Супрацоўнікамі Пінскага пагранічнага атрада распачатыя крымінальныя справы ў дачыненні да вытворцы і заказчыка падробных дакументаў. За парушэнне закона мужчынам пагражае да двух гадоў абмежавання волі, паведамляе Дзяржпагранкамітэт [1].
У рамках праверкі аператыўных звестак пра факты падробкі дакументаў, памежнікі выйшлі на грамадзяніна Беларусі, які падаў у дзяржорганы падробленую даведку аб пацвярджэнні працоўнага стажу для налічэння пенсіі.
У выніку комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў памежнікі затрымалі зламысніка.
Ім аказаўся 62-гадовы мастак, які, як высветлілася, займаўся вырабам і падробкай нелегальнага «тавару» на працягу доўгага часу. Акрамя таго, у 90-я жыхар Кобрына ужо трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за «творчасць» з грашовымі купюрамі.
Пры аглядзе яго жылля памежнікі выявілі беларускія, украінскія і польскія пашпарты, пасведчанні аб заключэнні шлюбу і аб нараджэнні, атэстаты аб сярэдняй адукацыі, ваенны білет, бланкі працоўных кніжак і дыплом аб вышэйшай адукацыі з дадаткам.
Спасылкі
[1] https://www.gpk.gov.by/news/gpk/59088/
[2] https://zviazda.by/be/tags/zlachynstva