае 1 базавую велічыню. Дзецям ва ўзросце да 14 гадоў пашпарт афармляецца бясплатна. За тэрміновы выраб пашпарта давядзецца даплаціць:
Рэгіён |
Тэрмін афармлення і кошт |
Тэрмін афармлення і кошт |
Мінск і абласныя цэнтры |
7 дзён –– 2 БВ |
15 дзён –– 1 БВ |
Раённыя цэнтры і вёскі |
няма |
15 дзён –– 1 БВ |
За сэлфі на мяжы — штраф
Паводзіны грамадзяніна ў пункце пропуску строга рэгламентуюцца. Напрыклад, нельга бегчы ў краму duty free да праходжання пашпартнага і мытнага кантролю. Катэгарычна забаронена рабіць сэлфі, іншыя фота на мяжы. І ўвага: нельга размаўляць па мабільным тэлефоне, калі гэта перашкаджае супрацоўнікам мытні або памежнікам ажыццяўляць свае функцыі. Усе гэтыя і шэраг іншых дзеянняў кваліфікуюцца як парушэнне рэжыму ў пункце пропуску. Як растлумачылі ва ўпраўленні пагранічнага кантролю Дзяржпагранкамітэта Беларусі, у адпаведнасці з арт. 23.32 «Парушэнне рэжыму ў пунктах пропуску праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь» КаАП, на грамадзяніна можа быць накладзена пакаранне ў выглядзе папярэджання або штрафу ў памеры да 50 базавых велічынь, але гэта не прадугледжвае забароны на выезд за мяжу. А калі гаворка ідзе пра замежніка, то ён можа быць і дэпартаваны.
Беларускія памежнікі не раз папярэджвалі праз СМІ грамадзян: нічога нельга пакідаць у пашпарце, асабліва грошы. Бо з якім бы намерам чалавек ні паклаў у пашпарт купюру, гэта будзе кваліфікавацца як замах на дачу хабару службовай асобе. А гэта ўжо зусім не адміністрацыйная адказнасць.
Стоп-сігнал ад замежных абаронцаў рубяжоў
Перш за ўсё трэба разумець, што наяўнасць візы – гэта яшчэ не 100%-ны пропуск за мяжу. Іншаземныя памежнікі маюць права не прапусціць грамадзяніна, калі ён не зможа дакладна назваць мэту візіту. А калі яшчэ няма броні жылля, недастаткова грашовых сродкаў, то шанцы зусім невялікія. Вядома, не кожнага чалавека памежнікі падрабязна распытваюць, а толькі тых, хто па якіх-небудзь прычынах выклікае сумневы. Здавалася б, простыя пытанні: куды едзеце, мэта паездкі, але на ўласныя вочы бачыла, як чалавек спачатку ўпаў у ступар, потым казаў: «Не ведаю». Броні жылля у яго таксама не было, варыянт «пагляджу на месцы» вартавых мяжы не задавальняў.
У адпаведнасці з патрабаваннямі Візавага кодэкса ЕС, тэрмін дзеяння пашпарта павінен перавышаць дату мяркуемага выезду іншаземца з тэрыторыі Еўрасаюза не менш чым на тры месяцы. Памежнікі бязвізавых краін таксама звяртаюць увагу на тэрмін дзеяння пашпарта, і калі ён заканчваецца ў бліжэйшы час, могуць адмовіць ва ўездзе.
Карысная інфармацыя. Калі падчас знаходжання грамадзяніна Беларусі за мяжой скончыўся тэрмін дзеяння яго пашпарта, ён можа звярнуцца ў пасольства нашай краіны і атрымаць пасведчанне на вяртанне. Таксама гэты дакумент неабходны ў выпадку страты/крадзяжу пашпарта за мяжой альбо калі ён прыйшоў у непрыдатнасць (размытая пячатка, выдраныя старонкі, запісы ад рукі, дзіцячыя малюнкі). Для грамадзян, старэйшых за 14 гадоў, прадугледжана аплата консульскага збору ў памеры 20 еўра за пасведчанне на вяртанне. Так што танней і прасцей замяніць пашпарт з тэрмінам дзеяння перад паездкай за мяжу.
Замежныя памежнікі могуць адмовіць ва ўездзе ў іх краіну ў выпадку выяўлення праблем з пашпартам або візай; калі некарэктна выкарыстоўваецца віза; калі адсутнічаюць або фальсіфікаваныя дакументы, якія пацвярджаюць мэты і ўмовы знаходжання, або няма медыцынскай страхоўкі. Непераадольнай перашкодай будзе фігураванне чалавека ў нацыянальным «чорным спісе» або ў агульнаеўрапейскай базе дадзеных асобаў, якія ўяўляюць небяспеку для грамадскага парадку ці знаходзяцца ў вышуку. Таксама трэба сачыць за тэрмінам знаходжання ў краіне/краінах па візе. Памежнікі маюць права пацікавіцца ці дастаткова ў чалавека грашовых сродкаў на плануемы тэрмін знаходжання і вяртанне дадому.
Што тычыцца фінансаў, то, напрыклад, на сайтах амбасадаў Польшчы і Літвы ў Беларусі выразна выкладзены патрабаванні па суме сродкаў. Па агульных правілах, для ацэнкі сродкаў да існавання памежнікі выкарыстоўваюць сярэднія цэны ў сваёй краіне, доказам з'яўляюцца наяўныя грошы, чэкі і банкаўскія карткі.
Таксама варта азнаёміцца са спісам тавараў, забароненых для перамяшчэння праз мяжу. Напрыклад, калі чалавек вязе ў ЕС свежае мяса, прадукт давядзецца знішчыць і можна працягваць шлях, а вось калі ў багажы апынуцца псіхатропныя сродкі, хай сабе і ў выглядзе лекавых прэпаратаў, тут ужо не пра працяг паездкі трэба думаць, а тэлефанаваць консулу і шукаць адваката.
Карысная інфармацыя. У адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах, кампетэнтныя органы краіны знаходжання павінны апавяшчаць консульскую ўстанову аб інцыдэнтах з грамадзянінам іншай дзяржавы. Гаворка ідзе пра арышт, заключэнне ў турму або узяцце пад варту ў чаканні суда. У залежнасці ад пагадненняў паміж краінамі, нехта паведамляе неадкладна, іншыя –– на працягу некалькіх сутак. Аднак не ўсякае затрыманне падпадае пад дзеянне Канвенцыі. Напрыклад, калі іншаземныя памежнікі забаранілі ўезд грамадзяніну нашай краіны і вырашылі яго дэпартаваць, то паведамляць пра гэта беларускаму консулу яны не абавязаныя.
На іншаземных пунктах памежнага пропуску дзейнічаюць тыя ж правілы, што і на беларускіх: нельга хадзіць, дзе і калі захочацца; пад забаронай фота і тэлефонныя размовы падчас працы памежнікаў і мытнікаў. Вядомыя выпадкі, калі нашы суграмадзяне, атаварыўшыся ў duty free, распівалі спіртныя напоі на нейтральнай тэрыторыі. Памежнікі не прапусцілі іх менавіта па прычыне няцвёрдага стаяння на нагах і абуральных паводзінаў. Трэба ўлічваць, што памежнікі любой краіны лаяльней ставяцца да сваіх грамадзянаў, чым да іншаземцаў. Таму могуць не толькі сёння не прапусціць, але і паставіць у пашпарт штамп, які забараняе ўезд у краіны ЕС на пэўны тэрмін.
Правіла першага ўезду: праўда ці міф
«Афіцыйна правіла першага ўезду не існуе, –– кажа юрыст–міжнароднік Антаніна Іванова. –– Аднак трэба прытрымлівацца нормаў Візавага кодэкса ЕС: з хадайніцтвам аб атрыманні аднаразовай візы трэба звяртацца ў пасольства краіны, якая з'яўляецца асноўнай мэтай паездкі, а шматразовай –– у дыппрадстаўніцтва дзяржавы, якую маюць намер наведваць часцей за іншыя. Бывае, што чалавек плануе пабываць у некалькіх краінах, тады разумна адкрываць візу ў пасольстве дзяржавы, праз якую будзе перасякаць мяжу Шэнгенскай зоны.
Па шматразовай шэнгенскай візе, выдадзенай, напрыклад, Польшчай, можна заязджаць і ў Літву, а потым накіроўвацца ў Польшчу. Нават для аднаразовых візаў няма патрабавання ўязджаць толькі праз краіну, якая выдала візу. Але чаму ж тады на мяжы ўзнікаюць праблемы? Справа ў тым, што пытанні ўезду рэгулююцца ўжо не Візавым кодэксам ЕС, а Шэнгенскім кодэксам аб межах. І згодна з артыкулам 6 гэтага Кодэкса, кароткатэрміновая віза не дае аўтаматычна права на ўезд у Шэнгенскую зону. Менавіта таму памежнікі вызначаюць, ці могуць яны дазволіць уезд пэўнай асобе. Для гэтага яны карыстаюцца базамі дадзеных, задаюць тыя самыя пытанні пра мэты паездкі і г. д. Таксама яны валодаюць методыкамі, па якіх «вылічаюць» чалавека для больш дбайнай праверкі. Прасцей кажучы, памежнікі выконваюць сваю працу, і яны не абавязаныя даваць справаздачу аб матывах сваіх дзеянняў. А людзі ж самі прыдумляюць тысячу тлумачэнняў, у тым ліку аб правіле першага ўезду».
Між тым трэба разумець, што кожная дзяржава карыстаецца і сваім унутраным заканадаўствам, а не толькі міжнародным. Таму ў адной краіне дастаткова ліберальнае стаўленне да тых жа «чужых» візаў, у іншай – больш строгае.
Эксперт нагадвае: каб пазбегнуць праблем, трэба карэктна выкарыстоўваць візу. Напрыклад, атрымаць яе ў пасольстве Венгрыі, і пастаянна ездзіць у шоп–туры ў Вільнюс вельмі неразумна. «Пры наступнай падачы на візу консульскія работнікі вызначаць, што ў Венгрыю чалавек не ездзіў, бо за адзін дзень праз Вільнюс такое наўрад ці магчыма, і на гэтай падставе адмовяць у выдачы візы», –– патлумачыла Антаніна Іванова. Яшчэ адна прычына для такога дзеяння –– калі грамадзянін здзейсніў правапарушэнне ў краіне знаходжання.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/vizy
[4] https://zviazda.by/be/tags/myazha